Межы БНР: дзе шукаць true-Беларусь у 1918 —1920 гадах?

Не ведаю, як у вас, а ў мяне ў галаве з межамі БНР звязаны даўні антаганізм. З аднаго боку, знакамітая мапа БНР паказвае карціну агромністай краіны з Вільняй, Смаленскам, Бранскам, Беластокам — гэта найбольшая праекцыя Беларусі на мапе свету, большай ніхто пакуль не прыдумаў. З іншага боку, тагачасная БНР імкнулася стаць паўнавартаснай дзяржавай, але так і не стала, а значыць, і межы яе былі адно ўмоўнасцю.

bnr_miezhy.jpg

Каб не сварыцца з немцамі...

Давайце па парадку. У ІІІ Устаўной грамаце БНР, прынятай 25 сакавіка 1918 года, пытанне межаў краіны апісваецца так: Беларусь там, дзе большасць насельнікаў складаюць беларусы. Размова ішла пра ўсю Магілёўскую губерню, часткі Гродзенскай і Мінскай. Тут і пачынаюцца пытанні: калі на Гарадзеншчыне яшчэ можна адшукаць палякаў ды літоўцаў, таму губерня і фігуруе «часткова», то што з Мінскай не так? Чаму не ўся ў БНР?
Сітуацыю тлумачаць тагачасныя палітычныя рэаліі. Мінская губерня на поўдні межавала з УНР, якая стваралася пад нямецкім парасонам, таму і сварыцца з гэтымі гульцамі для нашых урадоўцаў было рызыкоўным. Паводле задумы беларускіх палітыкаў, БНР мела акуратна ўпісацца ў канструкт планаў Германіі, таму, каб нікога не злаваць, да ІІІ Устаўной граматы і не прыкладалася мапа — адно «размытае» апісанне.

Самая смелая праекцыя Беларусі на мапе свету

Першая мапа БНР з’яўляецца толькі ўвосень 1918 года разам з мемарыялам «Асновы беларускай дзяржаўнасці», створаным Мітрафанам Доўнар-Запольскім. Мапа ішла бонусам да мемарыялу, подпісы былі зробленыя на розных мовах, каб была змога выгадна прадставіць сваю пазіцыю замежнікам на Пражскай канферэнцыі.
Што адметнага ў мапе Доўнар-Запольскага? Яна акурат і ёсць той агромністай праекцыяй Беларусі, якая дагэтуль грэе душу кожнаму беларускаму нацыяналісту. Тут акурат вам і Бранск, і Смаленск, і Беласток, і Дзвінск — усё, што мы любім. Цікава, што аўтар зыходзіў больш з гістарычных рэаліяў, чым з этнаграфічных, абапіраючыся на межы ВКЛ. Таму, прыкладам, пытанне Палесся, якое этнограф Карскі вырашаў не на карысць Беларусі праз мову палешукоў, Запольскі бачыў адназначна: наша, бо так было ў ВКЛ!
Германія гэтым часам ужо «дыхала на ладан», і УНР, такім чынам, страчвала моцнага заступніка — можна было сварыцца, дыктаваць свае умовы. Такім чынам, мапа Запольскага — дагэтуль самая смелая мапа Беларусі, якая ўключае УСЕ этнаграфічныя тэрыторыі, заселеныя Беларусамі, а ўсе спрэчныя моманты вырашае на карысць нашай краіны.

Пасіянарныя плямы і плацдармы беларушчыны

Прыгожыя і натхнёныя мары пры гэтым разбіваліся, як хваля, аб суровую рэчаіснасць. Для «моцных гэтага свету» — немцаў, палякаў, бальшавікоў — Беларусь заставалася ўсяго толькі плацдармам і разменнай манетай, праз яе можна было вадзіць свае арміі, гандляваць гарадамі і насельніцтвам падчас перамоваў, ладзіць грабежніцкія рэквізіцыі...
Урадоўцы БНР, у прыватнасці Антон Луцкевіч, пісалі ў міжнародныя структуры бясконцыя пратэсты супраць уключэння таго ці іншага павета ў склад чарговай навастворанай дзяржавы — перапіска расцягнулася на гады і, вядома, ні да чаго не прывяла. Умоўная тэрыторыя БНР сціскалася і раставала, як раса на сонцы.
Што ж можна лічыць у тыя гады рэальнай тэрыторыяй БНР і ці была такая наогул? Была. Там, дзе паўставалі беларускія органы кіравання і стаялі хай і нешматлікія, але ўсё ж такі ўзброеныя беларускія часткі — там і была БНР. У 1918-м наша адміністрацыя стваралася ў Мінску, у 1919-м гэта была Гародня, дзе стаяў беларускі полк. Умоўна «бээнэраўскімі», але дакладна беларускімі можна лічыць тэрыторыі Случчыны, падкантрольныя паўстанцам увосень 1920-га, Мазыршчыны, занятай Балаховічам у той жа час.
Фактычна, гэта былі пасіянарныя плямы, якія з’яўляліся то тут, то там, гэта была true-Беларусь. Ці гэта сорамна? Ні разу. На той час з такіх плацдармаў і вырасталі дзяржавы. Скажам, у 1919-м часткі нямецкіх добраахвотнікаў, Фон дэр Гольц і «белыя» занялі фактычна ўсю Латвію, урад і адміністрацыя якой былі змушаныя хавацца на караблі, прышвартаваным у порце. Тым не менш латышы стварылі сваю дзяржаву, якая праіснавала ажно да Другой сусветнай.

«Беларусь на падрост»

Такім чынам, БНР заклала падмурак сучасным беларускім межам, спачатку стварыўшы велізарную мапу, «Беларусь на падрост», пасля — пакрысе адваёўваючы гэтую тэрыторыю то тут, то там з дапамогай сваёй адміністрацыі і войска. Усё гэта можа выглядаць прыгожым эскізам паветранага замка з вежачкамі і шпілямі, але менавіта так быў створаны прэцэдэнт, пункт адліку сённяшняй Беларусі на мапе свету. Гэта была ўжо не Расія, не Польшча, не Сярэдняя Літва — гэта Беларусь.
Алесь Кіркевіч для budzma.by