Беларускія блізняты: як не блытаць Купалу і Коласа
Два класікі беларускай літаратуры, народныя паэты альбо два вусатыя дзядзькі з аднолькавымі ініцыяламі? Абодва нарадзіліся ў маляўнічых кутках нашай радзімы, абодва пісалі вершы і паэмы, якія ў школе вучаць на памяць. Праект wir.by спрабуе разабрацца, чым яны адрозніваюцца як пісьменнікі – спасцігнуць тое, чаго не пабачыш на партрэтах, пра што не прачытаеш у біяграфіях.
Два класікі беларускай літаратуры, народныя паэты альбо два вусатыя дзядзькі з аднолькавымі ініцыяламі? Абодва нарадзіліся ў маляўнічых кутках нашай радзімы, абодва пісалі вершы і паэмы, якія ў школе вучаць на памяць. Паспрабуем усё ж разабрацца, чым яны адрозніваюцца як пісьменнікі – спасцігнуць тое, чаго не пабачыш на партрэтах, пра што не прачытаеш у біяграфіях.
Праблемы з вызначэннем аўтараў паэм «Сымон-музыка» і «Курган», ламанне галавы над тым, хто ж напісаў верш «Спадчына», сапраўдны ступар перад «Новай зямлёй». Янка Купала і Якуб Колас – беларускія пісьменнікі, вядомыя, бадай, кожнаму. Але нягледзячы на гэта, часта бывае складана вызначыць, хто ёсць хто. Ужо нават міф складваецца пра блытаніну класікаў. Дык як жа адрозніць такіх падобных (розных!) пісьменнікаў?
Пачаць, напэўна, варта з тэматыкі вершаў.
У Якуба Коласа чытач адшукае шмат твораў, дзе ствараецца вобраз прыроды. Вершы пра прыроду Коласа – класічны прыклад пейзажнай лірыкі і адна з пазнавальных рысаў яго творчасці.
Ноч павісла над зямлёю,Ўсё абнята цішынёю,Поўнай страху, поўнай чар.Быў гарачы дзень бясконца,Не сьвяціла — жэгла сонца,Парнасць страшная і вар.І вось неба не ўтрывала,Ўсё ў агнях запалыхала,Мрок хістаецца, дрыжыць...
(З верша «Вераб’іная ноч».)
Або, напрыклад, вершы «Палескія вобразы», «Родныя вобразы», «Адлёт жураўлёў».
Для Янкі Купалы ж чыста пейзажныя вершы не характэрныя. У многіх творах вобраз прыроды стварае фон для іншых важных для паэта тэм.
Вольным гоманам хвоек высокіх,Туманамі санлівых нізін,Казкай векаў блізкіх і далёкіхКлічам, сонца, цябе як адзін!Распусці залацістыя косы,Схаладзелы загон ацяплі,Аквяці лугавыя пакосы,Ўсходы новыя сей на зямлі…Як у свята купальскае, сонца,Свой жывы абнаўляеш паглёд,Аднаві славу нашай старонцы,Аднаві яе сумны народ!Хай нам явары вечныя думы,Думы-байкі шасцяць, шалясцяць,I нясуцца хай гэтыя шумы,Па бел-свету ляцяць, хай ляцяць!
(З верша «Песня сонцу».)
І Купала, і Колас пісалі вершы, прысвечаныя праблемам грамадства, бо ў часы нашаніўства сацыяльнае і нацыянальнае становішча беларусаў было адной з найважнейшых тэм у літаратуры. Але і ў творах, прысвечаных «долі беларуса», можна выразна ўбачыць розніцу паміж паэтамі. Яна – у настроі вершаў і ў шляхах вырашэння праблемы.
Якуб Колас, ствараючы вельмі падрабязны, наглядны вобраз чалавека і яго жыцця, імкнецца выклікаць шкадаванне да лёсу беларуса. Выхад лірычны герой прапануе праз адукацыю, навучанне, якое мусіць узвысіць пакрыўджанага чалавека.
З нас нямала жартавалі,Той нас крыўдзіў, гэты сек.Годнасць нашую тапталі,Ў нас заплёван чалавек.Хай святло навукі яснайЗаблішчыць, як сонца ўсход,Няхай родным словам шчаснаЗагаворыць наш народ.
(З верша «Мы маўчалі, як нямыя».)
У вершах Янкі Купалы пераважае настрой актыўнага супрацьстаяння, які аўтар распальвае ў сваім чытачу рознымі паэтычнымі сродкамі (звароты, заклікі, паўторы). Спосаб пераадолення сітуацыі – гэта змаганне як заканамерны вынік нанесенай крыўды.
Паўстаньце, рабскія натуры,Пакіньце свой адвечны сон,Загаманіце віхрам, бурай,Каб ажна дрогнуў ваш палон!
(З верша «Прарок».)
Тут бачна, што паэты па-рознаму падыходзілі да вырашэння надзённых для іх пытанняў: паступовы, «рэфарматарскі» шлях Якуба Коласа і рэзкая, «рэвалюцыйная» барацьба Янкі Купалы.Вельмі важны складнік верша – рытм, афармленне ў радкі і строфы.
У Якуба Коласа вершы заўжды вытрыманыя рытмічна ў тым памеры, які аўтар абірае для твора.
Ці дома я, ці я ў паходзе,Калі адзін, як воўк, брыду, –У кожнай хвілі і ў прыгодзеЗ сабой нясу дум чараду.За ёю сьледам сумным ходамМалюнкі прошласьці плывуць,І так мне жаль іх і так шкода,Што іх нанова не вярнуць.
