«Кожны з нас на зямлі толькі госць». Лёсы расстраляных паэтаў: Юрка Лявонны

«...Яму прыпісалі некалькі страшных артыкулаў, а ён толькі пасмейваўся, што ўсё гэта глупства, няма ніякай зачэпкі для абвінавачання, суцэльная хваравітая фантазія следчых. Суд разбярэцца, усё рассыплецца пылам, і мы хутка сустрэнемся дома. Ён заўсёды быў аптымістам, і не хацелася расчароўваць скепсісам...»

247644180_607560803759766_9150026959181945277_n.jpg


Ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года была адной з самых страшных начэй для Беларусі. У гэтую ноч бальшавіцкія каты пазбавілі нашу краіну голасу — голасу сумлення — расстраляўшы 26 беларускіх паэтаў, пісьменнікаў, перакладчыкаў. 26 жыццяў. Дзясяткі кніг. Сотні вершаў. Адна беларуская культура, якая і па сёння перажывае гэтую вялікую страту.

Да гадавіны «Ночы расстраляных паэтаў» «Новы Час» расказвае пра некаторых з тых, чые вершы ўжо больш за 80 гадоў шапочуць хвоі ў курапацкім лесе.

Юрка Лявонны

Ёсць паэты, якіх адкрываеш для сябе як цэлы сусвет, вершы якіх з’яўляюцца арганічным працягам іх саміх. Пра такіх чытаеш з захапленнем, з гонарам за тое, што ідзеш іх шляхамі, такіх ставіш сабе ў прыклад. Ёсць паэты, пасля знаёмства з якімі, як мантру, паўтараеш, што трэба размяжоўваць аўтара і чалавека — настолькі непрыемным аказваецца знаёмства. Ёсць паэты, якіх, пры ўсёй тваё прынцыповасці і максімалізме, ты мусіш зразумець, улезці ў іх шкуру, паставіць сябе на іх месца. Часам на гэта не хапае сіл. Але бывае, гэта атрымліваецца так удала, што яны — гэтыя неідэальныя, амаральныя, непрыемныя, — становяцца любімымі.

А здараецца гэта проста. Дакладней, канешне, зусім не проста, але з гістарычнай перспектывы, для чалавека, які чытае звычайны артыкул, гэта толькі пара абзацаў. Восем дзясяткаў гадоў таму гэтыя пара абзацаў былі чыімсьці жыццём. І вось яно праходзіць, пралятае ў адно імгненне ў эйфарыі сацыялістычнага будаўніцтва, у апяванні светлай камуністычнай будучыні, і нішто не паказвае на тое, што аднойчы гэтая будучыня табе здрадзіць. А калі гэта здараецца — моцны ўдар у самае сэрца — і ў цябе расплюшчваюцца вочы, вось тут якраз і надыходзіць момант, які вырашае ўсё ― ці палюбіць цябе праз гады той, хто будзе чытаць твае вершы, ці апраўдаеш ты яго чаканні. І калі гісторыя заканчваецца годна, нікому пасля не будзе сорамна прыбраць пыл з тваіх кніг.

Юрка Лявонны — Леанід Мікалаевіч Юркевіч — нарадзіўся 16 (29) ліпеня 1908 г. у горадзе Чавусы Магілёўскай губерні (цяпер Магілёўская вобласць) у сям’і настаўнікаў. У доме бацькоў было шмат кніг, і гэты факт меў вырашальнае значэнне для лёсу будучага паэта, начытанасць якога будзе бачная потым скрозь радкі яго вершаў. Скончыў Чавускую сямігодку, Магілёўскі педтэхнікум і Мінскі педінстытут (крытыка-творчае аддзяленне літаратурнага факультэта). Творчыя задаткі ў яго праявіліся яшчэ ў школе, а свой першы верш — «В дни скорби» — Лявонны надрукаваў у 1925 годзе ў магілёўскай газеце «Соха и молот» пад сапраўдным прозвішчам. Так пачаўся шлях 17-гадовага юнака ў літаратуру.

У верасні 1925-га ён узяў сабе псеўданім Леанідаў і пад ім друкаваў вершы, артыкулы і рэцэнзіі ў газеце «Магілёўскі селянін», а ўжо ў кастрычніку таго ж года паэта прынялі ў Магілёўскую філію «Маладняка».Юрка Лявонны, псеўданім, які прынёс яму вядомасць, з’явіўся ўвесну 1926 года і быў утвораны ад сапраўднага імя паэта — Лявон (Леанід) Юркевіч.

