Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам маюць намер дамагацца закрыцця будоўлі
Каля 60 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода 3 чэрвеня прыблізна паўдня сабраліся на плошчы Леніна ў Брэсце. У сувязі з гарачым надвор’ем людзі стаялі пад дрэвамі ля ўваходу на плошчу. Яны кармілі галубоў і абмяркоўвалі апошнія навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства.
Такія сустрэчы праходзяць у цэнтры Брэста кожную нядзелю з 25 лютага.
Сёння людзі на плошчы ў асноўным абмяркоўвалі забарону ўладаў на правядзенне ў Брэсце 3 чэрвеня ў цэнтры горада дэманстрацыі і мітынгу «Марш супраць свінцу».
Згодна з пададзенай актывістамі заяўкай, ад скрыжавання бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава дэманстранты павінны былі прайсці па бульвары Касманаўтаў, вуліцах Гогаля і Савецкай да пляцоўкі каля кінатэатра «Беларусь». Там планаваўся мітынг. Брэсцкі гарвыканкам забараніў акцыю, спасылаючыся на сваё рашэнне, у адпаведнасці з якім на вуліцы Савецкай не дапускаецца правядзеньне масавых мерапрыемстваў.
Сённяшнія ўдзельнікі сустрэчы заяўлялі, што не спыняць пратэсты, будуць дамагацца закрыцця небяспечнай будоўлі, тым больш што завод сапраўды ўзводзіцца з парушэннямі.
Адзін з жыхароў Брэста заявіў, што забарона правядзення акцыі сёння выклікана страхам чыноўнікаў: «На мітынг, які прайшоў 29 красавіка на ўскраіне горада, прыйшло каля двух тысяч чалавек. Я ўпэўнены, калі б сёння дазволілі мітынг, на яго б сабралася не менш за шэсць тысяч чалавек. Гэта было б яшчэ адным доказам, што людзі супраць будаўніцтва завода».
Паводле яго слоў, пададзена заяўка на два пікеты, а ў бліжэйшыя дні плануецца падаць заяўкі яшчэ на дзесяць пікетаў супраць будаўніцтва завода.
Узвядзенне акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне «Брэст». Будуе прадпрыемства ТАА «АйПауэр» — рэзідэнт СЭЗ. Падрадчык — кітайскае ТАА «Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя». На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.
Жыхары Брэста і Брэсцкага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Амаль 37 тыс. подпісаў супраць будаўніцтва завода былі перададзеныя ў Адміністрацыю прэзідэнта ў лютым. Аднак урадавая камісія не выявіла парушэнняў у рэалізацыі праекта па будаўніцтву завода. 17 мая на гэты адказ была накіравана адпаведная скарга на імя Аляксандра Лукашэнкі.
29 красавіка на ўскраіне Брэста, у парку Воінаў-Інтэрнацыяналістаў, прайшоў санкцыянаваны ўладамі мітынг «брэстчанкі супраць свінцу», на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек.
11 мая на імя Аляксандра Лукашэнкі быў накіраваны зварот жыхароў Брэста і Брэсцкага раёна з просьбай вызваліць ад пасады старшыняў брэсцкіх аблвыканкама, гарвыканкама і райвыканкама ў сувязі са стратай даверу. Пад гэтым дакументам падпісаліся 3.226 чалавек.
25 мая ў гарвыканкам пададзена заяўка на правядзенне ў цэнтры Брэста 10 чэрвеня мітынгу супраць будаўніцтва акумулятарнага завода.
1 чэрвеня ў Брэсцкі райвыканкам пададзены заяўкі двух пікетаў — «брэстчанкі супраць свінцу» 19 чэрвеня і 26 чэрвеня побач з будоўляй акумулятарнага завода.
Паводле naviny.by