Як Якуб Колас «контррэвалюцыянерам» стаў
У савецкія часы нават дзіцячыя казкі пагражалі стабільнасці ўлады — і аднойчы ў гэтым упэўніўся народны пісьменнік, якому сёння споўніўся б 141 год.
Класік беларускай літаратуры Якуб Колас па-мастацку апрацаваў некалькі дзясяткаў народных казак. Сярод іх была адна асаблівая — казка, якую савецкая ўлада прызнала «контррэвалюцыйнай». Яна была выдадзена ў 1928 годзе, то-бок 95 гадоў таму. Пра якую казку ідзе гаворка і ў чым цэнзура магла ўбачыць небяспеку, расказвае budzma.org.
Шыкоўнае выданне «экстрэмісцкай» казкі
Некалькі народных казак, апрацаваных Якубам Коласам, выходзяць асобнымі выданнямі ў 1920-х — 1930-х гадах. Адным з такіх было добра ілюстраванае выданне казкі «Як пеўнік курачку ратаваў», якое налічвала ўсяго паўтара дзясятка старонак.
Ілюстраваў шыкоўную дзіцячую кніжку вялікага фармату знакаміты мастак Валянцін Волкаў — аўтар малюнка герба БССР, а таксама знакамітага палатна «Мінск. 3 ліпеня 1944 года» (аднаго з самых вядомых беларускіх твораў ваеннай тэматыкі перыяду савецкага рэалізму). Менавіта Валянцін Волкаў з 1928-га па 1941 год працаваў у дзяржаўным выдавецтве БССР.
З вуснапаэтычным творам «Як пеўнік ратаваў курачку» Якуб Колас пазнаёміўся, верагодна, у ранні перыяд сваёй творчасці (калі быў маладым настаўнікам і пісаў падручнік «Другое чытанне для дзяцей беларусаў»), але апрацаваў яго толькі ў 1920-х гадах.
Шыкоўна ілюстраванае выданне народнай казкі раптам праз 3 гады пасля свайго выхаду, у 1931 годзе, аказалася пад забаронай.
Дырэктар Беларускага дзяржаўнага выдавецтва А. Я. Некрашэвіч атрымаў сакрэтнае распараджэнне наступнага зместу: «Культпроп ЦК КП(б)Б прапануе Вам забараніць распаўсюджваньне казкі Я. Коласа «Як пеўнік курачку ратаваў» як контррэвалюцыйнай».
Гучыць з цяперашняга пункту гледжання абсурдна, аднак у тыя часы абсалютна рэальная справа, прычым вельмі сур’ёзная, што абмяркоўвалася на даволі высокім узроўні. Пытаннямі цэнзуры тады займаўся Галоўлітбел, аднак у экстранных выпадках забароны сыходзілі непасрэдна з ЦК у выдавецтвы, абмінаючы Галоўлітбел. Менавіта так было ў выпадку з народнай казкай «Як пеўнік ратаваў курачку».
Кумулятыўная казка з апрацаванай па-мастацку канцоўкай
Тэкст казкі «Як пеўнік курачку ратаваў» пачынаецца прысказкай-зачынам «жылі-былі», што з’яўляецца традыцыйнай фальклорнай формулай: «Жылі-былі пеўнік з куркаю. Пеўнік хадзіў жыраваць на гарохавішча, а курка на бабовішча. Аднак аднаго разу курачка дзеўбанула бабовінку і ўдавілася. Прыбег ратаваць курку пеўнік, аднак рады даць не можа.
Пабег ён да мора вады прасіць.
— Мора, мора, дай вады.
— Нашто вада?
— Курцы вада: ляжыць курка пад мяжою, не парушыць галавою — ні сапне, ні дыхне.
Кажа мора:
— Ідзі да япручка, няхай дасць ікла.
Прыбег пеўнік да япручка.
— Япручок, япручок, дай ікла.
— Нашто ікол?
— Мору ікол, каб мора дало вады.
— Нашто вада?
— Курцы вада: ляжыць курка пад мяжою, не парушыць галавою — ні сапне, ні дыхне.
А япручок кажа:
— Ідзі да дуба, няхай дасць жолуда, прынясі мне яго, тады я дам ікол. Пабег пеўнік да дуба...»
Змест гэтага вуснапаэтычнага твора сярод казак пра жывёл заўважна вылучаецца асаблівасцямі пабудовы сюжэтнай лініі.
Вуснапаэтычны твор «Як пеўнік ратаваў курачку» адносіцца да групы так званых кумулятыўных казак, якія некаторыя даследчыкі разглядаюць як самастойны жанр ці асобную жанравую разнавіднасць казачнага эпасу.
Як пісаў філолаг і фалькларыст Уладзімір Проп, «асноўны кампазіцыйны прыём кумулятыўных казак заключаецца ў якім-небудзь шматразовым, усё нарастаючым паўтарэнні адных і тых жа дзеянняў, пакуль створаны такім спосабам ланцуг не абрываецца ці не расплятаецца ў адваротным убываючым парадку». Вучоны звязваў такія творы з раннімі формамі свядомасці, а «нанізванне» эпізодаў лічыў не толькі мастацкім прыёмам, але і формай мыслення, якая праявілася ў фальклоры і мове.
