Кобрынскія замалёўкі: Духоўнасці скарбы жывыя
Для Кобрына існуе адна шчымлівая
праблема, якую нельга не ўзняць. Пра больш чым 500-гадовае супольнае
жыццё мясцовых габрэяў з кабрынцамі іншых этнасаў сёння ў
горадзе нагадваюць толькі старадаўнія габрэйскія могілкі, мемарыял
ахвярам Халакосту на паўднёвым ускрайку горада ды гмах былой
сінагогі.
Наш аўтар, Марат Гаравы, са жніўня жыве ў Кобрыне над Мухаўцам —
чароўным заходнебеларускім горадзе на Берасцейшчыне. У рубрыцы
«Кобрынскія замалёўкі» мы будзем распавядаць пра цікавыя справы па
вяртанню краю яго спрадвечнай гістарычна-культурнай спадчыны.
Кобрын і па сёння захоўвае старадаўнюю планіровачную структуру свайго гістарычнага цэнтру, асноўныя элементы гарманічнага архітэктурнага ладшафту і багатыя скарбы свайго шматвякавога духоўнага жыцця.
Вялікую працу ў зберажэнні гэтых скарбаў вядуць слухачы секцый «Універсітэту залатога ўзросту» пры Кобрынскім клубе дзелавых жанчынаў «Бона», якім кіруе Ала Сапяжынская.
Родная мова — грунт нацыі
Нядаўна з ініцыятывы кіраўнічкі літаратурна-музычнай гасьцёўні ўніверсітэту, бібліёграфа Людмілы Заяц у горадзе адбылася вечарына «Матчына мова — родная мова», пад час якой гучалі творы з фальклорных скарбаў і нацыянальнай літаратурнай спадчыны, у тым ліку класікаў беларускага прыгожага пісьменства Францішка Багушэвіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, Кандрата Крапівы, Яўгеніі Янішчыц і Дануты Бічэль-Загнетавай. Кожны з іх у свой час дадаў фарбаў да арэолу нашай мовы, каб узнесці яе на вяршыню духоўнага жыцця беларусаў.
Тая цеплыня, з якой ўдзельнікі гасцёўні прымалі выступоўцаў, сведчыць пра неўміручасць і магутны патэнцыял такой старадаўняй, мілагучнай і багатай роднай мовы, якая найперш вылучае беларусаў сярод іншых народаў свету і натхняе ў самых цяжкіх варунках жыцця.
Праблемы папулярызацыі беларускай мовы абмяркоўваліся на пасяджэнні гістарычна-краязнаўчай секцыі «Кобрынскі ключ». Гаворка, між іншым, ішла пра намаганні, каб Свята горада і ўсе масавыя мерапрыемствы ў Кобрыне праводзіліся на дзяржаўнай беларускай мове — мове тытульнай нацыі Беларусі; каб падчас Свята горада працавала школа беларускага народнага танца; сярод школьнікаў распаўсюджвалася ідэя калектыўных спеваў сучасных беларускіх песень, такіх, скажам, як «Будзь разам з намі» гурту «Крама».
Каб ладзіўся гарадскі конкурс знаўцаў мясцовай гісторыі і культуры, вынікі якога будуць агучвацца на Свяце гораду: на лепшую беларускамоўную рэкламу тавараў і паслуг, на лепшы беларускамоўны дызайн, налепку, слоган, на лепшую беларускамоўную назву прадукцыі і прадпрыемства.
Каб штогод 21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы, які курыруе ЮНЕСКА, праводзілася свята «Кобрын размаўляе па-беларуску» і гарадскі конкурс вышыванак. Намагацца, урэшце, правядзення ў Кобрыне Рэспубліканскага свята беларускага пісьменства і друку, якое будзе спрыяць духоўнаму адраджэнню кабрынцаў і пашырэнню ўжывання сярод іх роднай мовы.
Трэба мець на ўвазе, што кабрынцы рупліва шануюць скарбы сваёй народнай мовы ў выглядзе мясцовых гаворак, якія маюць шмат агульнага з гаворкамі паўночных раёнаў Валынскай і Ровенскай абласцей Украіны, а таксама рысы іншых славянскіх, балцкіх і германскіх моваў.
