Якія сьвятыя і блаславёныя зьявіліся ў Беларусі апошнім часам
У дзень Усіх Сьвятых, які каталіцкі касьцёл адзначае 1 лістапада, вырашылі паглядзець, а хто з беларусаў, ці тых, хто жыў на нашай зямлі, афіцыйна сталі сьвятымі ці блаславёнымі (першая ступень перад сьвятасьцю) за апошні час.
Хто такія блаславёныя і сьвятыя?
У Каталіцкім Касьцёле беатыфікацыя і кананізацыя — гэта працэсы, якія прызнаюць асобу сьвятой, асобу, якая пражыла жыцьцё надзвычайнай сьвятасці і знаходзіцца ў небе і здольная заступацца за тых, хто на зямлі. Беатыфікацыя — гэта першы фармальны крок да сьвятасці, калі Касьцёл абвяшчае, што памерлы чалавек увайшоў у неба і можа заступацца за тых, хто моліцца ад яго імя. Гэтая дэклярацыя дазваляе лякальнае або рэгіянальнае ўшанаваньне асобы як «блаславёнай». Кананізацыя зьяўляецца другім і апошнім крокам, які адзначае асобу як сьвятую, паўсюдна прызнаную каталіцкім Касьцёлам.
Працэс пачынаецца з афіцыйнага рассьледаваньня жыцьця чалавека, якое звычайна праводзіцца дыяцэзіяй, дзе чалавек памёр. Чалавек павінен быў пражыць дабрадзейнае і сьвятое жыцьцё або загінуць пакутнікам, праявіўшы выключную веру і мужнасьць. Гэта вядзе да тытулу «Слуга Божы». Затым Ватыканская Дэкастэрыя па справах Сьвятых разглядае доказы і можа рэкамендаваць прасунуць справу далей.
Для беатыфікацыі звычайна патрабуецца цуд, зьвязаны з заступніцтвам кандыдата. Гэты цуд, як правіла, ачуняньне, павінен быць пацьверджаны як невытлумачальны медыцынай. Пасьля таго, як Папа прызнае цуд, адбываецца працэс беатыфікацыі, і дазваляецца публічнае ўшанаваньне, якое звычайна абмяжоўваецца пэўнымі рэгіёнамі, зьвязанымі з чалавекам.
Каб перайсьці ад беатыфікацыі да кананізацыі, патрэбны яшчэ адзін цуд. Пасьля праверкі і зацьвярджэньня Папам, асоба праз кананізацыю абвяшчаецца сьвятым, пры гэтым Касьцёл афіцыйна прызнае яго ўзорам хрысьціянскай цноты для ўсіх вернікаў і дазваляе паўсюднае шанаваньне.
Сьвятыя Беларусі
За апошнія дзесяцігодзьдзі працэсаў кананізацыі беларусаў, ці тых, хто непасрэдна зьвязаны з нашай краінай, было не так шмат, у адрозьненьні ад працэсаў беатыфікацыі. Узгадаем пра іх.
Сьвяты Рафал Каліноўскі
17 лістапада 1999 года Папа Ян Павал ІІ далучыў нашага суайчыньніка да ліку сьвятых.
Адразу адзначым, што ў наш час сьвяты Рафал Каліноўскі лічыцца апекуном людзей, якія перажываюць цяжкія ці безнадзейныя справы.
Юзэф нарадзіўся ў 1835 годзе ў Вільні. Ужо на пачатку жыцьця яму давялося сутыкнуцца з незвычайнымі падзеямі. Яго маці памерла неўзабаве пасьля родаў, а бацька ўзяў яе сястру ў жонкі, і яна выхоўвала маленькага Юзэфа. Праз некалькі гадоў памірае і яна, і бацька бярэ шлюб трэці раз – яго абраньніцай стала Сафія Путкамер, дачка знакамітай Марыі Верашчакі – каханая Адама Міцкевіча.
Да пачатку паўстаньня Юзэф Каліноўскі пасьпеў атрымаць адукацыю ў Горы-горыцкім агранамічным інстытуце і скончыць вайскова-інжынэрную вучэльню ў Пецярбургу. Ён выпусьціўся са званьнем падпаручніка, а ў хуткім часе стаў і лейтэнантам. Юзэф плянаваў прысьвяціць жыцьцё інжэнэрыі і вайсковай справе. У 1862 годзе яго прызначаюць на працу ў Берасьцейскую крэпасьць. Сярод яго абавязкаў – пашырэньне ўмацаваньняў.
