Гродзенцы зрабілі бізнес на настолках пра паўстанцаў і хочуць здзівіць Еўропу
Сям’я гродзенцаў Янкоўскіх пачала бізнес з грошай, сабраных на ўласнае вяселле. Яны прайшлі шлях ад крамы і фестываляў настольных гульняў да выдавецтва, распавядае "Радыё Свабода".
Сужэнцы мараць у будучыні заваяваць сэрцы еўрапейцаў якаснай беларускай гульнёй.
«Раней я думала: „Што за олдскул!“»
Антось і Наста Янкоўскія яшчэ 10 гадоў таму з настольных гульняў (настолак) ведалі толькі «Манаполію» і «Мафію». Цяпер іх кватэра застаўленая каробкамі з уласнымі распрацоўкамі, якія прадаюцца нават у менскім аэрапорце, а ў сына Міхаські гэта любімыя цацкі.
«Раней знаёмыя гулялі ў настолкі, а я думала: „Што за олдскул!“. Калі б нехта сказаў, што пасля ўніверсітэту я буду імі займацца, рассмяялася б яму ў твар», — усміхаецца Наста.
Усё пачалося пяць гадоў таму. Антось
працаваў выкладчыкам у каледжы мастацтваў, Наста — дызайнеркай у мастацкай
студыі. Маладыя людзі набылі «Dixit» (папулярная настольная гульня ў асацыяцыі)
і гулялі з сябрамі. Задумаліся, якія ёсць беларускія настольныя гульні.
Зразумелі: ніякіх.
Жартам нарадзілася ідэя. Калі ў іншых краінах ёсць «Мафія», то беларуская мафія — паўстанцы. З агульнага: скрытнасць, барацьба, супраціў, трэба схавацца, знайсці, рассакрэціць.
«У Антося ёсць цудоўная якасць, — працягвае Наста. — Над ідэямі, якія прыдумляюцца дзеля жарту ці мімаходзь, 99% людзей пасмяюцца і забудуць. Антось можа давесці іх да рэалізацыі. Ён сур’ёзны фантазёр».
«Паўгода буду хадзіць па офісах, каб „адбіць“ грошы»
Распрацавалі правілы, персанажаў, дызайн гульні «Паўстанцы». Убачылі, што атрымліваецца. Якраз набліжалася 150-годдзе паўстання 1863–1864 гадоў. Але як выдаць навінку?
Можна было зрабіць 20 асобнікаў па вельмі высокім кошце. Наўрад ці нехта набыў бы, а хацелася шырокага распаўсюду. Афсетам атрымалася б надрукаваць 1000 асобнікаў па сабекошце ў 10 разоў ніжэйшым, канкурэнтаздольным. Спыніліся на другім варыянце.
У маладых людзей былі грошы, сабраныя на вяселле, што мелася быць праз паўгода. Яны здаваліся нарачоным касмічнай сумай, бо іншых фінансаў не мелі.
«Я
доўга думаў, пасля прыйшоў да Насты, і кажу: „Тыя грошы, што мы сабралі на
вяселле, трэба ўкласці ў гульню“. Угаворваў яе тры дні. Сказаў, што паўгода
буду хадзіць з гульнёй па офісах, прадаваць на вуліцы, толькі каб „адбіць“
грошы. У выніку мы рабілі друк у горадзенскай прыватнай друкарні», —
узгадвае авантуру Антось.
«Паверыла. І дагэтуль веру, бо першы досвед быў класны. Тут пастаянна такія авантуры», — прызнаецца Наста.
«Што гэта за гульня такая? Каб улада заўсёды прайгравала?»
Пра першую беларускую настолку тады напісалі многія медыя. Паводле Антося, ад званкоў журналістаў тэлефон разрываўся цягам тыдня. Ужо першыя прэзентацыі гульні чакаў поспех.
«Гродзенская галерэя „Крыга“ „рвалася“ ад людзей, на вуліцы стаялі. У менскае выдавецтва „Логвінаў“ ахвочыя не маглі зайсці, дык глядзелі праз вокны», — узгадвае аўтар.
Нават кіраўніцтва Антося праявіла цікаўнасць. Дырэктар каледжа выклікаў хлопца да сябе з пытаннем: «Што гэта за гульня такая? Каб улада заўсёды прайгравала?». Пасля гадзіны тлумачэння ён зразумеў, што настолка не палітычная, а гістарычная, і шансы на перамогу ва ўсіх роўныя.
