Казкі дзядзькі Сержука

У кнігарні «ЛогвінаЎ» адбылася прэзентацыя кнігі і аўдыёдыска «Дзіць-дзілінь: пара гуляць у казкі» вядомага беларускага грамадскага дзеяча, журналіста, а цяпер і пісьменніка-казачніка Сержука Вітушкі. (На здымку: Сяргей Вітушка)



1ef03ed0cd5863c550128836b28ec3e9.jpg

У кнігарні «ЛогвінаЎ» адбылася прэзентацыя кнігі і аўдыёдыска «Дзіць-дзілінь: пара гуляць у казкі» вядомага беларускага грамадскага дзеяча, журналіста, а цяпер і пісьменніка-казачніка Сержука Вітушкі.

(На здымку: Сяргей Вітушка)


Але перш чым пачаць распавядаць пра гэтую заўважную культурную падзею, мушу адзначыць, што, магчыма, яна не была б такой чаканай, калі б не асоба аўтара. Сяржук Вітушка — адзін з пачынальнікаў моладзевага беларускага адраджэнскага руху, арганізатар экалагічных акцый, без якіх нельга ўявіць 80-я гады ў Беларусі. У той час моладзевая арганізацыя «Талака», якую ўзначальваў Сяржук, была адным з вядучых нюс-мэйкераў для партыйных выданняў і савецкіх баявых лісткоў, кшталту «Политического собеседника». Нягледзячы на тагачаснае шалёнае цкаванне «талакоўцаў» і іх лідара, Сяржук назаўсёды застаўся палымяным патрыётам Беларусі, шчырым і таленавітым чалавекам. Нават калі вымушаны быў па стану здароўя адыйсці ад актыўнай грамадскай дзейнасці і пераехаць у Вільню. Але і тады ў старажытнай сталіцы ВКЛ Сяржук Вітушка браў удзел у адраджэнні беларускай гімназіі, працаваў настаўнікам.
Вопыт настаўніка атрымаў свой лагічны працяг у творчым жыцці Сержука: ім была падрыхтавана да выдання дзіцячая кніга «Дзіць-дзілінь: пара гуляць у казкі», да якой быў выдадзены аўдыёдыск з аналагічнай назвай. Цікава, што амаль усе казкі Сержука Вітушкі былі прачытаны і запісаны не прафесіянальнымі чытальнікамі, а вядомымі ў беларускай культуры творцамі. Сярод тых, хто прыняў удзел у працы над дыскам, мы знаходзім прозвішчы музыкантаў Алега Хаменкі, Ганны Хітрык, Лявона Вольскага, Зміцера Вайцюшкевіча, Сяргея Сокалава-Воюша, Алеся Камоцкага, літаратараў Уладзіміра Арлова, Андрэя Хадановіча, Адама Глобуса, Тамары Лісіцкай. Акрамя гэтых выканаўцаў гучаць галасы заслужанай артысткі Беларусі Зінаіды Бандарэнкі і амбасадара Швецыі ў Беларусі Стэфана Эрыксана.
Многія з гэтых вядомых асоб, якія агучылі казкі, з ахвотай прыйшлі на прэзентацыю кнігі і дыска ў кнігарню «Логвінаў», ціснулі руку аўтару. Прыезд у сталіцу Сержука Вітушкі быў самым галоўным сюрпрызам для тых, хто доўгія гады ведаў яго па «Талацэ», хто сачыў за творчай дзейнасцю Сержука.
Вядучы прэзентацыі, мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі, зазначыў, што выданне кнігі і аўдыёдыска з казкамі Сержука — гэта вынік сумеснай працы многіх людзей, паплечнікаў аўтара. І творчы плён сумеснай працы не быў бы такім важкім, калі б не намаганні тых, хто ўзяў каардынацыю праекта ў свае рукі. А гэта супрацоўнікі «Беларускага Радыё Рацыя» і інтэрнэт-партала Tuzin.FM. Дзякуючы гэтаму, сама праца і атмасфера ў студыі нагадвала 80-я гады, калі нікога не трэба было ўлагоджваць, угаворваць, калі ўсе пагаджаліся і працавалі дружнай талакой.
Як паведаміў у пачатку прэзентацыі ўладальнік кніжнай крамы «Логвінаў» Павел Касцюкевіч, кніга Сержука Вітушкі «Дзіць-дзілінь: пара гуляць у казкі» з ілюстрацыямі Міхала Анемпадыстава па колькасці продажаў заняла шостае месца ў агульным спісе ўсёй прапанаванай пакупнікам прадукцыі. А вось сярод дзіцячай літаратуры твор не меў сабе роўных. Гэта вялікі поспех светлага казачніка з Вільні, які мае паўтарыцца і ў выпадку з аўдыёдыскам!
Кіраўнік інтэрнэт-партала Tuzin.FM. Сяргей Будкін падзякаваў усім паплечнікам: творчым асобам, якія згадзіліся «аддаць» праекту свае галасы, выдаўцам, мастаку, які аформіў кнігу і дыск з такімі выкшталцонымі ілюстрацыямі, за плённую сумесную працу. Вынікам яе стала цудоўнае выданне, якое паслужыць нашым дзеткам, упрыгожыць хатнюю фанатэку беларуса. Таксама ўражвае той факт, што кожны трэк дыска сваім асабістым жыццём мае непаўторную акустычную атмасферу, кранае розныя струны душы таго, хто слухае казкі Сержука Вітушкі.