Ён разумеў, што паўстаньне выбухне. Юзэф баяўся, што Берасьцейская крэпасьць будзе выкарыстаная ў ваенных дзеяньнях супраць паўстанцаў, ён вырашыў кінуць расейскую армію. Калі надыйшло 22 студзеня 1863 года – Каліноўскі знаходзіўся ў Берасьці. Яму атрымалася выбіць сваю адстаўку. У хуткім часе ў Варшаве Юзэф Каліноўскі перадаў паўстанцкім уладам пляны расейскіх крэпасьцей і атрымаў прапанову заняць кіруючую пасаду ў паўстанцкіх органах на землях Беларусі і Літвы. Ён узначаліў Вайсковы аддзел у Вільні.
Юзэф арганізоўваў узброеные сілы, але сам у баях не ўдзельнічаў. Ён таксама адмовіўся выносіць і выконваць сьмяротныя прысуды. Апынуўшыся ў Вільні, Каліноўскі зразумеў, што ўзброеныя сілы паўстанцаў нешматлікія, недысцыплінаваныя і слаба ўзброеныя. Ён заклікаў кіраўніцтва паўстаньня ў Варшаве не павялічваць узброеную дапамогу, бо гэта, на яго думку, прывяло б толькі да марных ахвяраў.
У сярэдзіне 1863 года Юзэф Каліноўскі ўпершыню за 9 гадоў схадзіў на споведзь, пасьля гэтага наведваў штодзённую Імшу і захапіўся тэалёгіяй.
25 сакавіка 1864 года ён быў схоплены і неўзабаве атрымаў сьмяротны прысуд ад расейскіх уладаў. Аднак пасьля пакараньне было замененае на 10 гадоў катаргі ў Сібіры з пазбаўленьнем шляхетнай годнасьці. У эміграцыі Каліноўскі ўсё больш упэўніваўся, што яму варта стаць сьвятаром. Ён вёў вельмі аскетычны лад жыцьця. Пасьля амністыі 1868 года яго вызвалілі, але забаранілі вяртацца на радзіму. Юзэф вымушана абраў Іркуцк, бо там дзейнічаў касьцёл. Праз 6 гадоў атрымаў дазвол вярнуцца, але не на радзіму, а толькі ў Польшчу.
У 1877 годзе Юзэф Каліноўскі далучаецца да манаскага ордэну кармэлітаў, і ўзяў новае імя – Рафал. У хуткім часе ён дасягае вялікага прызнаньня, і становіцца прыёрам (кіраўніком) ордэну на польскіх землях. Рафал прыйшоў да высновы, што разьвіцьцё кармэлітаў патрабуе новага кляштара, і ён вырашае зрабіць яго ў Вадовіцах – менавіта ў гэтым горадзе праз некалькі дзесяцігодзьдзяў народзіцца Караль Вайтыла, будучы Пантыфік Ян Павал ІІ.
Рафал правёў у кляштары 30 гадоў і памёр у 1907 годзе.
Сьвяты Максіміліян Марыя Кольбэ
Ён быў кананізаваны ў 1982 годзе Папам Янам Паўлам ІІ.
Гэты сьвяты быў палякам, але яго служэньне было непасрэдна зьвязанае з Беларусьсю. Раймунд Кольбэ, які нарадзіўся 8 студзеня 1894 года на тэрыторыі Польшчы, зь юнацтва быў захоплены Паннай Марыяй. У 1914 годзе ён склаў вечныя манаскія абяцаньні. У 1915 годзе сьвятар стаў доктарам філязофіі, а ў 1919 годзе – доктарам тэалёгіі.
Максіміліян Марыя Кольбэ ў 1922-1927 гадах служыў у францішканскім кляштары ў Гародні.
У студзені 1922 года у беларускай Гародні ксёндз Кольбэ распачаў місію, якая жыве дагэтуль. Ён пачаў выдаваць часопіс «Rycerz Niepokalanej» (Рыцар Беззаганнай). У 1927 годзе посьпех яго выданьня і рост супольнасьці запатрабавалі пераезду. Кольбэ заснаваў пад Варшавай Непакалянаўскі кляштар. У 1930 годзе ён выправіўся ў японскі Нагасакі, каб заснаваць кляштар і пачаць публікацыю японскай вэрсіі "Рыцара Беззаганай". Ужо пазьней, калі ў 1945 годзе атамная бомба зьнішчыла горад Нагасакі, кляштар Максіміліяна Марыі Кольбэ застаўся некранутым.
Кляштар пад кіраўніцтвам ксяндза Кольбэ ля Варшавы стаў прытулкам для габрэяў. Дакладная колькасьць выратаваных застаецца невядомай. Але вядомыя шматлікія сьведчаньні выжылых габрэяў пра ролю Кольбэ ў вырабе падробленых пасьведчаньняў аб хросьце, што дазволіла ім вырвацца з нямецкай няволі.
