Беларусы супраць «цыбулінаў» на цэрквах
Спыніць мэтанакіраванае знішчэнне асаблівасцяў беларускай архітэктуры, а таксама вярнуць помнікам аўтэнтычны выгляд. Гэткую петыцыю беларусы падрыхтавалі ў Міністэрства культуры ды генеральную пракуратуру. Што не так з рэстаўрацыяй праваслаўных святыняў?
«З 2010-х гг. антырэстаўрацыйная актыўнасць Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату набыла беспрэцэдэнтныя маштабы, якую параўноўваюць з дзейнасцю Мураўёўва-вешальніка ў справе русіфікацыі Паўночна-Заходняга краю, а сама з’ява ў шырокіх колах свядомага насельніцтва атрымала назву «антырэстаўрацыя Маскоўскага патрыярхату», – пішуць аўтары петыцыі.
Збор подпісаў праходзіў на сайце Petitions.by. Аўтары выступаюць супраць зменаў аўтэнтычнага выгляду беларускіх культавых пабудоваў Расейскаю Праваслаўнаю Царквою ды супраць насаджэння пазалочаных купалаў-цыбулінаў.
«Да нас тая «цыбуля», якую мы ведаем сёння, «залатая», прыходзіць толькі ў ХІХ ст. разам з расейскай акупацыйнай уладай. І ўжо ў той час быў канфлікт мясцовай інтэлігенцыі, грамадства, з тымі насаджэннямі, якія адбываліся ў галіне архітэктуры», – распавядае культуролаг Раман Абрамчук.
Першыя бажніцы ў Беларусі будаваліся з паўсферычнымі дахамі
Але пазней нават праваслаўныя цэрквы трапілі пад уплыў заходнееўрапейскіх архітэктурных стыляў – барока і готыкі. У гэтым і ёсць унікальнасць беларускай архітэктурнай спадчыны, якая цяпер знішчаецца.
«Фактычна ўжо не акупацыйная ўлада, а самі людзі, зрусіфікаваныя, пазбаўленыя сваіх каранёў, бязродныя, святары, якім прамылі мазгі велікарускай шавіністычнай ідэалогіяй, яны самі ініцыююць рамонт сваіх храмаў у замену прыгожых, элегантных купалкоў або іншых варыянтаў даху», – лічыць Абрамчук.
Змена выгляду цэркваў ідзе па ўсёй Беларусі. У петыцыі пералічваюцца аб’екты, найбольш пацярпелыя ад «антырэстаўрацыі». Гэта Успенскі сабор у Жыровічах, 16 помнікаў рэспубліканскага, тры – рэгіянальнага значэння і восем – без статусу. Спіс – няпоўны. Аўтары петыцыі патрабуюць высветліць, ці не метанакіраваная гэткая дзейнасць РПЦ.
«У нас усё ХІХ ст. існавала толькі тры мажлівых сцэнары абыходжання з гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі. Ці яны застаюцца ў тым занядбаным стане, у якім іх застала Расейская імперыя, ці поўны знос, як, скажам, менская ратуша, ці перафарматаванне аб’ектаў у нешта абсалютна іншае. То бок фальсіфікацыя яго аўтэнтычнага выгляду», – кажа архітэктар-рэстаўратар Уладзімір Папруга.
Аўтары петыцыі патрабуюць ад Міністэрства культуры распрацаваць публічную сістэму ўліку і нагляду за станам усіх старых будынкаў у краіне, а не толькі ўзятых пад ахову. Але галоўнае – вярнуць помнікам аўтэнтычнае аблічча за кошт сродкаў тых, хто вінаваты ў іх перабудове.
Паводле belsat.eu