Нацыянальны ўніверсітэт: калі мы перастанем хадзіць па коле?
Каб стварыць нацыянальны ўніверсітэт, мала зрабіць у ім беларускую мову навучання. Чым ён ёсць сёння — кузняй кадраў ці супольнасцю мыслення? Якія выклікі стаяць перад ім у час крызісу адукацыі?
На двух беларусаў — тры ўніверсітэты?
У Мінску 25–26 лістапада прайшла канферэнцыя “Нацыянальны ўніверсітэт у ХХІ стагоддзі: місія і выклікі”, ініцыяваная Таварыствам беларускай мовы імя Ф. Скарыны.
“Першы ўніверсітэт з беларускай мовай навучання — не чарговая навучальная ўстанова накшталт ужо існуючых, гэта прынцыпова новая акадэмічная супольнасць, якая будзе даваць імпульсы ўсяму грамадству”, — дэкларавалі арганізатары канферэнцыі. Старшыня ТБМ і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім на адкрыцці імпрэзы зазначыла, што канферэнцыя адбываецца напярэдадні стагоддзя аднаўлення беларускай дзяржаўнасці, таму 25 сакавіка — 100-я ўгодкі абвяшчэння незалежнасці БНР — павінна прайсці “пад знакам нацыянальнага яднання”.
Непасрэдна на канферэнцыі можна было назіраць, хутчэй, не яднанне, а разнастайнасць: сярод выступоўцаў слова трымалі прадстаўнікі розных ініцыятыў, звязаных са стварэннем нацыянальнага ўніверсітэта, ці нават універсітэтаў. Былы старшыня ТБМ, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні ўніверсітэта “Альбарутэнія” Алег Трусаў распавёў, што сёлета ў верасні арганізацыя атрымала ў Мінску памяшканне для будучай установы. Далейшымі крокамі будуць рэгістрацыя назвы, статута і атрыманне ліцэнзіі прыватнай ВНУ. Частку дакументаў плануецца атрымаць да 25 сакавіка 2018 года.
Назву “Альбарутэнія” для нацыянальнага ўніверсітэта прапанавала доктар філасофіі і сакральнай тэалогіі Ірына Дубянецкая. Такім чынам удалося вырашыць некалькі пытанняў: па-першае, ужыванне назвы “нацыянальны” ці “беларускі” строга абмежаванае, яе можа надаваць толькі кіраўнік дзяржавы. У той жа час як Альбарутэнію нашу краіну ведалі ў Сярэднявеччы. Такім чынам аргкамітэт хоча падкрэсліць не толькі беларускія, але і еўрапейскія карані беларускага ўніверсітэта.
Сустаршыня аргкамітэта Аляксандр Мілінкевіч прадстаўляе яшчэ адзін праект — Вольны Беларускі Універсітэт. Па яго словах, гэта будзе беларуска-еўрапейскі праект з дыстанцыйным навучаннем. Гэта не паўтарэнне досведу ЕГУ, і збольшага ён будзе віртуальным.
“Наша
мэта №1 — стварэнне рэфарматарскай беларускай эліты, здольнай правесці
трансфармацыю ў краіне”, — абвясціў Аляксандр
Мілінкевіч.
Вольны Беларускі Універсітэт будзе будавацца паводле прынцыпу “усё, што можна, робім у Беларусі, што нельга — у Еўропе”. Так, у Варшаве ўжо зарэгістраваная ГА “Вольны Беларускі Універсітэт”. Гэта арганізацыя-пасярэднік, якая будзе ажыццяўляць камунікацыю паміж беларусамі, якія жадаюць атрымаць адукацыю, і польскімі ўніверсітэтамі. У кіруючую раду Вольнага Беларускага Універсітэта ўвайшлі Святлана Алексіевіч, Станіслаў Шушкевіч, Алесь Бяляцкі, Уладзімір Дунаеў, гісторык Аляксандр Краўцэвіч і шэраг іншых беларускіх і польскіх прафесараў.
Для філосафа і метадолага Уладзіміра Мацкевіча ўніверсітэт — выключна еўрапейскі панятак. У гэтым сэнсе сапраўднага ўніверсітэта ў Беларусі няма. Таму што адукацыя — гэта толькі частка місіі ўніверсітэта. Апроч гэтага абавязковымі яе складнікамі мусяць быць даследаванні, а таксама індывідуальны ўнёсак выкладчыкаў у развіццё тых ці іншых галін. Цяпер жа адукацыя ў беларускіх ВНУ выйшла на першае месца, ад выкладчыкаў амаль не патрабуецца індывідуальнага падыходу, а толькі стандартызаванае выкладанне без усялякага развіцця.
Урэшце, універсітэт — гэта еднасць супольнасцяў выкладчыкаў і студэнтаў. Таму захаванне ідэі нацыі і магчымасці працаваць на найвышэйшым узроўні ў перадавых галінах можа быць дасягнута толькі супольнымі намаганнямі калектыву людзей, якія змогуць аб’яднацца і ўтварыць аўтаномныя правілы свайго існавання.
Зрэшты, ці патрэбны ўвогуле нацыянальны ўніверсітэт у глабальным свеце, дзе на месца нацыянальных дзяржаў прыходзяць транснацыянальныя карпарацыі, часам значна мацнейшыя за дзяржавы? Сябра аргкамітэта Павел Церашковіч прапануе паглядзець на мапу і адказаць на пытанне: ці зніклі з яе нацыянальныя дзяржавы? Не, іх колькасць расце. І пакуль яны з’яўляюцца адзінымі палітычнымі актарамі, захоўваецца неабходнасць у захаванні нацыянальных універсітэтаў, перакананы прафесар.