Аднак намаганьні Кольбэ не засталіся незаўважанымі. Крытыка нацысцкай палітыкі прывяла да таго, што ў лютым 1941 года гестапаўцы ўварваліся ў яго кляштар і арыштавалі ксяндза Кольбэ.
У траўні 1941 года Максіміліян Марыя Кольбэ быў пераведзены ў Асьвенцым, сумна вядомы канцэнтрацыйны лягер сьмерці. Яго нумарам замест імя стаў 16670.
Але ў гэтых пякельных умовах дух ксяндза Кольбэ застаўся нязломленым. Ён дзяліўся сваім мізэрным пайком з галоднымі, суцяшаў тых, хто страціў надзею.
У ліпені 1941 года пасьля ўцёкаў вязьня, нацысты вырашылі ў адплату замарыць голадам дзесяць чалавек. Адзін з выбраных, Францішак Гаяўнічэк, усклікнуў да сваёй сям’і, і гэтая просьба закранула ксяндза. Ён выступіў наперад і прапанаваў заняць месца Гаяўнічэка.
Ён сказаў намесьніку кіраўніка лягера:
"Я каталіцкі сьвятар. Я хачу памерці за гэтага чалавека". Камандзір, мабыць, ашаломлены такой самаахвярнасьцю ў месцы, дзе яе менш за ўсё чакалі, згадзіўся. Наступныя два тыдні ксёндз Кольбэ перажыў пакутлівы голад.
14 жніўня 1941 года яму зрабілі сьмяротную ін'екцыю, калі ён застаўся апошнім з групы ў жывых.
Блаславёныя Беларусі
Лік блаславёных вядома большы.
Сёстры-назарэтанкі з Навагародку
Адразу 11 сёстраў былі абвешчаныя блаславёнымі 6 сакавіка 2000 года Папам Янам Паўлам ІІ. Яны аддалі сваё жыцьцё за веру ў Навагародку ў 1943 годзе. Дзьве зь іх былі беларускамі – сястра Стэла (народжаная ля Нясьвіжу Адэля Мардасевіч) і сястра Барамэя (народжаная на Гарадзеншчыне Вераніка Нармантовіч).
Ахвяра сёстраў была мілая Богу: ніводзін з мужчынаў, арыштаваных у тыя ліпеньскія дні, не быў ужо расстраляны. Застаўся жывы і ксёндз Зянкевіч, які быў у сьпісах гестапа.
Дзякуючы матэрыялам па беатыфікацыі сучасная сястра назарэтанка Сэбасцьяна апісвала: «Сёстры не маглі забыць ні на хвіліну, не маглі адарваць сваіх думак ад лёсаў сотняў людзей, ад лёсаў многіх знаёмых, якім ў тыя ліпеньскія дні гестапа вынесла сьмяротны вырак. «Мой Божа, калі патрэбна ахвяра з жыцьця, хай лепш нас расстраляюць, чым тых, што маюць сем'і», — прасілі яны.
Маці і жонкі прыходзілі да сёстраў са слязьмі на вачах расказвалі пра сваё гора. А сёстры маліліся. Яны ведалі, што ўжо некалькі дзён гестапа шукае таксама ксяндза Аляксандра Зянкевіча - адзінага наваградзкага сьвятара, які яшчэ быў жывы.
Надышоў апошні дзень ліпеня 1943 года. Ксёндз Зянкевіч рыхтаваўся да набажэнства. Сястра Стэла — настаяцельніца Наваградзкага кляштара паведаміла, што прыйшоў немец і перадаў, каб усе сёстры зьявіліся ў камэндатуру.
Сёстры ўвайшлі ў будынак камісарыяту. Праз гадзіну да будынка пад'ехаў грузавік, іх вывелі вартавыя і загадалі лезьці ў машыну. Немцы ненавісна сьмяяліся, гледзячы, як сёстры ў доўгіх габітах з цяжкасьцю карабкаюцца праз высокі борт. Грузавік паехаў за горад. Станавілася цёмна. У тую ноч грузавік вярнуўся. Сясьцёр зьмясцілі ў сутарэньнях камэндатуры.
Глядзіце таксама
Гэта ноч мела двух сьведкаў (супрацоўнікаў камэндатуры), якія пазьней расказвалі, што сёстры, не маючы магчымасьці легчы крыжам усе адначасова, рабілі гэта па чарзе. А 3 начы іх зноў вывезлі, але гэтым разам трохі далей: машына спынілася за 3 км ад горада. Яма была выкапаная ў некалькіх сотнях крокаў ад дарогі ў невялікім лесе.
Калі яны сталі каля ямы на калені, а іх Маці, іх настаяцельніца, падняўшы руку блаславіла іх, пачуўся першы стрэл.
