Ці шмат вы памятаеце?

Ці шмат вы на самой справе памятаеце? Чаму адны ўспаміны працягваюць жыць у вашым мозгу доўга, а іншыя — не? Чаму розныя таталітарныя (і не толькі) рэжымы ўсяляк імкнуцца «перапісаць гісторыю»? Чаму цяпер беларуская дзяржава разбурае помнікі Арміі Краёвай?

img_20220723_191357_logo.jpg


Выстава «Memory Ownership: one, no one, and 9,4 million» («Валоданне памяццю: адзін, ніхто і 9,4 мільёны»), якая адкрылася ў прасторы прасторы CAS (Contemporary Art Space) у грузінскім Батумі, як раз і заклікае падумаць над феноменам памяці, яе зменлівай прыродай і цэнзурай памяці. Яна арганізавана ў рамках Міжнароднага Тыдня беларускай культуры пры падтрымцы Інстытута Гётэ. Раней працы бачылі ў арт-прасторы Propaganda ў Тбілісі.

Як распавяла Вольга Бубіч, куратарка, фатограф і лектарка, у выставе бяруць удзел тры беларускія фатографы і мастачка з Адэсы, — Наталля «Domini» Грыгор'ева, якая цяпер з прычыны вайны пакінула сваю краіну і паступіла ў Талінскую акадэмію мультыплікацыі.

«Памяць з'яўляецца асноўнай тэмай гэтай выставы. Тут гледачам прапануецца паразважаць пра зменлівую прыроду памяці. Факт, што 50 адсоткаў нашых успамінаў трансфармуюцца самі па сабе на працягу года, як кажуць псіхолагі. Акрамя гэтага, на калектыўныя ўспаміны аказваюць уплыў розныя знешнія працэсы, якія звязаны, у тым ліку, з палітыкай дзяржавы — як мы ведаем гэта з прыкладаў гісторыі. Калектыўныя ўспаміны нацыі могуць падвяргацца трансфармацыі: кнігі — спальвацца, школьныя падручнікі — перапісвацца», — кажа Вольга.

Вольга з дапамогай мастачкі Наталлі вырашыла паказаць працу памяці наглядна. Мастачка разглядала фотапраект, а пасля абрала пяць малюнкаў, якія паспрабавала намаляваць па памяці — для таго, каб, уласна, і праілюстраваць зменлівую прыроду памяці, тое, якія дэталі ў галаве застаюцца, а якія — відазмяняюцца.


«Праекты якія тут прадстаўлены, па-рознаму працуюць з тэмай памяці. Тут прадстаўлены і мой праект — фотакніга "Мастацтва (не) памятаць", якую я прэзентавала ў Варшаве, у Вільні, і Тбілісі», — адзначыла Вольга Бубіч.

Уласна, гэтая выстава — сапраўды, хутчэй, нагода задумацца над прыродай нашай памяці, і над тым, як выразна мы памятаем падзеі, якія адбыліся. А таксама цікавы напамін усім нам — не забываць пра «памятныя даты» і трэніраваць памяць. Часцей успамінаць, што з намі было хаця б два гады таму — каб не даць сказіць гісторыю. Бо наша памяць — гэта наша гісторыя і ёсць.

Выстава працягнецца ў Батумі да 31 ліпеня.