Тагачаснае жыццё было атручана ідэалогіяй, якая была не толькі формай выяўлення, але і ладам думак. Калі хацелася жыць, трэба было думаць па-савецку. Малады Юрка Лявонны грашыў «буржуазнасцю»: яго абвінавачвалі ў «левым імажынізме» і «амерыканізме», «хібах фармальнага парадку». Мяркуйце самі, ці мог прыстойны савецкі літаратар напісаць такі верш?


Зімовая радасць

Ёсць настроі... А ў іх — пералівы.

Ёсць часіны — здаюцца сном.

Толькі той на свеце шчаслівы,

Хто узімку жыве, як вясной!

Я стаю адзінокі на полі, —

Ціха сыплецца золкаў пясок...

Распрануўся вецер — і голы —

Па раллі — ў карагодны скок!..

Дуб галлё пабялелае звесіў,

І не ведаю — можа, ўва сне —

Паваліўся зялёны месік

На калені ў срэбны снег...

Вецер шэпча ліхія пагрозы —

Колькі злосці... Куды ж яе дзець?..

Прытулілі б мяне вы, марозы,

Да асмужаных беллю грудзей!..

Я раздумаў — не вылью слязамі,

За мяне — хай скрыгоча зіма...

Ой ты, замець — сівая замець, —

Прыгажэй за цябе — няма!..


«Канешне, не мог», — адкажаце вы. Вось і Лявоннаму давялося «пакаяцца». 13 траўня 1926 года ў «Аўтабіяграфічнай характарыстыцы» сямнаццацігадовы хлопец напісаў:

«Лічу для сябе досыць шкодным маё апошняе захапленне імажынізмам, якое, безумоўна, не зусім адпавядае мэце аб’яднання, да якога я належу...

Думаю, што гэта плынь, пад цвярозым поглядам на мэты пралетарскай творчасці, — пройдзе, як і шмат чаго праходзе ў 17 гадоў!..

Застанецца толькі здаровы, рэальны падыход да абмалёўвання жыцця, застанецца бадзёрае, светлае мэтаімкненне на грунце класава-марксісцкай ідэалогіі».

Так Юрка Лявонны стаў «пралетарскім паэтам». Ён выступаў у друку з крытыкай «вобразнасці» ў творах маладых аўтараў, Язэпа Пушчу вінаваціў у імажынізме, пісаў вершы, прысвечаныя класаваму змаганню, антырэлігійнай барацьбе, Чырвонай арміі, з’езду калгасаў. Усё, што было жывога, адметнага, у іх знікла, гэта былі вершы-агіткі — тое, чаго патрабаваў час і што дазваляла заставацца на плыву.

Яшчэ ў Магілёве Лявонны пазнаёміўся з актрысай мясцовага тэатра Яўгеніяй Гольберг. Пара неўзабаве ажанілася і ў 1930-м пераехала ў Мінск. Жылі на вуліцы Фурманскай, 9, мелі дачку Іну, якая нарадзілася ў 1935 годзе і якую пасля арышту бацькоў забралі ў дзіцячы дом.

З 1930-га па 1932-гі Юрка Лявонны практычна адным махам выдаў 5 кніг паэзіі і зборнік нарысаў. Назвы адпаведныя: «Камсамольскія вершы», «Штурм», «Жалезныя віхуры», «Разбег», «Стала і мужна», «Крок пяцігодкі».

Разам з тым, парадаксальным чынам ён жа — аўтар верша пра Кастуся Каліноўскага:


...Слухай, вёска,

Запечная, цьмяная!

Вестку волі Кастусь прынёс...

— Тваё цела ў нязлічаных ранах,

Ланцугамі акован лёс...


— Выхадзі-ж на паўстанак, жытнёвая, —

Час памерацца сілай даўно!

Заспяваеш тады песні новыя,

Як прагоніш з зямлі паноў.


Нікне ў цвецені рань цёмна-шэрая.

Шмат загінула там,

на масту...

Беларусь Кастусю паверыла —

І пайшоў на паўстанне Кастусь...


Бізуны... Бізуны... Зорка бліскае.