Спявае кіраўніца вакальнай групы ўніверсітэту Юзэфа Олейнік
Будзем удзячныя нашым землякам-габрэям
Для Кобрына, як і для іншых беларускіх гарадоў, існуе адна шчымлівая праблема, якую нельга не ўзняць. Пра больш чым 500-гадовае супольнае жыццё мясцовых габрэяў з кабрынцамі іншых этнасаў і веравызнанняў сёння ў горадзе нагадваюць толькі старадаўнія габрэйскія могілкі, мемарыял ахвярам Халакосту на паўднёвым ускрайку горада, а таксама гмах былой сінагогі.
Апроч таго, у кнізе «Памяць. Кобрынскі раён» прыведзены спіс «Мірныя жыхары яўрэйскай нацыянальнасці, што загінулі, як мяркуецца, у 1941-1942 гадах», у які ўвайшло не больш за 550 ахвяраў Халакосту, у той час як па афіцыйных дадзеных пад час акупацыі з 16 тысяч даваенных жыхароў гораду нацысты забілі 6 900 чалавек, у асноўным габрэяў. Імёны, лёсы і вобразы большасці кабрынчанаў — ахвяраў Катастрофы еўрапейскага габрэйства яшчэ чакаюць свайго ўшанавання.
Вуліца Першамайская, дзе ў міжваенны час у асноўным жылі габрэі
Днямі сябры гістарычна-краязнаўчай секцыі «Кобрынскі ключ» абмеркавалі праблему вывучэння гісторыі мясцовага габрэйства і ўвекавечвання ягонай памяці.
Слухач універсітэту — былы суддзя і намеснік старшыні Кобрынскага гарвыканкаму Алесь Сапяжынскі пазнаёміў удзельнікаў вечарыны з велічнай чатырохтысячагадовай мінуўшчынай габрэяў і іхнага веравызнання — юдаізму, які быў не толькі першым у гісторыі рэлігійным культам адзінага Бога, але і духоўным падмуркам хрысціянства і ісламу.
Спадар Алесь звярнуў увагу на тое, што паколькі габрэйскі прарок Майсей быў чалавекам пакорлівым, верным і паслухмяным Усявышняму, Ён сярод усіх народаў абраў менавіта народ Ізраіля і заключыў з ім запавет у выглядзе Дэкалогу (10 запаведзяў), якія сталі этычнымі нормамі юдэяў, а затым і сучаснай цывілізацыі. Вось чаму габрэі лічаць, што калі яны парушаюць запавет з Богам, грашаць і дэградуюць, дык самі вінаватыя ў сваіх пакутах.
Разам з тым, выкананне Дэкалогу разумеецца юдэямі, як грунт для ўнутранага развіцця сваёй асобы, а не падстава для сцвярджэння нейкай перавагі над іншымі, іхнай дыскрымінацыі альбо прыгнёту. Гэты падыход адлюстраваны ў прынцыпе жыцця верніка-габрэя: жыві сам і дай жыць іншым, падкрэсліў выступоўца.
Ён нагадаў, што ў другой палове I стагоддзя н.э. у выніку Юдэйскай вайны супраць Рыму габрэі страцілі сваю дзяржаўнасць і вымушаны былі пакінуць радзіму продкаў і сваю духоўную святыню — Другі храм у Ерусаліме, разбураны рымлянамі. Каб захаваць сваю этнічную і духоўную непаўторнасць, не стаць ахвярамі нацыянальнай і рэлігійнай асіміляцыі, габрэі ў галуце (выгнанні) жылі кагалам (абшчынай), цэнтрам якога была сінагога. Дзякуючы гэтай адасобленасці народ не толькі захаваўся, нягледзячы на абмежаванні, пагромы і здзекі, аднак амаль праз дзве тысячы гадоў зноўку адрадзіў сваю дзяржаўнасць на гістарычнай радзіме, што ўвогуле ёсць унікальная з’ява у гісторыі чалавецтва.
Былы вайскоўца Віктар Бордзюг, апантаны ідэяй вярнуць гораду яго габрэйскае мінулае, узяўся за сур’ёзную і цяжкую працу — перакласці 407-старонкавы зборнік успамінаў «Кніга Кобрына; скрутак жыцця і знішчэння» пад рэдакцыяй Бэцаэль Шварца, выдадзены на іўрыце ў Тэль-Авіве (Ізраіль) Хаімам Білецкім у 1951 годзе.