Сучасны адукаваны чытач з задавальненнем пачытае ці праслухае шэраг такіх казак, захапляючыся, галоўным чынам, слоўнай тканінай гэтых твораў. Аднак кумулятыўныя казкі не адпавядаюць нашым цяперашнім формам свядомасці. Такім чынам, «Як пеўнік ратаваў курачку» адносіцца да жанру кумулятыўных казак, што з’яўляецца вельмі архаічнай па паходжанні.
Цікава, што ў беларускай вуснапаэтычнай традыцыі існуе яшчэ адзін варыянт гэтай казкі — «Як курачка пеўніка ратавала». Яна ідэнтычная па героях і вельмі блізкая па змесце, аднак заканчваецца тым, што пеўнік праглынуў бобінку і застаўся жывы.
Хутчэй за ўсё, у казцы «Як пеўнік ратаваў курачку» была крыху зменена або нават прыдумана канцоўка самім Якубам Коласам. Адназначна сцвярджаць такую тэзу не выпадае, хоць якраз канцоўка казкі завастрае трагічнасць здарэння і драматызм усёй сітуацыі:
«Бяжыць пеўнік з вадою на бабовішча.
Паглядзеў — аж ужо курку чэрві з’елі. Выкапаў пеўнік яму і пахаваў курачкіны костачкі, сам жаласна заспяваў і ў свет павандраваў. На гэтым і байка ўся. Зарэзала баба гуся: баечніку дала кумпячок, а слухачам — трыбушок».
Як адзначаюць даследчыкі-літаратуразнаўцы, Якуб Колас заўсёды беражліва адносіўся да ідэйнага сэнсу народнага твора. Захоўваючы асноўныя асаблівасці народнага стылю, ён драматызаваў змест казак, узмацняючы дзеянні за кошт апісанняў, пашырэння дыялогу, удасканальвачы асноўныя канфлікты. Відавочна, што такі падыход пісьменніка захаваўся і пры працы з казкай «Як пеўнік курачку ратаваў».
У чым цэнзура магла ўбачыць небяспеку народнай казкі
З прыведзенага вышэй матэрыялу бачна, што выданне было адрасавана перадусім дзіцячай аўдыторыі. Тады якім чынам народная казка магла падацца кіраўніцтву савецкай Беларусі контррэвалюцыйным творам?
Можна меркаваць, што хтосьці з савецкіх чыноўнікаў, забараняючы выданне казкі, праявіў сваю звышпільнасць. Гэты «хтосьці», верагодна, звярнуўся да зместу народнага твора. Асабліва прыцягвае ўвагу канцоўка казкі, калі пеўнік закапвае курачку, якая памерла.
Магчыма, менавіта канцоўка вуснапаэтычнага твора магла засяродзіць увагу партыйных органаў. Сумная канцоўка казкі, на іх погляд, магла адлюстроўваць працэсы калектывізацыі, якія ў 1928 годзе пачалі набіраць вялікія маштабы і хуткія тэмпы. Такім чынам, у фінальнай частцы твора мы зможам убачыць стаўленне самога пісьменніка да тагачасных працэсаў у краіне Саветаў.
Ёсць таксама менш відавочнае прачытанне народнага твора. У казцы, каб выратаваць курачку, пеўніку-небараку прыйшлося аббегаць шмат памочнікаў і дарадцаў, іх можна налічыць ажно дзевяць: мора, япручок, дуб, ліпа, дзяўчаты, пастухі, касцы, пан/араты, каваль. Толькі пасля апошняга візіту — да каваля — справа з выратаваннем курачкі пачала выпраўляцца. Аднак, пакуль пеўнік бегаў па дапамогу, ад куркі засталіся адны костачкі.
Такім чынам, у змесце народнай казкі таксама маглі пабачыць алюзію на савецкую дзяржаву, а за вобразам пеўніка ўбачылі простага савецкага грамадзяніна, які звяртаецца ў розныя «інстанцыі» і просіць дапамогі. Вынік атрымліваецца вельмі сумным, што сведчыць пра абсалютную неэфектыўнасць савецкіх органаў улады і нават іх шкоднасць. Натуральна, такое прачытанне менш верагоднае, аднак гіпатэтычна магло існаваць. У рэшце рэшт, прычына забароны народнай казкі, апрацаванай Якубам Коласам, крыецца менавіта ў змесце твора, што падаўся небяспечным для савецкіх партыйных органаў.
Казку «Як пеўнік курачку ратаваў» доўгі час не друкавалі, і выйшла яна толькі ў пасляваенны час у зборніку «Беларускія народныя казкі» (1952), прычым канцоўка была крыху падкарэктавана пісьменнікам:
«Бяжыць пеўнік з вадою на бабовішча.
Паглядзеў, аж ад куркі адны толькі костачкі засталіся.
На гэтым і байка ўся. Зарэзала баба гуся. Баечніку дала кумпячок, а слухачу — трыбушок».
У тэксце асобнага выдання казкі 1928 года Якуб Колас шматразова ўжываў слова «пан», якое ў зборніку «Беларускія народныя казкі» 1952 года было заменена «аратым», а «пас» заменены на «пояс».
На сённяшні дзень цэнзура засталася, але часы крыху змяніліся, прынамсі, беларускія народныя казкі ў апрацоўцы Якуба Коласа ўжо трэці раз запар добра ілюстраваным выданнем выходзяць у дзяржаўным выдавецкім доме «Звязда». А сярод набору казак ёсць і тая самая «контррэвалюцыйная» — «Як пеўнік курачку ратаваў».