ТОП-5 калядных варожбаў. Як цікава бавіць калядныя вечары – з сябрамі ды паасобку
Нашыя продкі верылі, што калядныя вечары – час, калі чалавек можа звярнуцца да насельнікаў іншага свету і даведацца сваю будучыню. Асабліва прыдатнымі на гэта лічыліся ночы перад Калядамі, Васіллем (Шчодры, Стары Новы год) і Вадохрышчам. Belsat.eu сабраў некалькі традыцыйных беларускіх варожбаў, якімі можна скарыстацца і ў наш час.
Перад тым, як варажыць, важна выбраць правільнае месца: нежылое памяшканне (лазня, гарышча) альбо жылое, але без абразоў. Бо лічылася, што ў месцы варажбы утвараецца своеасаблівы тунэль у іншы свет. Калі месца выбрана і вы падрыхтаваліся да таго, каб даведацца, які лёс вас чакае, можна пачынаць.
1. Варожба на прадметахПадыходзіць для кампаніі з некалькіх чалавек. У кошык, пасудзіну ці мех кладуцца розныя прадметы: гаманец, цукар, пярсцёнак, цыбуліна, бутэлька ці пляшка з гарэлкай, вугалёк, запалкі… Карацей, што пад руку трапіць. Далей усіх удзельнікаў трэба папрасіць заплюшчыць вочы. Нехта адзіны абыходзіць з мехам усіх прысутных і прапаноўвае дастаць прадмет, які першы трапіць у руку. Хто што выцягне – у таго і пара будзе адпаведная. Напрыклад, калі дзяўчына выцягне гаманец, муж яе будзе заможны, калі бутэльку – будзе п’яніцам. Цукар ці цукерка азначаюць салодкае жыццё, цыбуліна ж – горкае. Варажба цікавей, калі ў працэсе ўдзельнічае як мага больш людзей і прадметаў.
2. Варожба на спаленай паперыПадыходзіць нават для аднога чалавека. Патрэбна талерка, газета ці папера ды запалкі. Трэба скамячыць паперу ды падпаліць яе на дне перакуленай талеркі. Затым паднесці талерку з попелам да сцяны і глядзець на цень, у якім можна пабачыць абрысы сваёй будучыні. Галоўнае тут – не спаліць памяшканне, у якім вы праводзіце абрад. А калі вы варожыце ў сваім пакоі, то адчыняйце вокны, каб пах спаленай паперы не непакоіў вас на працягу яшчэ некалькіх дзён!
3. Варожба на запалкахДастаткова лёгкі спосаб даведацца, ці наканавана вам быць з вашым хлопцам або дзяўчынай. Спачатку загадваеце чалавека, затым бераце скрыначку запалак. Дзве запалкі ўстаўляеце па бакох і падпальваеце. Калі згарэлыя запалкі павярнуліся галоўкамі адна да адной – значыць, вашая пара вам падыходзіць і вам наканавана быць разам. Калі ж не – магчыма, давядзецца пашукаць іншых варыянтаў.
4. Варожба на воскуСамы цікавы спосаб варожбы ў плане выканання. Вам спатрэбіцца пасудзіна з вадой, свечка ды лыжка. Воск свечкі трэба раздрабніць у лыжку і расплавіць, а затым выліць у ваду і даць хвілінку, каб воск застыў. Потым варта выцягнуць атрыманую васковую фігуру і ўжо разглядаць, што рыхтуе вам жыццё наперадзе.
Калі вы ўбачыце кветку, то гэты год будзе для вас паспяховым у асабістым жыцці, нейкую жывёлу – то хутка ў жыцці зʼявіцца вораг. Палоскі з воску – да падарожжаў. А вось калі раптам убачыце крыж – гэта не дужа добры знак, які азначае бяду ды хваробу. Дрэва ж наадварот сімвалізуе здароўе, пладавітасць і дабрабыт. Зрэшты, тым і цікавыя варожбы, што вынікі заўжды мусяць быць праўдападобнымі і набліжанымі да жыцця, у якім здараецца ўсякае.
5. Варожба па кнізеПадыходзіць для штодзённай варожбы. У дзяцінстве так, пэўна, рабілі ўсе, каб даведацца што прынясе той ці іншы дзень – напрыклад, ці чакаць поспехаў на школьным іспыту. Але мала хто ведае, што нашыя бабулі ў маладосці таксама практыкавалі гэты від варожбаў, падыходзячы да яго больш сурʼёзна. Так, варажылі па кнігах, каб даведацца – ці чакаць шчасця ў асабістым жыцці ды побыце. Тэхналогія варожбы простая: трэба ўзяць вялікую кнігу, загадаць старонку і нумар радка і прачытаць прадказанне, схаванае ў гэтым радку.
Верыце вы ў варожбы ці не, але, карыстаючыся гэтымі метадамі пазнання лёсу, добры настрой на вечар вам дакладна гарантаваны. А там, магчыма, і шчасце дадасца. Дзяліцеся сваймі спосабамі варожбаў у каментарах. А Belsat.eu жадае ўсім чытачам цудоўных і насычаных святаў!
Ганна Вашчанка, фота аўтара