А ў лясох —

Для паўстанца прастор!..

Ой, крывавы туман на Лукішках

І над Горадняй крыўды стон...


Да змагання прызыўныя тоны

Строфы коўкія

ў сэрцы выбілі...

...Беларусі палеткі звоняць

Шэрагам

               шэрых

                          шыбеніц.


І надоўга,

надоўга замоўклі

Кастуся агнявыя словы.

І праводзілі белыя воўкі

Мураўёўскія прапановы...


Разгуляліся ветры па полю,

Але памяць аб тым не замесці,

Хто аправіў мужыцкую волю

У паўстанцкія, смелыя песні!..


За чырвонай мяжой —

шал і лёскат.

Але стануць і там у калоны —

Не адзін Кастусь Каліноўскі,

А такіх, як ён — мільёны!..


Шэсць кніг — гэта не так ужо і мала, калі табе толькі дваццаць з хвосцікам. Але паэт не збіраўся на гэтым спыняцца і планаваў яшчэ некалькі: зборнік апавяданняў «Човен у моры», кніга выбранага «Радком і сэрцам» і сумесны зборнік Лявоннага, Шушкевіча і Піваварава «Ордэр на заўтра». Планам ажыццявіцца было не дадзена: хутчэй за ўсё, па той прычыне, што паэта абвінавацілі ў «контррэвалюцыйных вершах». На першы раз справа абышлася выключэннем з педінстытута, дзе ён усё адно неўзабаве аднавіўся.

Другі раз лёс напаткаў «палымянага пралетарыя» 30 кастрычніка 1936 года: Юрка Лявонны быў арыштаваны як «член шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі» і расстраляны праз год, у страшную ноч з 29-га на 30-е кастрычніка 1937-га. Пра час у турме пісаў яго сябар Сяргей Грахоўскі, які прайшоў праз Салавецкія лагеры і выжыў:

«У верасні 1937 мяне перавялі ў гарадскую, кацярынінскіх часоў, турму і кінулі ў агульную камеру. Якраз пад ёю, акно пад акном, у сутарэнні сядзеў Юрка Лявонны. Вокны забіты так званымі “наморднікамі”. Святло падала толькі зверху, а гук ішоў угару. Мы адразу пачалі з Юркам перагаварвацца. Яму прыпісалі некалькі страшных артыкулаў, а ён толькі пасмейваўся, што ўсё гэта глупства, няма ніякай зачэпкі для абвінавачвання, суцэльная хваравітая фантазія следчых. Суд разбярэцца, усё рассыплецца пылам, і мы хутка сустрэнемся дома. Ён заўсёды быў аптымістам, і не хацелася расчароўваць скепсісам.

Лявоннага ведала ўся турма і кожны досвітак чакала яго выхаду “ў эфір”. Нас, “палітычных”, адразу пазбавілі кніг і газет. На апошнім паверсе сядзелі непаўналетнія злачынцы. Іх старанна перавыхоўвалі — давалі газеты і чыталі кнігі, але не дазвалялі курыць. Лявонны з імі ўстанавіў сувязь: на досвітку дыктарскім голасам гукаў: “Атанда! Давай каня”. Праз якую хвіліну на завязаных матузках спускаўся скрутак газет проста ў “наморднік” Юркавай камеры, а назад па сігнале “Трымай!” узнімаўся пачак махоркі. Неўзабаве з падвальнага акна чуўся выразны, добра пастаўлены голас Лявоннага: “Увага! Слухайце навіны”. І пачынаўся сціслы агляд газетных паведамленняў, потым ён пераходзіў да турэмных навін: каго выклікалі на допыт, хто на каго накляпаў, каго арыштавалі. З асаблівай асалодай ён паведаміў, што былы пракурор Глезер, які падпісваў на нас ордэры, на трэцім паверсе турмы выносіць парашу. Кожны досвітак, пакуль драмалі наглядчыкі, турма слухала “перадачы” Лявоннага.
Прыкладна ў канцы верасня Лявонны “не выйшаў у эфір”. Усе ўстрывожыліся. Выстукваю “бястужаўкай” у яго камеру: “Дзе Юрка? Чаму маўчыць?” Адказ: “Выклікалі на суд без рэчаў”. Назаўтра зноў маўчыць шостая камера, на наступны таксама. Праз чатыры дні паведамілі з сутарэння: “Не вярнуўся. Забралі рэчы”».

