Абаронцы Курапатаў схадзілі ў Міністэрства культуры

Абаронцаў Курапатаў запрасілі ў Міністэрства культуры зранку 20 чэрвеня, каб абмеркаваць сітуацыю з адкрыццём рэстарацыі «Поедем поедим» за 50 метраў ад месца пахавання дзясяткаў тысяч забітых у час сталінскіх рэпрэсій, перадае Радыё Свабода.

Фота Алены Ляшкевіч

Фота Алены Ляшкевіч

Але ў Мінкульце абаронцы «адчулі бюракратычны лёд», сказаў сустаршыня партыі БХД Павел Севярынец.
«Чыноўнікі разгубленыя, яны не ведаюць, што рабіць, — заявіў ён журналістам пасля сустрэчы. — Алясандр Яцко, намеснік міністра, нічога па факце не сказаў, ці будзе рабіць Міністэрства культуры штосьці ў сітуацыі з Курапатамі».
Астатнія прысутныя на сустрэчы, у тым ліку Ганна Шапуцька і Уладзімір Раманоўскі, пагаджаліся з пазіцыяй сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.
На думку Севярынца, абаронцаў выклікалі ў міністэрства, проста каб «паказаць, што яны нейкім чынам удзельнічаюць», але на самай справе толькі спасылаліся на бюракратычныя працэдуры і юрыдычныя дэталі. На яго думку, чыноўнікі «адчуваюць адказнасць за карупцыйную схему, праведзеную праз Міністэрства культуры, і баяцца, што гэта ўсё выплыве», бо чыноўнікі «не бескаштоўна дазваляюць рэзаць ахоўныя зоны і будаваць там аб’екты».