Аўтары адразу прадалі каля паловы ўсяго накладу. Не толькі «адбілі» вясельныя грошы, але і зарабілі. Рэшта асобнікаў разышлася за 1,5-2 гады без рэклямы. Дагэтуль ідуць замовы «Паўстанцаў» — сёлета плянуецца перавыданне з дапаўненнямі.
Аб прычынах поспеху Янкоўскія адно здагадваюцца: першая беларуская аўтарская гульня, супадзенне з гадавінай паўстання, агульны рост папулярнасці настолак.
«Ніхто не верыў, што будзе такі поспех. А я чамусьці быў упэўнены ў „Паўстанцах“. Магчыма, гэта і спрацавала. У пазнейшых праектах трэба было ісці да медыяў. А тады ўсе самі ішлі да нас, запрашалі на прэзентацыі», — распавядаюць аўтары гульні.
Адкрылі краму настолак за 3 тысячы долараў
Маладыя вырашылі пачаць сваю справу, каб было, дзе распаўсюджваць гульню. Праўда, Наста строга папярэдзіла: «Пасля вяселля». Думалі пра краму сувеніраў або першую ў горадзе на той час антыкавярню. Урэшце спыніліся на краме настолак. У Гродна такога тады яшчэ не было. Так паўстала крама «Кубік».
Для старту спатрэбілася каля 2-3 тысяч долараў: на мэблю, абсталяванне, першапачатковыя гульні. Як і з «Паўстанцамі», з «Кубікам» таксама адразу «пайшло». Убачылі, што з крамы можна жыць. Нават у горшыя месяцы заробак быў не меншы, чым на дзяржаўнай працы.
«Гульняў
тысячы, трэба з усімі пазнаёміцца. Зрабілі замову ў аптовай фірме за паўтара
месяца да адкрыцця крамы і пачалі гуляцца. Не надакучвала. Сталі сапраўднымі
настольшчыкамі. Запрашалі сяброў. Было вельмі захапляльна», — дзеляцца
ўспамінамі сужэнцы.
У першы год шмат працавалі над таварам. Большую частку заробленага адразу ж укладалі ў новыя гульні. Праз нейкі час пераехалі ў іншае памяшканне, якое дзялілі з дзвюма іншымі крамамі сваіх сяброў. Так арэнда выходзіла таннейшай, а прастора візуальна здавалася большай.
Большасць настолак дагэтуль прывозяць з Расіі. Накручваюць стандартныя 30–50% на цане.
«Там ёсць добрыя выдавецтвы, якія лакалізуюць (адаптуюць) папулярныя еўрапейскія гульні. Асабліва варыянтаў больш няма. Няўжо на ангельскай прадаваць? Дарэчы, ва Украіне шмат настолак перакладзена на ўкраінскую мову», — расказвае Антось.
«Мы прадаём не прадукт, а від адпачынку»
Дзеля папулярызацыі гульняў Янкоўскія стварылі свой фэстываль настольных гульняў «Игрокуб», самы буйны ў краіне. Ладзілі яго ўжо тры разы.
«Мы прадаём не прадукт, а від адпачынку, эмоцыі, уражанні. Немагчыма прадаць чалавеку, які ні ўва што не гуляў, „скрынку з паперай“. Мы ладзім гульнятэкі, каб прышчапіць культуру настолак у Горадні».
Сёлета плануюць запусціць бясплатны пракат гульняў з той жа мэтай.
«Пракат — гэта рэклама. Чалавек бярэ гульню, збірае сяброў, атрымлівае эмоцыі. Пасля яны разумеюць, што менавіта хочуць набыць», — кажуць Янкоўскія.
Выдавецтва папулярызуе беларускую мову і культуру
Чарговым «дзіцём» сямейнай справы стала выдавецтва «А4». Яго пачыналі чатыры чалавекі з імёнамі на «А»: Антось, Анастасія, Андрэй і Ала. Яны выпускаюць ужо сёмую вялікую гульню. Калі ўлічваць варыяцыі асобных настолак, то трынаццатую. Амаль усе іхнія распрацоўкі арыгінальныя. Толькі «Вежа» — аналаг сусветна вядомай «Джэнгі». Некалькі гульняў на беларускай мове.
Нядаўна яны рэалізавалі напалову сацыяльны праект «Карты Лапіных». Па захаваных малюнках аднавілі калоду картаў, якія 80 гадоў таму выпускалі на славутай фабрыцы братоў Лапіных у Горадні. Карты адметныя тым, што адлюстроўваюць рэальных персанажаў беларускай і польскай гісторыі: Яна Сабескага, Казіміра Вялікага, Жыгімонта Аўгуста, Стэфана Баторыя.