З тых, хто праходзіў з ім па адной справе, Юрка Лявонны быў адзіным, хто, нягледзячы на катаванні, не падпісаў данос на Цішку Гартнага, якога абвінавачвалі ў «сувязі з нацдэмаўскімі і фашысцкімі элементамі».

28 кастрычніка 1937 года пазасудовы орган НКУС прысудзіў Лявоннага да смяротнага пакарання з канфіскацыяй маёмасці. 29 кастрычніка прысуд быў прыведзены ў выкананне. Рэабілітаваны ў 1957 годзе.

Яго жонка, Яўгенія Гольберг, была арыштаваная 5 лістапада 1938 года як «член сям’і ворага народу». Ёй прысудзілі 8 гадоў лагераў, вызваленая яна была 5 лістапада 1945-га і рэабілітаваная ў 1956-м.

Лёс дачкі Іны, якую забралі ў дзіцячы дом, невядомы.

У 2018 г. у выдавецтве «Галіяфы» выйшла кніга «Пералівы» з вершамі Юркі Лявоннага, укладальнікам якой быў Віктар Жыбуль. А ў 2017-м гурт «Vuraj» запісаў песню на верш Лявоннага «Зімовая радасць».


Падарожнае

(у падшэфную)


Поле, поле! Гуляе вецер...

Пералескі... І срэбны снег...

На марозе жаданняў вецце

Заплялося ў бунтоўным сне.


Раззлаваліся ёлак атрады...

Вецер, вецер! Не рвіся дарма...

І прагоніць кудлатая радасць

З пасівелых палёў туман.


Хутка думак прыстане човен

Да празрыстых дзён-берагоў.

Толькі золкі — ружовыя пчолы

Зашнуруюць з усіх бакоў!


Вось прыехалі. Стала падвода.

Скрозь па вёсцы відаць агні,

Бо ўжо радасць мая — на ўзводзе,

І на струнах — гудзяць авадні!..


Правады

За высокім акном правады —

Гнуткай меддзю апраўлены дрот.

І бягуць тэлеграмы ўпярод,

І сплываюць, як ранішні дым...


Кожны з нас на зямлі толькі госць:

Гэта — вечная радасць і драма...

Як па медных дратох тэлеграма ―

Прамільгне і мая маладосць.


І не ўспомніць таго, што чыталі,

Што казалі пяшчотнае: «Вер!»...

Паглядаць будзе сённяшні верш

Мармуровай, забытай скрыжаллю.


За высокім акном правады

Дзіўнай музыкай сэрца нітуюць.

Песню іхную — гэтак прастую —

Ловяць вёскі, палі, гарады...


Правады, уцякаючы, звоняць,

Абдае іх рыжэючы пыл,

І гудзяць пры дарогах слупы

Ад Дзвіны да глыбокага Дону.


За высокім акном правады,

За высокім акном — шумны горад...

Пралятаюць — і шчасце, і гора,

Як ружова-расцвечаны дым.


Аборт

Калі ішла — гарэлі блікі

На скрыжаваннях шэрых пліт,

І так хацелася паклікаць

Таго, хто болем

Ў сэрца ўліп.


Было звычайна ўсё і проста

Ў абломках чэрвеньскага дня.

І не было каго на ростань

Ні прыгалубіць,

Ні абняць...


І сцены душнае бальніцы

Схавалі нерашучы крок.

Гарэлі ў сонцы камяніцы

І ад чакання

Стыла кроў.


А як на поўдзень 

Сталі цені

І спахмурнеў бальнічны сад —

Дрыжэлі вузкія калені

І пакаёвы далягляд...


І знікла радасная мэта, —

Маўклівы доктар

Яе сцёр.

І бляск халоднага пінцэта

На міг запаланіў жыццё.


Было забойства эпілогам.

Пасля яго — не йдуць назад...

І толькі сонца 

Дзесь за логам

Кідала золата ў закат.


У артыкуле выкарыстаныя матэрыялы кніг «Расстраляная літаратура» («Беларускі кнігазбор», 2008), «(Не)расстраляныя» («Янушкевіч», 2021), адкрытай лекцыі Віктара Жыбуля і артыкула Васіля Дранько-Майсюка.