“Нам не ўдасца адразу стварыць нацыянальны ўніверсітэт як мару аб “рэспубліцы навукоўцаў”. На жаль, няма інстытуцыянальных падмуркаў для гэтага. Адзінае, што мы можам зрабіць — працаваць так, нібыта ў нас ужо ёсць “рэспубліка навукоўцаў”, — прапануе прафесар.
Крызіс адукацыі: што застаецца?
Ірына Дубянецкая ў сваім выступе адзначыла, што ў сучасных варунках універсітэт як сацыяльны інстытут сябе зжыў. Мадэрны ўніверсітэт не можа адказваць на выклікі постмадэрнай прасторы.
Затое яны знайшлі адказ у Балонскім працэсе, у аснове якога палягае стандартызацыя і ўніверсалізацыя веды. Аднак акадэмічная мабільнасць, якую прадугледжвае Балонскі працэс, размывае саму ідэю ўніверсітэта — знаходжанне ў адным месцы. Ідэя сацыяльнай і геаграфічнай мабільнасці значыць, што ніякіх гаворак пра нацыянальныя ўніверсітэты быць не можа. Але Беларусь, выштурхнутая з агульнацывілізацыйных працэсаў, пакуль не адчувае на сабе крызісаў, якія перажывае еўрапейскі ўніверсітэт.
Другі ўзровень крызісу ўніверсітэта, на думку Ірыны Дубянецкай, звязаны з тым, што мы апынуліся ў часе высокіх інфармацыйных тэхналогій. Цяпер мы мусім казаць не пра трансляцыю веды, а пра працу з інфармацыяй. У гэтым сэнсе слушнай выглядае ідэя стварэння сеткавага (класцернага) універсітэта, які б уключыў у сябе ўсё, што ёсць у беларускай інтэлектуальнай прасторы (як унутры краіны, так і па-за яе межамі), каб генераваць і пашыраць веду дзеля фармавання беларускай ідэнтычнасці.
Каардынатарка Лятучага ўніверсітэту Таццяна Вадалажская лічыць, што за гады свайго фармавання ўніверсітэт як інстытуцыя заняў унікальную пазіцыю, стаўшы стваральным элементам у трох сістэмах мадэрнага грамадства: у мысленні, культуры і адукацыі. Аднак у сучаснай сітуацыі галоўны выклік звязаны з тым, што легітымнае месца ўніверсітэта як інстытута ў гэтых трох сістэмах перастае такім быць. Калі раней нацыянальны ўніверсітэт задаваў галоўную карціну таго, чаму навучаецца чалавек, то сёння гэтая роля знікае. Цяпер універсітэт — гэта, найперш, супольнасць, якая вызначае, чым яна ёсць у адукацыйнай, культурнай, нацыянальнай і больш шырокіх прасторах.
Так, у сферы культуры ўніверсітэт —
месца выпрацоўкі сэнсаў, і задача канкрэтнага ўніверсітэта ў тым, каб стаць
актарам культурнай палітыкі (выбудаваць стасункі з іншымі актарамі — дзяржавай,
транснацыянальнымі карпарацыямі, іншымі супольнасцямі). На ўзроўні мыслення для
ўніверсітэта стаіць пытанне, як выйсці ў месца, дзе існуюць праблемы, і ў
стасункі з носьбітамі гэтых праблем. Што да адукацыі, сёння мы маем велізарную
колькасць ведаў хаатычнага кшталту. І ўніверсітэт павінен вызначыцца з тым, што
ён робіць у адукацыйным працэсе: займаецца трансляцыяй ведаў ці робіць нешта
новае.
Такім чынам, сённяшні ўніверсітэт — не месца, дзе можна атрымаць спецыяльнасць і дыплом. Ён мусіць стаць той пляцоўкай, дзе ажыццяўляецца “агульнасць думкі” — камунікацыя паміж рознымі агентамі інавацый у свеце. Ён павінен быць месцам для рэфлексіі, на якую ў штодзённым жыцці не хапае часу.
Зрэшты, не хапіла яе і на канферэнцыі. Увогуле, склалася адчуванне, што некалькі ініцыятыў, пераследуючы адну мэту, разумеюць і імкнуцца рэалізаваць яе па-рознаму ці, як зазначыла Таццяна Вадалажская, па-рознаму ставяць пытанні. Хоць сама па сабе наяўнасць шматлікіх актараў на полі стварэння нацыянальнага ўніверсітэту — вельмі добры знак.
“Што мяне радуе ў дадзенай сітуацыі — гэта чарговы зварот да тэмы нацыянальнага ўніверсітэту. Бо без абмеркавання і назапашвання ў ёй зместу рухацца далей вельмі складана. Але мяне бянтэжыць тое, што мы кожнага разу звяртаемся да тэмы ўніверсітэта наноў, і ўзнікае адчуванне, што ўсяго папярэдняга шляху не было. Не шляху, звязанага з падачай заявак (аб стварэнні нацыянальнага ўніверсітэта. — ЕўраБеларусь.), а шляху разумення ідэі і праблем універсітэта. А гэтыя пытанні так ці інакш ужо ставіліся і адказы на іх — як інтэлектуальныя, так і практычныя — шукаліся. У нас, як заўжды, няма памяці і спробы прыцягнуць тое, што ўжо напрацавана”, — падзялілася сваімі адчуваннямі са Службай інфармацыі “ЕўраБеларусі” Таццяна Вадалажская.