Пакаянне не дапамагло. У РФ стварылі свой блэк-ліст музыкаў, куды трапілі ўдзельнікі «голай вечарынкі»
У лютым 2024 года расійскія прадзюсары і прамоўтары атрымалі новы спіс з 50 музычных артыстаў і аб'яднанняў, «забароненых да канцэртнай дзейнасці» ў Расіі. Пра гэта паведаміла «Медуза» са спасылкай на дакумент, якім з выданнем падзяліліся дзве не звязаныя адна з адной крыніцы.
Як сцвярджае медыя, у чорным спісе такія вядомыя артысты, як Філіп Кіркораў, Лаліта Міляўская, Дзіма Білан, Глюк'oza, Анна Асці, Дора, Слава Марлоў, Markul, Loqiemean, Scally Milano, гурт «Shortpari», гурт «Няшчасны выпадак» і асабіста яго саліст Аляксей Кортнеў, гурт «Слот», гурт «The Chemodan», гурт «Рынкавыя адносіны».
Таксама ў пералік музыкаў, якім рэкамендавана забараняць ладзіць канцэрты ў Расіі, увайшлі Dead Blonde, Kedr Livanskiy, Monran, Сяргей Ананіч, Барыс Андрыянаў, Вольга Арэф'ева, Jukebox Trio, Plamenev, The Matrixx, Wildways, «Дыктафон», Другдиджея, Йорш, «Камсамольск», «Мангол Шуудан», Максім Леанідаў, Алекша Новіч, «Шчанюкі», Павел Пікоўскі, Паліна Асяцінская, СМН, «Электрафарэз», Максім Тэслі, Марыя Тацібадзэ, «План Ламаносава», Алег Ягодзін, «Аперацыя Пластылін», «Полматери», «Путь», «Фармацыя Лімон», Рыта Дакота, Альбіна Джанабаева, Дзмітрый Емяльянаў і Аляксандр Казян, сцвярджаюць суразмоўцы выдання.
Паводле слоў аднаго з музыкаў, якія трапілі ў пералік «забароненых» выканаўцаў, гэта ўжо трэцяя версія спісу з моманту пачатку вайны ва Украіне. Крыніца таксама адзначыла, што незадоўга да ўварвання Расіі ва Украіну звязаныя з адміністрацыяй Пуціна людзі ўжо казалі яму аб стварэнні падобнага спісу. Як сцвярджае музыка, яго папярэдзілі, што калі ён «не зменіць сваю пазіцыю», то адразу ж патрапіць у «чорны спіс» артыстаў.
Суразмоўца ў музычнай індустрыі таксама пацвердзіў, што новы спіс быў «спушчаны» непасрэдна з Крамля. Па якім прынцыпе ён складаўся, крыніца не ўдакладніла.
Расійскі прамоўтар пацвердзіў, што мінімум дзве групы са спісу сапраўды патрапілі пад забарону. Паводле слоў суразмоўцы, яму і яго калегам перыядычна паступаюць званкі з патрабаваннямі «не рабіць мерапрыемствы на дзяржаўныя грошы і вешаць вонкавую рэкламу» з артыстамі з «забароненага спісу».
Адметна, што ў блэк-ліст трапілі і вядомыя папсовыя
зоркі, якія падтрымліваюць Пуціна. Але іх падвёў удзел у вядомай «голай
вечарынцы» блогеркі Насці Іўлеевай, што моцна абурыла адэптаў вайны ў Расіі і
ўласна пуцінскі істэблішмент. У той «імпрэзе» ўдзельнічалі Кіркораў, Міляўская, Білан,
Глюк'oza, Анна Асці. Некаторыя пасля самі запісвалі «пакаяльныя»
відэа, у якіх выбачаліся за «голую вечарынку». Білан нават выправіўся на Данбас, каб падтрымаць «нашых хлопцаў». Але,
як бачым, Крэмль гэтым артыстам не дараваў.