«Дакар» па-беларуску
Ралі пачыналася ў Варшаве, адкуль гоншчыкі ехалі
праз Горадню ў Вільню, а далей — праз Навагрудак у памежны Нясвіж. Траса
праходзіла побач з дзяржаўнай мяжой з БССР...
У міжваеннае дваццацігоддзе заходнебеларускія тэрыторыі сталі папулярным
палігонам для праверкі якасці і магчымасцяў сусветных аўтамабільных
брэндаў.
Граф-аўтааматар і першыя ралі
Яшчэ ў снежні 1909 года ў варшаўскім гатэлі «Брысталь» адбыўся арганізацыйны сход Таварыства аўтамабілістаў Царства польскага. Старшынёй арганізацыі быў абраны багаты землеўласнік з Гарадзеншчыны і Палесся, граф Уладзіслаў Друцкі-Любецкі (менавіта ён у канцы ХІХ стагоддзя пабудаваў палац у Шчучыне). У 1913 годзе пры таямнічых абставінах памешчык быў забіты, праз год пачалася Першая сусветная вайна, потым Польшчы давялося біцца за незалежнасць з агрэсіўнымі суседзямі, і мір на польскую зямлю прыйшоў толькі ў пачатку 1920-х гадоў.
Паслядоўнікам даваеннага Таварыства аўтамабілістаў стаў Аўтамабільны клуб Польшчы, які ўжо ў чэрвені 1921 года арганізаваў гонку па трасе Варшава — Белавежа — Варшава, пераможцам якой стаў Тадэвуш Хэйн на «Доджы». Праз год аўтамабільнае свята паўтарылі, але ўжо па іншым маршруце. Гонкі мелі міжнародны характар, у іх удзельнічалі замежнікі на лепшых узорах тагачаснага аўтапрама. Аўтааматары Другой Рэчы Паспалітай імкнуліся паўтарыць поспех самых вядомых тагачасных аўтагонак, якія праходзілі ў Монтэ-Карла.
Усяго з 1921 па 1939 гады адбылося дванаццаць Польскіх міжнародных аўтаралі, большасць з якіх праходзіла і па беларускіх землях. У 1924 годзе маршрут гонкі захапіў Пружаны з Кобрынам, а ўвогуле траса складала 2483 кіламетраў. Праз год Аўтамабільны клуб Польшчы арганізаваў чарговы рэйд, які меў назву «Вакол Польшчы» і складаўся з сямі этапаў. Яго працягласць была ўнушальнай — 3680 кіламетраў.
На першым этапе ўдзельнікам прапанавалася праехаць з Варшавы ў Вільню, а адтуль — у Слонім і Тарнопаль. У тагачасным польскім выданні «Спартовы агляд» адзначалася: «Галоўнай узнагародай конкурсу будзе вялікі залаты медаль, які будзе ўручаны фабрыцы, на якой зроблена машына. [...] У гэтым годзе ў ралі прымаюць удзел і некалькі польскіх машын, сярод якіх варта вылучыць «Ральф Стэтыш». [...] Найбольш цяжкім участкам трасы будуць дарогі ў Палессі, на якіх кіроўцы змогуць убачыць, на што здольныя іх «жалезныя коні». [...] Пераможца этапу Вільня — Слонім атрымае прыгожы срэбны кубак». Польскі «Ralf Stetysz» на тых гонках паказаў сябе вельмі добра.
Узлёт і падзенне брэнда
Бацькам-заснавальнікам згаданай польскай маркі быў граф Стэфан Тышкевіч. У 1915 годзе ён скончыў афіцэрскую школу ў Санкт-Пецярбургу, быў ад’ютантам вялікага князя Мікалая Мікалаевіча Раманава. Падчас польска-бальшавіцкай вайны змагаўся з Чырвонай Арміяй на Віленшчыне. Пасля вайны арганізаваў пад Парыжам акцыянерную кампанію «Automobiles Ralf Stetysz». Назва была звычайным скарачэннем ад «Сельскагаспадарча-авіяцыйная фабрыка Стэфана Тышкевіча».
