«Зважай! Крокам руш!»: урокі гісторыі (фота)
У клубе «Re:public» 28 студзеня прайшоў фестываль «Зважай! Крокам руш!». Творчасць удзельнікаў так ці інакш звязаная з гістарычнай тэматыкай.
Агулам гэта тэндэнцыя апошняга
часу — называць клубныя канцэрты фестывалямі. Але будзем у трэндзе. Нягледзячы
на тое, што “Зважай! Крокам руш!” піярыўся як фестываль мужчынскага патрыятызму
— ці нешта кшталту таго, — у пуставатым “Рэпабліку” было даволі дзяўчат.
Першым выступаў DYMNALOTVA, як паведамляюць сацыяльныя сеткі, “беларускі гурт, што грае на сутыку doom і postblackmetal. Асноўнай тэмай лірыкі з'яўляецца гора, смерць, гісторыя і прырода Беларусі”.
Гурт мае альбомы “Палын” на чарнобыльскую тэматыку і “Зямля пад чорнымі крыламі”. Назва апошняга адсылае да прозы Уладзіміра Караткевіча, альбом прысвечаны дрыгве, балоту.
На фестывалі гурт зладзіў атмасферны выступ малымі экспрэсіўнымі сродкамі. Падавалася б: ну, накінула салістка капюшон, ну, скінула, зняла плашч, засталася ў сукенцы, прысела на сцэне, прылягла… А заварожвала! Ды яшчэ разам з шэсцем “чорнай панны” са свечкай сярод публікі.
Dymna Lotva
Потым граў ZNICH, які чытачам “Новага часу” прадстаўляць не трэба. Легенда беларускага pagan metal з саліднай дыскаграфіяй, пра якую мы не раз пісалі. Саліст гурта і арганізатар фестывалю Алесь Таболіч паведаміў, што канцэрт прысвечаны нашай дзяржаўнасці і адкрыў сэт ZNICH бессмяротным хітом “Крыва-Крывейта”, працягнуў бяспройгрышным “Крыжы-абярэгі”, ну і далей па нятленцы…
ZNICH
Гурт выканаў і “запрэшчонную” (цытата Алеся Таболіча) песню “Дунаю”. Пра канфлікт з аўтарскімі правамі ў ZNICH “Новы час” таксама пісаў. На развітанне з нядаўна мінулым святам прагучала “Каляда-калядзец”, а потым — рымэйк песні “Айчына” легендарнага гурта VICIOUS CRUSADE.
ZNICH
Наступны выступоўца — EXTERMINATION DISMEMBERMENT — грае ў жанры slamming brutal death metal, калі верыць іх суполкам у сацсетках. Самастойна вызначыць жанр не магу, скажу толькі, што гурт вельмі тэхнічны ў сваім стылі.
Extermination Dismemberment
Градус на танцполе накаляўся, пасля “прыстойнага” слэму пад ZNICH раптам зʼявіліся мужчыны з аголеннымі торсамі. Вакаліст EXTERMINATION DISMEMBERMENT кранальна прысвяціў песню свайму бацьку, які наведвае ўсе канцэрты гурта. Бэнд мае ўжо 2 альбомы, выдадзеныя ва Украіне і ў Японіі, банэры, фірмовы мерч — усе прыкметы паспяховай каманды.
EXTERMINATION DISMEMBERMENT
Музычны напрамак наступнага выступоўцы, MASSENHINRICHTUNG, “эвалюцыянаваў ад больш простых форм black і paganmetal да канцэптуальнай творчасці на ваенную, каляваенную і патрыятычна-прыродную тэматыку з выкарыстаннем розных стыляў цяжкой музыкі”. Назвы некаторых з альбомаў гурта, кшталту “Закон Зброi” і “Наўскі дзень” ілюструюць заяўленную ў сацсетках канцэпцыю, што завецца, практычна.
MASSENHINRICHTUNG
На фестывалі 28 лютага MASSENHINRICHTUNG прэзентаваў песні з новага альбома, які пакуль назвы не мае. Скрыпка гучала проста бальзамам на вушы, а сама скрыпачка гурта ў вечаровай сукенцы і з завітымі бялявымі валасамі выглядала чорным анёлам у металічным пекле.
MASSENHINRICHTUNG
Вакаліст гэтым разам выступаў не ў робе, але з намёкам на лахманы на руках і шыі. Падчас сэту MASSENHINRICHTUNG у залі крычалі “Жыве Беларусь!”
“1914”
Цвік праграмы, украінскі гурт “1914”, спявае пра Першую сусветную вайну ў стылі black doom metal. Канцэпцыя праглядалася і ў сцэнічным увасабленні: мікрафон на падстаўцы ў форме стрэльбы, адзенне і грым вакаліста, поўзанне па-пластунску…
“1914”
Роля Першай сусветнай у гісторыі Украіны — гераічная і тым жа часам трагічная, што яднае яе з Беларуссю: абвяшчэнне дзяржаўнай незалежнасці і яе страта, мары і спадзевы, што разбіліся аб жорсткую рэальнасць… Але жыве Беларусь і слава Украіне! І дзякуй гурту, што завітаў у Мінск!
1914
Фота Змітра Сачыўкі