Да нас прыехаў Vivienne Mort (фота)
У клубе «Бруге» 27 студзеня сваёй гісторыяй з Мінскам падзяліўся ўкраінскі музыкальны гурт «Vivienne Mort». Нягледзячы на ўнушальныя лічбы гурта (адзінаццаць гадоў існавання, семь альбомаў і дзесяткі песень), «Vivienne Mort» упершыню прыехаў у Мінск — і гэта сапраўдная Падзея. Таму справядліва канцэрт трапіў амаль ва ўсе беларускія медыйныя спісы «must hear» тыдня і нават паўгоддзя.
Аўтарытэтны ўкраінскі інтэрнэт-часопіс пра
сучасную музыку «Karabas Live» (накшалт нашага «Тузіна») прызнаў «Vivienne Mort» пераможцам 2017 года аж у 2 намінацыях: «Найкраща пісня» з песняй «Іній» ды «Найкращий
дует/колаборація» з песняй «Зустріч». Водгукі партала пра гурт вельмі
цёплыя, нібыта гавораць пра сваю сяброўку дзяцінства: «Мікс эмацыйнасці,
артыстызму і вытанчанасці ад Vivienne Mort — адзін з галоўных скарбаў украінскай
сцэны. Ёсць усе падставы верыць у тое, што гэтая кветка раскрые нам новыя грані
сваёй прыгажосці». Уражвае, праўда?
Усе ведаюць, што ў «Vivienne Mort» чароўнае пачынаецца з вокладкі альбома з маяком і заканчваецца (але, насамрэч, увогуле не заканчваецца) незямнымі словамі песень салісткі гурта Даніэлы Заюшкінай накшалт «плела вінок, ходила в гості» ды «помирай зі мною, і живи зі мною».
«Новы Час» адправіўся паглядзець, ці такія ж магічныя і іх жывыя канцэрты?
Калі робіш спробы вызначыць стыль гурта, то знойдзеш у іх песнях і інды-рок, і фолк, і барока-поп, і нават народную музыку. Хоць за плячыма ў «Vivienne Mort» вялікі музычны вопыт, але адчуванне таго, што ўвесь час гурт шукае сябе, праводзіць нейкія экспірыенсы, не пакідае цябе. І гэта, насамрэч, годна павагі. З дапамогай такога прыёму можна ахапіць вялікую аўдыторыю з рознымі музычнымі перавагамі. І мы ў гэтым пераканаліся самі: вось каля ўвахода стаяць брутальныя хлопцы з бародамі, каля сцэны ўжо гатовыя сустракаць артыстаў дзяўчыны з віном і тэлефонамі, а за столікамі чакаюць гурт жанчынкі з кавай.
«Vivienne Mort» шчыра аддавалі сябе Мінску 1,5 гадзіны. Канцэрт пачаўся з пытання Даніэлы пра тое, ці разумее зала, што яна гаворыць? Зала аднагалосна прадэкламавала станоўчы адказ. Паўтары гадзіны праляцелі як дзесяць хвілін: так лёгка заходзілі Мінску песні.
Атмасфера на канцэрце склалася не тое што лямпава-сяброўская, а вельмі гарбатка-канапавая. Голас Даніэлы ахутваў, як плед, а музычная аранжыроўка праходзіла па целе, як гарбатка з зёлкамі. Калі шчыра, не хапала коткі для поўнай карціны.
Вівіенамортаўскія куплеты ў гэты суботні вечар сталі тэлепортам. Яны пераносілі слухача ў макавыя палі сярод гор Заходняй Украіны, дзе ў лёгкай сукеначцы салістка шэптам расказвала свае самыя патаемныя гісторыі…
Немагчыма не адзначыць эмацыйную гульню клавішніка. Вельмі трапна прымецілі хлопцы каля гардэроба: «Клавішнік проста ўзарваў залу на кавалкі, а салістка беражліва сабрала ўсё назад». Не адняць, не дадаць.
Але ў некаторы час здавалася, што Мінск усё ж такі песціў надзею атрымаць у падарунак беларускамоўную песню: «А раптам?!» Гэта мае права на існаванне, бо ўкраінскія гурты «Колір», «Один в каное», падобныя па стылістыцы на «Vivienne Mort», ужо разбэсцілі беларусаў беларускамоўнымі кампазіцыямі, якія сталі ледзь не хітамі.
Але і без гэтага наш сціплы Мінск застаўся не менш задаволены. Пасля кожнай песні, крычучы «Брава! Малайцы!», многія пакінулі на памяць гурту свае галасы. Асабліва мінчукам падабаецца, калі гурты выходзяць на біс. Здаецца, што калі артысты выходзяць чарговы раз на сцэну па клічу залы, яны гэта шануюць нават больш, чым сам канцэрт. «Vivienne Mort» выходзілі некалькі разоў: вы ўяўляеце ўзровень задаволенасці слухачоў гэтага вечара?
Гэты івэнт у каторы раз пераканаў у бязмежнасці багацця ўкраінскага шоу-біза. Слухаеш, глядзіш на гэтую атмасферу залы, якую стварылі «Vivienne Mort», і вырываецца: «воў-воў!» ва ўнісон са словамі песні «ггпткн». Проста апладзіруем стоячы (што зала сёння і рабіла на працягу 1,5 гадзінаў) таму, як украінскія музыкі па-майстэрску сумяшчаюць унікальную самабытнасць, аўтэнтычнасць і сучасныя прыёмы музыкі, і ў выніку атрымліваюць сапраўдны якасны прадукт. Гэта не можа не радаваць і натхняць! Спадзяемся, наша беларускае «Дзякуй!» вылецела з клуба «Бруге» і даляцела хутка без чэргаў на мяжы да ўсёй Украіны.
Мінск, калі ласка, шануй такія Падзеі.
Фота: Павел Аксіновіч