«Карты Лапіных» па хуткасці продажаў пабілі поспех «Паўстанцаў». Першы наклад у 3000 асобнікаў амаль скончыўся за 3–4 месяцы. На выданне пайшло каля 3000 рублёў.
«На карты мы болей патрацілі на рэкламу, пошук рынку збыту. Калі „Паўстанцаў“ рабілі на энтузіязме, то да картаў падыходзілі з гледзішча бізнесу. Трэба было імкнуцца да канкурэнтнай цаны. Нельга прадаваць калоду за 20 рублёў толькі таму, што яна беларуская», — кажа Антось.
Новым крокам для выдавецтва стала супрацоўніцтва з буйной сеткай дзіцячых крамаў. Яны выдалі гульню «Мова. Буслік», якая дапаможа дзецям вывучаць беларускую мову. Дарослая версія гульні выйшла раней. Буйны партнёр даў мажлівасць выдаць не традыцыйныя 2 тысячы асобнікаў, а 10,5 тысячы.
Рэдактар выдавецтва «А4» Ганна Ліпчанская мяркуе, што яны займаюцца асьветніцтвам і робяць вольны час беларусаў больш цікавым.
«Настолкі
пашыраюць кругагляд, дапамагаюць людзям стасавацца паміж сабой, усміхацца не дужкамі
і двукропʼямі, а ўжывую. Для мяне гонар удзельнічаць у значнай справе для
нашага гораду. Я ўжо распрацавала ўласную гульню. У наступным годзе, мажліва,
яе выдадуць», — кажа яна.
«Мінус уласнага бізнесу ў параўнанні з наёмнай працай у тым, што ты думаеш пра яго і ў гадзіну ночы. Але калі патрэбна зрабіць сабе выходны і заняцца хатнімі справамі, можаш сабе дазволіць. Гэта плюс. І там, і там ёсць плюсы і мінусы. Аднак, калі гэта тваё, гэты плюс пераважвае», — разважае Антось Янкоўскі.
«Калі ў цябе дзве гульні, цябе не слухаюць, калі 20 — пачынаюць размаўляць»
Цяпер настолкі выдавецтва прадаюцца праз невялікія аптовыя фірмы, у сувенірных крамах, кнігарнях і нават у менскім аэрапорце. Самая вялікая цяжкасць — паўнавартасна выйсці на рынак, заваяваць давер, пашырыць асартымент. Выпусціць гульню і адразу збыць яе вялікім накладам, каб людзі ведалі і шукалі навінку.
«Калі ў цябе дзве гульні, аптовыя фірмы і буйныя гандлёвыя сеткі цябе не слухаюць, калі 20 — пачынаюць размаўляць. Цяпер у нас 13 настолак. Са шмат якімі крамамі пачынаем працаваць з аднаго прадукту, а пазней яны кажуць: „О, у вас карты крутыя. Давайце яшчэ „Мову“ паспрабуем“. Адзін прадукт цягне за сабой другі», — тлумачыць Антось.
Паводле стваральнікаў выдавецтва,
гульні на беларускай мове робяцца ўсё больш прывабныя для спажыўцоў. Часам сама
беларуская мова і прадае гульню. Але гэта становіцца перашкодай для выхаду на
замежныя рынкі. Знайшлі адно рашэнне: калі на картках няма тэксту — рабіць
правілы на некалькіх мовах. Такім прыкладам стала гульня «Гаспадар цмокаў».
Пры гэтым Антось перакананы, што самы вялікі поспех іхняй справы яшчэ наперадзе.
«Сёлета выдавецтва пераходзіць у фазу больш прафесійнай працы. Раней мы выпускалі адну гульню за некалькі месяцаў, бо дызайнеры працавалі над імі ў вольны ад асноўнай працы час. Нармальна, калі выдавецтва выпускае некалькі гульняў за адзін месяц», — распавядае Антось.
Маладыя людзі мараць зрабіць гульню,
якую не сорамна паказаць за мяжой. Паводле выдаўцоў, яны ўжо працуюць над
некалькімі годнымі праектамі. Пазнаёміліся з іншымі аўтарамі з Беларусі і
гатовыя да супрацоўніцтва. Праз год-два плануюць узяцца за лакалізацыю замежных
гульняў.
«Мы марым, што некалі прыедзем на самы круты фестываль настолак у Маскву або Берлін і скажам: „Мы з Беларусі. Тут робяць файныя гульні. Прыяжджайце!“ Хочацца трапіць у гэтую сферу і зрабіць сабе імя».