Спадар Віктар распавёў, што ў час паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі габрэі складалі большасць жыхароў Кобрыну, былі людзьмі адукаванымі, займаліся, у тым ліку, асветай, аховай здароўя, рамесніцтвам, банкаўскай справай і прадпрымальніцтвам. Мясцовым габрэям належылі большасць гарадскіх камяніцаў, два кінатэатры, лесапільня, тры паравыя млыны, два цагельныя заводы, усе гатэлі і цырульні гораду, дзве друкарні, дзе выдаваліся мясцовыя газеты на мове ідыш «Кобрынэр шціме» («Голас Кобрыну») і «Кобрынэр вохенблатт» («Кобрынскі штотыднёвік»), мылаварня, маслабойня, свечачны і вяровачны заводы, фабрыка гільзаў для цыгарак. Аднак за саветамі ўся гэтая маёмасць была нацыяналізаваная.
Выступоўца прывёў цікавыя факты, што тычацца нацысцкага «новага парадку» і «канчатковага вырашэння габрэйскага пытання» ў Кобрыне. Як толькі горад быў акупаваны, нацысты падпалілі габрэйскую школу, а калі мясцовыя габрэі кінуліся тушыць будынак, іх забілі і саміх кінулі ў агонь… Ужо пасля вайны, 20 траўня 1946 года габрэйская дзяўчына цягніком дабралася да станцыі Тэўлі, а затым пешшу да Кобрыну, каб паглядзець на свой дом. Аднак убачыла зруйнаваны мёртвы горад без габрэйскага жыцця, дзе яе ніхто не чакаў, а ў сваім доме знайшла вайсковую ўстанову. З дазволу ахоўніка на гарышчы абрабаванай хаты дзяўчына паспрабавала знайсці здымкі сваякоў, але безвынікова, пастаяла, нараўлася і сышла з думкай: «А знаёмыя казалі, каб не ехала. Дарма іх не паслухала…».
Паводле доктаркі Жаны Разліванавай, да вайны большасць мясцовых габрэяў жыла на вуліцах Першамайскай (былая 3 траўня), Інтэрнацыянальнай (былая Іцхака-Лейбуша Перэца) і Суворава (былая Рамуальда Траўгута), а часткова — на пляцы Волі (былы пляц Рынак).
Як зазначыла спадарыня Жана, каля 100 мясцовых габрэяў збеглі з гарадскога гета і змагаліся супраць нацыстаў у партызанах, аднак паколькі многія загінулі, у тым ліку і ад рук саміх партызанаў, з лесу ў Кобрын вярнуліся толькі 16 чалавек.
Кіраўніца секцыі «Кобрынскі ключ», гісторык Ірына Сіманава паведаміла, што падчас акупацыі гораду нацыстамі ксяндзы Кобрынскага касцёлу Ян Вольскі і Уладзіслаў Гробэльны схавалі восем габрэйскіх дзяцей, за што былі расстраляныя разам з вязнямі мясцовага гета.
Паводле спадарыні Ірыны, згодна апошняга перапісу насельніцтва ў краі жывуць усяго толькі 14 габрэяў, у тым ліку 13 — у Кобрыне.
Трэба мець на ўвазе, што з гістарычнай Кобрыншчынай непасрэдна звязаныя лёсы многіх выбітных беларускіх габрэяў, у тым ліку першага прэзідэнта Дзяржавы Ізраіль Хаіма Вейцмана і амерыканскага матэматыка Оскара Зарыскага.
На вечарыне прагучалі прапановы аб падрыхтоўцы і выданні на беларускай мове «Кнігі Кобрына; скрутак жыцця і знішчэння», а таксама пра неабходнасць усталявання ў цэнтры горада сціплага сімвалу памяці гараджанаў пра тых, з кім яны паўтысячы гадоў жылі разам адной сям’ёю. Гэткім сімвалам можа стаць невялікая пластычная кампазіцыя «Удзячныя кабрынчане сваім землякам-габрэям», у якой будзе адлюстраваны больш чым 500-гадовы ўнёсак мясцовага габрэйства ў гісторыю месца, амаль поўнае знішчэнне тутэйшай габрэйскай супольнасці пад час Другой сусветнай вайны, а таксама той факт, што значная частка камяніцаў у гістарычным цэнтры Кобрыну некалі належыла сем’ям габрэяў.
Фота аўтара