Мінкульт адрэагаваў на петыцыю пра «цыбуліны» на беларускіх цэрквах
Міністэрства культуры паведаміла пра ліст да Беларускай праваслаўнай царквы «аб неабходнасці выканання рэлiгiйнымi абшчынамi абавязкаў у сферы захоўвання культурных каштоўнасцей», перадае Радыё Свабода.
Гэта адбылося ў адказ на зварот супраць «антырэстаўрацыі» беларускіх цэркваў, які на Petitions.by падпісалі амаль паўтары тысячы чалавек,
Намеснік міністра культуры Аляксандар Яцко піша, што ягонае ведамства праводзіць выбарачны маніторынг аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, а калі выяўляе парушэнні законаў, разам з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі «прымае неабходныя меры» ў прыцягненні вінаватых да адказнасці і прывядзенні помнікаў у адпаведнасць з гістарычным рашэннем.
Яцко адзначае, што Мінкульт штогод складае з мясцовымі ўладамі дзясяткі адміністрацыйных пратаколаў за парушэнні законаў у ахове гісторыка культурнай спадчыны: за 2015 год склаў 58, за 2016-ы — 73, да 2017-ы — 47.
У якасьці прыкладу Яцко прыводзіць змену формы купалу на гістарычную ў храме ў вёсцы Новы Свержань, што ў Стаўбцоўскім раёне, адміністрацыйныя пратаколы за «цыбуліну» Свята-Траецкага сабору ў Слоніме і «негістарычныя» работы на фасадах храма ў Валавелі Драгічынскага раёну.
Але адказаў пра ўсе тры дзясяткі аб’ектаў, згаданых у петыцыі, няма — у тым ліку няма адказу наконт аб’екту міжнароднага значэння Успенскага сабору ў Жыровіцах, дзе з іканастаса паздымалі дэкаратыўныя элемэнты, а гістарычныя абразы замянілі на стылізаваныя пад расійскую школу іканапісу.
Таксама ў адказе згадваецца, што між міністэрствам і Беларускай праваслаўнай царквой у мінулым лістападзе была падпісаная Праграма супрацы на 2018–21 гады, мэта якой — рэгуляванне дзейнасці па рэстаўрацыі культурных збудаванняў.
Але «з мэтай прыняцця меры па захаванні культурных збудаванняў» міністэрства дадаткова напісала ліст у БПЦ «аб неабходнасці забеспячэння выканання рэлігійнымі абшчынамі абавязкаў, вызначаных ахоўнымі абавязальніцтвамі, недапушчэння страты адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей і навукова неабгрунтаваных зменаў помнікаў культавай архітэктуры».
Ці значыць гэта, што тром дзясяткам згаданых у петыцыі аб’ектаў вернуць гістарычны выгляд і што нейкім чынам пакараюць адказных за неналежныя работы, невядома.