(З верша «Ці дома я, ці ў паходзе…»)
Янка Купала часта карыстаецца рознай рытмікай у межах аднаго твора, разрывае радкі, парушаючы традыцыйнае чаргаванне складоў.
А хто там iдзе, а хто там iдзеУ агромнiстай такой грамадзе?— Беларусы.А што яны нясуць на худых плячах,На руках у крывi, на нагах у лапцях?— Сваю крыўду.А куды ж нясуць гэту крыўду ўсю,А куды ж нясуць напаказ сваю?— На свет цэлы.А хто гэта iх, не адзiн мiльён,Крыўду несць наўчыў, разбудзiў iх сон?— Бяда, гора.А чаго ж, чаго захацелась iм,Пагарджаным век, iм, сляпым, глухiм?— Людзьмi звацца.
Рытміка ўплывае на пачуццёвае ўспрыманне верша, дазваляе неабходным чынам размясціць акцэнты. Да выкарыстання рытму, даўжыні радка як да сродкаў стварэння настрою верша паэты падыходзілі па-рознаму.У вершах Якуба Коласа пераважае рытміка, якую часта называюць «лёгкай». Яна надае творам песеннасці, спрашчае іх успрыманне.
Я ня знаю сам, браточкі,Чаму мне так мілыБуры, плач асенняй ночкі,Спеў яе пастылы,Лесу гоман, гуд нястройны,Шум лазы ў балоце,Баязлівы, неспакойныШолах у чароце.
(З верша «Я не знаю…»)
Падвесці ўсе творы пад адну формулу, натуральна, немагчыма, але ў многіх сваіх вершах Янка Купала карыстаецца доўгім радком, назапашвае, канцэнтруе эмоцыі, робячы цяжкае яшчэ больш невыносным.
Чую я, чуе сэрца маё жаласлівае,Душа ные, а болем здымаюцца грудзі;Як радзіўся, ішло ўсё са мной нешчаслівае, –Не пацешылі ў смутку і добрыя людзі.
(З верша «Адповедзь».)
Розніца паміж пісьменнікамі прасочваецца і ў падыходзе да адлюстравання рэчаіснасці.
Акрамя падрабязнасці, вершам Якуба Коласа ўласцівая дакладнасць, праўдзівасць вобразаў. Паэт фарміруе ўражанне на падставе знешніх назіранняў, вобразаў навакольнага свету.
Якуб Колас – пісьменнік-рэаліст, у якога асноўная нагрузка прыпадае на дэталізацыю рэальных вобразаў.
Ціха ў хаце. Сэрца ные.Страх душу апанаваў.Чаму ж, вецер, думкі злыяТы ў душу маю нагнаў?
(З верша «Асенні вечар».)
У вершах Янкі Купалы меней канкрэтыкі, але большы акцэнт на асноўным вобразе або настроі, які вынікае пераважна з бачання лірычным героем пэўнай праблемы.
Сімвалічныя, рамантычныя вобразы набываюць няісныя ў рэальнасці, але заўважныя і значныя для чалавека рысы, ставяць на першае месца не знешні свет, а яго ўспрыманне і перапрацоўку лірычным героем.
Прадсмертнаю кляцьбой канаючага раба,Малітвай грэшніка, зарэзаўшага матку,Звярнуся к сонцу, сонцу без канца й пачатку,Хай спаліць мне душу, як ствол разбіты граба,Хай вочы высмаліць, як кветку ў лільі слабай,Але і крыж мой спапяліць хай папарадку!
(З верша «Сярод магіл».)
Асэнсаванне ўласнай ролі як творцы заўсёды важнае для пісьменніка.
Лірычны герой Коласа разумее несправядлівасць існага становішча, паказвае расчараванне і незадаволенасць чалавека. Паэт у коласаўскіх вершах, спачуваючы людзям, не вылучаецца як правадыр, застаецца побач, нараўне з усімі, «апяваючы» людское гора.
Ці ж я сэрцам не хварэю?Ці ж мне смутак лёгка даўся?Я спяваю, як умею,Я пра радасць пець ня здаўся.
(З верша «Пясняр».)
Янку Купалу небеспадстаўна называюць паэтам-прарокам, які разумеў сваю ролю «ўладара роднай песні». Лірычны герой яго вершаў – чалавек «з неспакойнай душой», які ўсвядоміў праўду і хоча волі. У Купалы шмат вершаў, напісаных з пазіцыі паэта, які хоча паказаць людзям іх цемрашальства, хоча, каб яно было пераадоленае. Часта гэта робіцца праз прамы заклік да дзеяння.
Гэй, прасніся, беларусе!Усе людцы паўставалі.Гэй, прасніся, беларусе!Усе праўдачку пазналі.
(З верша «Хоць ты, сэрца, лопні, трэсні…»)
Якуб Колас і Янка Купала, аб’яднаныя агульным гістарычным кантэкстам, адрозніваюцца мастацкім асэнсаваннем, спосабам адлюстравання рэчаіснасці.
Якуб Колас – пісьменнік-рэаліст, уважлівы да дэталей знешняга свету, майстар пейзажнай лірыкі, прыхільнік строга вытрыманага рытму. Выйсце са складанай сітуацыі паэт бачыць у паступовым самаўдасканаленні.
Янка Купала – рамантык, сімваліст, які абвастрае пачуцці, эксперыментуючы з вершаваным радком. Ён у ролі паэта-прарока прапануе рашэнне нацыянальных праблем праз актыўнае і неадкладнае змаганне, чакаючы ад беларусаў, што на заклікі яны адкажуць дзеяннем.