Сваю машыну граф абсталяваў амерыканскім рухавіком фірмы «Continental». Тышкевіч імкнуўся зрабіць таннае аўто, якое можна без праблем выкарыстоўваць на польскім бездарожжы. У 1926–1927 гадах прадукцыя завода была прадстаўлена на Міжнароднай выставе ў Парыжы, дзе яе назвалі зручнай для выкарыстання ў калоніях. А ў 1929 годзе «Ralf Stetysz» удзельнічаў у VIII ралі ў Монтэ-Карла.
У канцы 1920-х гадоў завод быў пераведзены ў Варшаву, аднак пазней на ім адбыўся вялікі пажар, які знішчыў вытворчасць. Граф спрабаваў аднавіць выпуск машын, аднак безвынікова. У пачатку Другой сусветнай вайны Стэфан Тышкевіч пераехаў у Літву, пасля анексіі краіны СССР аказаўся ў руках НКУС. Яго, як і іншых польскіх грамадзян, уратавала Армія Андэрса. У яе шэрагах ён змагаўся з нацыстамі ў складзе Другога польскага корпуса. Пасля вайны жыў у Лондане і разам са Станіславам Мацкевічам выдаваў штотыднёвік «Львоў і Вільня». Памёр Стэфан Тышкевіч у 1976 годзе.
На мяжу з Саветамі і нарачанскія азёры
Яшчэ раз шыкоўныя машыны з усёй Еўропы заехалі ў Заходнюю Беларусь у 1928 годзе, калі быў зроблены «курортны» рэйд. Удзельнікі ралі выехалі з Варшавы ў бок Вільні, а адтуль завіталі ў Друскенікі і, праехаўшы Навагрудскае і Палескае ваяводствы, накіраваліся праз Луцк і Крыніцу назад — у сталіцу Польшчы. У гонцы ўдзельнічала 28 экіпажаў, а пераможцам стаў італьянец Кіпрыяна Ільяна на «Фіяце 509».
У Дзявятым міжнародным ралі, якое праходзіла ў чэрвені 1930 года, удзельнічалі машыны трох катэгорый: «папулярныя» аўто (кошт якіх быў не вышэй за 1500 долараў ЗША), турыстычныя (кошт каля 3000 долараў) і аўто прадстаўнічага класа (кошт вышэй за 3000 долараў). Удзельнікам заезду прыйшлося праехаць 3100 кіламетраў.
Ралі пачыналася ў Варшаве, адкуль гоншчыкі ехалі праз Горадню ў Вільню, а далей — праз Навагрудак у памежны Нясвіж. Траса праходзіла побач з дзяржаўнай мяжой з БССР, і госці з цікавасцю разглядалі бела-чырвоныя і чырвона-зялёныя памежныя слупы на «рыжскім кардоне». А з таго боку за дарагім аўтамабільным картэжам, які складаўся з «Фордаў», «Сітраенаў», «Фіятаў», «Хадсанаў», «Рэно», «Аўстра-Даймлераў» і іншых аўто, з бінокляў назіралі «зялёныя фуражкі» з 17-га Цімкавіцкага атрада памежных войскаў НКУС БССР.
Наступнай гонкі давялося чакаць сем гадоў. Звязана гэта было, перш за ўсё, з эканамічнай рэцэсіяй, якую перажываў «капіталістычны» свет. Летам 1937 года адбылося Дзясятае ралі польскага аўтамабільнага клуба, у якім, апроч айчынных аўтамабілістаў, удзельнічалі прадстаўнікі Германіі, Аўстрыі і Чэхаславакіі. Кіроўцы праехалі больш за 2,5 тысячы кіламетраў. Другі этап гонкі праходзіў праз Горадню, Слонім і Белавежу.