Сястра Стэла ўпала першая, а за ёю — астатнія сёстры: Імэльда, Раймунда, Даніэля, Канута, Сергія, Гвідона, Фэліцыта, Хэліадора, Канізія і Барамэя».
Блаславёныя пакутнікі часоў Другой сусьветнай
У 1999 годзе Папа Ян Павал ІІ публічна абвесьціў аб 108-мі новых каталіцкіх блаславёных, якія аддалі свае жыцьці ў Другой сусьветнай вайне. Сярод былі і тыя, хто паходзілі з Беларусі, альбо жылі ў нас.
Ксёндз Генрык Глябовіч
Генрык нарадзіўся ў 1904 годзе ў Гародні. Сваім служэньнем аказаў вялікі ўплыў на студэнцкае асяродзьдзе Вільні і віленскае архідыяцэзіі. 3 траўня 1941 года склаў акт адданьня Богу свайго жыцьця як ахвяру за ратаваньне веры ў моладзі. За душпастырскае служэньне ў Беларусі быў расстраляны гестапа 9 лістапада 1941 года ў Барысаве.
Ксёндз Юры Кашыра і ксёндз Антоні Ляшчэвіч
Юры Кашыра
Будучы блаславёны Юры нарадзіўся ля Мёраў у 1904 годзе. У 1924-1925 навучаўся ў Друйскай гімназіі айцоў марыянаў, 2 жніўня 1926 года сам уступіў у гэты манаскі закон. Высьвячаны на сьвятара 20 чэрвеня 1935 года. Год служыў ў Вільні, пасьля зноў у Друі. У 1942 разам з ксяндзом Антоніем Ляшчэвічам выехаў у Росіцу, дзе распачаў місіянэрскую дзейнасьць сярод мясцовага насельніцтва. У 1943 застаўся разам зь людзьмі, зачыненымі фашыстамі ў вясковай хаце, дзе й згарэў жыўцом.
Ксёндз Антоні паходзіў са Смаргоншчыны.
Антоні Ляшчэвіч
Юзэф Ахілес Пухала і Караль Стэмпень
Гэтыя два сьвятары былі абвешчанымі блаславёнымі ў 1999 годзе. Па нараджэньні палякі, яны служылі простым беларусам і ў выніку былі закатаваныя немцамі ў 1943 годзе.
Юзэф Пухала быў пробашчам у Пяршаях. Раней працаваў вікарыем у Гародні ў касьцёле Маці Божай Анельскай. У Пяршаях за паўстаньне ў суседнім Івянцы гестапа арыштавала шмат парафіянаў. Камэнданту нямецкай жандармэрыі, які хацеў даць пробашчу і вікарыю, айцу Каралю Герману Стэмпеню магчымасьць выратавацца, мужныя францішканцы адказалі, што «пастыры не могуць пакінуць вернікаў». Яны далучыліся да арыштаваных і 19 ліпеня 1943 года былі закатаваныя ў гумне ў вёсцы Баравікаўшчызна. Усіх іншых людзей немцы адпусьцілі.
Іншыя блаславёныя пакутнікі
Разам з вышэйпазначанымі, у тым самым 1999 годзе блаславёнымі былі абвешчаныя і наступныя асобы, якія хоць і не паходзілі з Беларусі, аднак аддалі сваё жыцьцё на нашай зямлі:
Ксёндз Мечыслаў Багаткевіч, нарадзіўся ў 1904 годзе ў Польшчы. Падчас акупацыі быў пробашчам у беларускай Дрысе. Славуты сваімі палымянымі гаміліямі і міласэрнасьцю да бедных. Быў арыштаваны гестапа за душпастырскае служэньне і праз два месяцы, 4 сакавіка 1942 года, расстраляны ў Беразьвеччы каля Глыбокага разам з двума Слугамі Божымі: ксяндзом Уладзіславам Мацьковякам пробашчам парафіі Іказьнь і ксяндзом Станіславам Пыртакам, вікарыем той жа парафіі.
Таксама адзначым асобы сястры Марыі Марты ад Езуса (Казіміры Валоўскай), сястры Марыі Евы ад Провіду (Багумілы Наішэўскай) і Мар'яны Бярнацкай.
Глядзіце таксама
Малітва да сьвятога Апекуна
Сьвяты, імя якога я нашу, мой літасьцівы апякуне, тваёй апецы, асабліва ў сёньняшні дзень, я аддаюся і прашу, каб ты сваім заступніцтвам перад Богам дапамагаў мне ва ўсялякіх патрэбах маіх, ратаваў ад зла і выпрасіў для мяне ласку вернага насьледаваньня тваіх цнотаў.
Учыні, мой дарагі апякуне, каб я захаваў вернасьць Богу, нягледзячы на ўсе нягоды зямнога жыцьця, і заслужыў ласку шчасьлівай сьмерці. Амэн.