Лёс канцэрта «Салідарныя з Беларуссю» — пад пытаннем

Ужо больш за 10 гадоў існуе ініцыятыва «Вольная Беларусь». Суполка збірае палякаў, якія цікавяцца Беларуссю, да ініцыятывы таксама далучаюцца беларусы, якія прыехалі ў Польшчу вучыцца ды працаваць.

2016_06_10_zavalnia_wb_fota_2.jpg

 

Удзельнікі арганізацыі завіталі на варшаўскія курсы “Мова нанова”, якія праводзіць Станіслаў Раманчук.

 

Пра сутнасць ініцыятывы “Вольная Беларусь” распавядае "Радыё Рацыя" яе ўдзельніца Вікторыя Хакімава:

 

Нашая арганізацыя аб’ядноўвае розныя ўзросты, розных людзей, якія займаюцца рознымі рэчамі. Гэта і студэнты, гэта людзі, у якіх ёсць сталая праца. Намагаюся займацца рэчамі, якія для мяне вельмі важныя. Гэта Беларусь, гэта праекты, звязаныя з Беларуссю, з культурай, з грамадскай дзейнасцю.

 

Агнешка, сябра арганізацыі, узгадвае пра пачаткі ініцыятывы:

 

— “Вольная Беларусь” стварылася ў 2006 годзе. Раней маладыя палякі арганізоўвалі акцыі падтрымкі для Аранжавай рэвалюцыі ва Украіне. На хвалі гэтай рэвалюцыі, пасля таго, як рэвалюцыя скончылася, прайшлі перамены ва Украіне, каб таксама падтрымаць Беларусь. Сярод гэтых людзей, якія хацелі надалей камусьці дапамагаць, сваім суседзям, якія акружаюць Польшчу, з’явіліся людзі, якія былі актывістамі, людзі, якія ведалі Беларусь, беларускую мову, беларускія традыцыі, звычаі.

 

Стваральнікі суполкі часта падкрэсліваюць, што ініцыятыва не з’яўляецца палітычнай. Ініцыятыва мае шырокае поле зацікаўленасці, адзначае Анжаліка Пэльяк-Лапіньска:

 

Мне здаецца, што нельга асацыяваць ініцыятыву “Вольная Беларусь” толькі з палітыкай, бо мы вельмі хочам запрэзентаваць беларускую культуру палякам. Мы спадзяемся, што праз нашыя акцыі, праз праекты, у якіх удзельнічае шмат моладзі, напрыклад, здзейсніліся некалькі праектаў, якія менавіта засяроджваліся на абмене навучэнцаў ліцэяў, дзе яны наўпрост праз чалавека маглі знаёміцца з Беларуссю. Мы хочам паказаць, што Беларусь вартая нашай увагі.

 

Жэня Ціхановіч, які далучыўся да ініцыятывы ў 2014 годзе, зазначае, што гэта вельмі прыемна, калі палякі, якія цікавяцца Беларуссю, хочуць вучыць беларускую мову:

 

Насамрэч я быў вельмі здзіўлены, і мне было вельмі прыемна ўпершыню, калі я спаткаўся з Агнешкай, Анжалікай, даведацца, што дзяўчаты насамрэч з Польшчы, а вельмі добра размаўляюць па-беларуску. Я б не сказаў, што гэта практыка, і патрабаванне “Вольнай Беларусі”, проста гэта нейкі жыццёвы навігатар. Пэўныя рэчы прыцягваюць цябе, калі табе нешта падабаецца, ты туды трапляеш проста.

 

Агнешка дадала: “Калі мы вучым мову нейкага народа, то праз мову мы пазнаем гэты народ. Гэта вельмі важны элемент, бо ў мове — усё”.

 

Думаю, што кожны з нас таксама развіваецца ў ведах пра Беларусь. І думаю, што мы сапраўды беларусазнаўцы”, — кажа Анжаліка.


2016_06_10_zavalnia_wb_fota_6.jpg



Ініцыятыва “Вольная Беларусь” славіцца перадусім арганізацыяй штогадовых канцэртаў “Салідарныя з Беларуссю”, якія праходзяць у цэнтры Варшавы. Раней, узгадвае Агнешка, мерапрыемствы ініцыятывы збіралі натоўпы:

 

На першым канцэрце было каля 15 000 чалавек. На кожную акцыю 16-га (штомесячны Дзень Салідарнасці з Беларуссю — РР) прыходзіла ад 200 да 1000 чалавек у той час, калі ў Беларусі было намётавае мястэчка ў Беларусі (маецца на ўвазе Плошча Каліноўскага — РР). Тады ў Польшчы была акумуляцыя акцыяў падтрымкі Беларусі, іх было вельмі-вельмі многа. Потым прыехала шмат беларусаў з Праграмы Каліноўскага да Варшавы.

 

Сёлетні канцэрт мае стаць юбілейным. Да яго ўжо вядзецца падрыхтоўка, хоць і з цяжкасцямі. Сама арганізацыя канцэрта адбываецца на валанцёрскіх пачатках, удзельнікі ініцыятывы прысвячаюць беларускай справе час, вольны ад вучобы і працы, але ж удзел музыкаў, а таксама мноства тэхнічных рэчаў, безумоўна, патрабуе немалых выдаткаў. Акурат сёлета ўзніклі вялікія праблемы з фінансаваннем канцэрта, распавядае Вікторыя Хакімава:

 

Зараз мы знаходзімся на першым этапе, этапе планавання і ўладкавання ідэі, канцэпцыі. Зараз мы менавіта абмяркоўваем тое, якія гурты да нас прыедуць. Асноўная рэч, якою мы зараз займаемся, — гэта пошук сродкаў на рэалізацыю гэтага канцэрта. Сродкі, якія ідуць на грамадскую актыўнасць у Беларусі, скарачаюцца, таму ў гэтым годзе мы нават стаялі перад выбарам, ці рабіць гэты канцэрт. Перш за ўсё з-за таго, што дастаткова цяжка было знайсці сродкі на тое, каб гэты канцэрт правесці. Для нас вельмі важна менавіта ў гэтым годзе зрабіць канцэрт, таму што гэта будзе юбілейны дзясяты канцэрт.

 

Настолькі крытычная сітуацыя паўстала ўпершыню за дзесяць гадоў.

 

Удзельнікі ініцыятывы адзначаюць, што праблемы з пошукам фінансавання для канцэрта “Салідарныя з Беларуссю” — гэта чарговая праява тэндэнцыі скарачэння выдзялення сродкаў для беларускіх грамадскіх праектаў. Еўрапейскія структуры тлумачаць гэта ўзнікненнем праблемы масавай іміграцыі, на развязанне якой патрэбны дадатковыя выдаткі.

 

www.racyja.com