Па дарогах Заходняй Беларусі, сярод іншых, ехалі «Шэўрале», «Форды», «Адлеры», «Мерседэсы», «Фіяты» і іншыя сусветна вядомыя тады аўтамабільныя маркі. Перамогу атрымалі польскія кіроўцы Тадэвуш Марэк на аўтамабілі «Опель Алімпія», Войцэх Калачкоўскі на «DKW», Аляксандр Мазурэк на «Шэўрале Майстар». У катэгорыі лёгкія аўто першым быў немец Паўль фон Жулімэ на «Адлер Трыумф».
Праз год аўтамабілісты «паехалі» ў курортную заходнебеларускую Нарач. Гонка стартавала з Варшавы і накіроўвалася ў рыбацкую вёску Купа, дзе знаходзіліся буйны прычал для яхт і будынкі дзвюх турбаз: школьнай і турбазы Польскай марской і каланіяльнай лігі. У канцы 1930-х гадоў гэты населены пункт быў адным з папулярных турыстычных цэнтраў ва ўсходніх ваяводствах Другой Рэчы Паспалітай. Сітуацыя яшчэ больш палепшылася ў 1937 годзе, калі ў Купы са Свянцян была праведзена вузкакалейная чыгуначная дарога.
Вось як апісваў гонку карэспандэнт «Спартовага агляду»: «Спадар Весэлі (нямецкі гоншчык — І.М.) замедліў рух, а тым часам «Б’юік» як бык чакаў на нас у Купе. Калі б мы яго нагналі раней, то маглі б пазмагацца, і хто ведае, чым бы гэта скончылася. [...] За намі едзе калона машын. Іх з-за пылу не бачна. Дарогу ўказваюць толькі вяршыні дрэў. [...] Перад Горадняй мы «ўкліньваемся» ў групу «Мерседэсаў», а ў самім горадзе абганяем «Шэўрале». Праз пыл нічога не бачна. З імглы з’яўляюцца коні і ровары. Час ад часу механік укладае кіроўцы ў вусны запаленую сігару. Пасля кожнай перамогі спадар Весэлі радасна размаўляе з камандай і журналістамі па-нямецку, з механікам па-англійску, а з кантралёрам — па-французску».
Адзін з удзельнікаў ралі ў інтэрв’ю польскаму журналісту прызнаўся, што найбольш цяжкім участкам гонкі быў «кавалак» паміж Нараччу і Нясвіжам, дзе былі ў асноўным грунтавыя дарогі. Але і там гоншчыку ўдавалася ўтрымліваць высокі хуткасны рэжым.
Вайна грукае ў дзверы
Нягледзячы на пазітыўныя ноткі ў тагачасных публікацыях, якія тычыліся Адзінаццатага агульнапольскага ралі, у шматлікіх артыкулах адчуваўся подых сусветнай вайны, якая ўжо праз год паглыне Еўропу. Журналісты ўсё часцей звярталі ўвагу на магчымасць выкарыстання тых ці іншых транспартных сродкаў у вайсковых мэтах і пазначалі, што германскія машыны выдатна падыходзяць да гэтага. У гэты ж час праводзіўся і шэраг невялікіх унутрыпольскіх ралі, у якіх удзельнічалі аўто Войска Польскага. Польскае камандаванне спрабавала выявіць моцныя і слабыя бакі тэхнікі, якая была на іх узбраенні.
Летам 1939 года адбылося апошняе перадваеннае аўтаралі, якое называлася «Гран-пры Польшчы». Маршрут яго першага этапу пачынаўся ў Варшаве і ішоў на поўдзень праз Кракаў, Львоў, Луцк да Берасця-на-Бугу. Першапачаткова сваё жаданне ўдзельнічаць у гонках выказала шмат прадстаўнікоў Трэцяга Рэйху, аднак у апошні момант яны адмовіліся. Арганізатары ралі спісалі гэта на «палітыку», ім у галаву не магло прыйсці, што праз некалькі месяцаў па польскіх дарогах будзе ездзіць шмат нямецкіх машын, але ўжо не са спартовай мэтай. Што ж тычыцца апошняй перадваеннай гонкі, то першае месца ў ёй заняла каманда польскага «Фіята».