Калі на самай справе надыходзіць Калядная ноч?

Заканчэнне старога і пачатак новага года — амаль што няўлоўная, імгненная, нават нейкая віртуальная мяжа ў каардынатах сучаснага вымярэння часу.

novyj_5_logo.gif



Бывае, так і хочацца націснуць на нейкую кропку, каб спыніць няўмольную хаду-ціканне насценнага гадзінніка, ухапіць гэта імгненне-мяжу, заціснуць у кулак і патрымаць яго хоць бы столькі, пакуль паспееш загадаць і прагаварыць сам сабе ўсе жаданні і самыя патаемныя мары. А потым выпусціць гэтую птушку ў прасторы Вечнасці і пажадаць новай сустрэчы з ёю роўна праз год.

Наша сучаснае жыццё становіцца настолькі дынамічным, мазаічным, а часам хаатычным, што мы не паспяваем (а можа, не хочам спыніцца) глыбока і змястоўна асэнсаваць сваё жыццё, пражыты год, прааналізаваць тое, што ўдалося і чаму, падумаць-паразважаць пра будучыню.

А як некалі сустракалі новы год нашы продкі? Чым яны жылі, на што спадзяваліся, у што верылі, чым цешылі сябе і сваю душу ў доўгія зімовыя вечары?

Практычна ўся Еўропа на пачатку Х стагоддзя пачынала новы кругазварот са свята Раства Хрыстовага. Гістарычныя звесткі, археалагічныя матэрыялы, шматлікія творы народнай паэзіі сведчаць аб тым, што беларусы, як і іх блізкія суседзі, распачыналі год у розны час, але ён вагаўся пераважна вакол дня веснавога раўнадзенства.

Гэта магло быць на Аўдоццю-вясноўку (14 сакавіка), 21 сакавіка — у дзень веснавога раўнадзенства, 22 сакавіка — на Саракі.

На больш позніх этапах пачатак года у розных рэгіёнах Беларусі не супадаў. Тая тэрыторыя, якая была ў складзе Рэчы Паспалітай, з 1364 года святкавала нараджэнне года 1 студзеня. Ва ўсходняй частцы Беларусі год пачынаўся з вясны, а затым з 1493 да 1700 года ў адпаведнасці з Візантыйскай царкоўнай традыцыяй — 1 верасня.

Трэба адзначыць, што «кніжны», царкоўны варыянт летазлічэння не атрымаў падтрымкі ў асяроддзі простага народа. У 1700 годзе выйшаў загад Пятра Вялікага аб святкаванні пачатку года 1 студзеня. Менавіта ў гэты час адзначаюць Новы год усе еўрапейскія народы і ў наш час. Тры стагоддзі існавання гэтай традыцыі на Беларусі пакінулі адбітак у каляндарна-абрадавай паэзіі. Тыя ж валачобныя песні зафіксавалі традыцыю распачынаць новы гадавы цыкл з Калядаў або Раства Хрыстовага: «Святое Раство напярод прыйшло, святое Васілле на Новы год, а на Новы год паздраўляецца...»

У структуры ўсяго каляднага цыкла святкаванняў было тры куцці, якія чаргаваліся з інтэрвалам у адзін тыдзень. Спачатку адзначалі Першую, Бедную, Посную куццю, потым Багатую, Шчодрую, нарэшце Трэцяя куцця зноў-такі была Поснай і Вадзяной. Гэта чаргаванне настолькі прадуманае, дакладна выверанае, што нам застаецца толькі дзівіцца мудрасці нашых далёкіх продкаў.

Каб зразумець гэты жыццёва-прыродны рытм, трэба звярнуцца да схемы, на якой зафіксаваны фрагмент народнага календара, які ахопліваў час напярэдадні Калядаў і які ішоў услед за імі. Схема паказвае, што Каляды з'яўляюцца своеасаблівым двухтыднёвым мастком-пераходам з Піліпаўскага посту ў Зімовы Мясаед. Хіба можна было пасля працяглага і строгага ўстрымання ад ежы жывёльнага паходжання адразу ж перайсці ў Мясаед? Зразумела — нельга. Таму Каляды з іх прадуманай зменлівасцю, паслядоўнасцю, пластычнасцю пераходу — Посная — Багатая — Посная куцця — паступова «выводзілі» чалавека з зоны працяглага ўстрымання (посту) і гэтаксама няспешліва рыхтавалі («пераводзілі») да часу актыўнага спажывання тлустай ежы. Менавіта такі ж паслядоўны, узважаны, дакладна разлічаны пераход будзе вызначаць жыццё людзей у прамежку часу паміж Мяса-едам — Масленіцай («мяса-пустам») і Вялікім постам.

Калі ўспомніць гістарычны дыялог культур, які адбываўся на Беларусі на працягу многіх стагоддзяў, то атрымалася так, што разам з Першай каляднай куццёй сталі адзначаць Раство Хрыстова, разам з Другой куццёй — святое Васілле, разам з Трэцяй куццёй — Вадохрышча, або Богаяўленне.

Ну а зараз давайце засвоім: беларусы-каталікі святкуюць Каляды з 24 снежня да 6—7 студзеня, праваслаўныя беларусы — з 6 да 20—21 студзеня.

Першая, Посная, куцця і Раство Хрыстова святкуюцца беларусамі-каталікамі 24—25 снежня, праваслаўнымі беларусамі — 6—7 студзеня.

Другая, Шчодрая, Багатая куцця і ўшанаванне святога Васілія Кесарыйскага (у народзе — святое Васілле), а таксама Новы год святкуюцца беларусамі-каталікамі 31 снежня — 1 студзеня, праваслаўнымі беларусамі 13—14 студзеня. Адсюль і назва Стары Новы год.

Трэцяя, Посная, Вадзяная куцця і Вадохрышча святкуюцца беларусамі-каталікамі 5—6 студзеня, праваслаўнымі беларусамі — 18—19 студзеня.

Такім чынам, гістарычна дакладным з'яўляецца святкаванне першай Каляднай ночы вечарам з 24 на 25 снежня, аднак не будзе недарэчнасцю і тое, калі доўгачаканыя госці-калядоўшчыкі завітаюць да вас у хату вечарам 7 студзеня. Галоўнае — каб вашу хату не абмінулі сонечнае навалецце, святло, дабро і шчасце.

Аксана Катовіч, Янка Крук, zviazda.by