Ілюстрацыя Анемпадыстава да кнігі


Літаратар і бізнесовец Адам Глобус прызнаўся, што таксама захапляецца складаннем казак. Але ў яго яны атрымліваюцца ўрбаністычнымі, часцяком «чорнымі» па зместу. Але папрацаваць над казкамі Сержука Вітушкі — «светлага» казачніка — было для Адама новым творчым вопытам.
Як абсалютна новым досведам стаў удзел у такім праекце для амбасадара Швецыі ў Беларусі Стэфана Эрыксана. «У працы амбасадара, — падкрэсліў спадар Эрыксан, — выпадаюць розныя творчыя магчымасці, якія не хочацца прапускаць». Адным з такіх шанцаў для цікавай працы і сустрэч стаў запіс казкі «На Купалле» для праекта Сержука Вітушкі «Дзіць-дзілінь: пара гуляць у казкі». «Гэта цудоўны праект, і я рады, што прыняў у ім удзел!» — падкрэсліў спадар амбасадар.
Калі слова было прадстаўлена самому казачніку, дык зала кнігарні здрыганулася ад апладысментаў удзячнай публікі, асабліва дзетак, якія ўчынілі ў кнігарні невялікі гармідар. Сяржук шчыра дзякаваў усім, хто аддаў часцінку сваёй душы і таленту ў рэалізацыю гэтага праекта з яго казкамі. Падкрэсліў, што пазнаў усе галасы, тых хто чытаў яго казкі. А яшчэ Сяржук падзяліўся з прысутнымі сваімі планамі. Па-першае, ён працуе над класічнымі беларускімі казкамі, якія апрацоўвае, робіць больш сучаснымі і больш цікавымі сённяшнім маленькім слухачам. Па-другое, у планах Сержука выданне кнігі казак «Тэатр на далонях», у якой ён вучыць як з дапамогай дзіцячых пальчыкаў распавядаць цікавыя гісторыі.
Яшчэ адзін удзельнік праекта «Дзіць-дзілінь: пара гуляць у казкі» — вядомы беларускі фолк-музыкант, кіраўнік фолк-рок-гурта «Палац» Алег Хаменка — надаў сустрэчы непаўторнае музычнае адценне. Бо ў яго выкананні гучала беларуская народная музыка, якая мае ў большасці сваёй казачныя карані. Тут згадваюцца і «Дзеўка-сямілётка», і «Кола грукатала», «Чужыя дзеўкі» і шмат іншых мелодый. «Я ганаруся, што ўзяў удзел у агульнай працы над гэтымі цудоўнымі казкамі», — адзначыў напрыканцы прэзентацыі Алег Хаменка. Гонар за сваю працу і яе вынік стаў лейтматывам сустрэчы мінчукоў з віленскім беларускім казачнікам Сержуком Вітушкам.