Не сябруем 970 гадоў: Чаму хрысьціянства падзялілася на дзьве часткі
Сьпякотным ліпеньскім днём 1054 года адбылася падзея, водгук якой рыкае да сёньня. Разрыў, падаецца, не разьбіць, не спыніць, не стрымаць. Нягледзячы на гэта, праца па пераадоленьні схізмы вядзецца, на словах, ня стомна.
Ты мне ня брат
Да XI стагодзьдзя хрысьціянскі сьвет быў падзелены на дзьве асноўныя культурныя і палітычныя сферы. На Захадзе Рыма-каталіцкі Касьцёл пад кіраўніцтвам Папы Рымскага станавіўся цэнтралізаванай сілай сярод феадальнай раздробленасьці сярэднявечнай Эўропы. На Ўсходзе Бізантыйская імпэрыя са сталіцай у Канстантынопалі падтрымлівала традыцыі Ўсходняй Праваслаўнай Царквы, якія былі вельмі глыбока пераплеценыя з уладай бізантыйскага імпэратара.
Раскол быў выкліканы серыяй тэалягічных і літургічных спрэчак, якія кіпелі стагодзьдзямі. Больш падрабязна на іх мы спынімся ніжэй.
Вырашальную ролю ў расколе адыгралі таксама палітычныя і культурныя фактары. Падзеньне Рымскай імпэрыі ў 476 годзе прывяло да паступовага разыходжаньня паміж латынамоўным Захадам і грэкамоўным Усходам. Гэты моўны і культурны падзел яшчэ больш павялічыўся разам з уздымам Франкскай дзяржавы і яе хаўрусм з Рымам.
Кульмінацыяй гэтай даўняй напружанасьці стала ўзаемнае адлучэньне ад Царквы ў 1054 годзе. У ліпені таго ж года кардынал Гумбэрт, які прадстаўляў Папу Льва IX, паклаў булу адлучэньня ад царквы на алтар катэдральнага Сафійскага сабора ў Канстантынопалі. У адказ патрыярх Міхаіл Керулярый сам адлучыў папскую дэлегацыю ад царквы. І хаця гэтыя адлучэньні напачатку разглядаліся як асабістыя, а не інстытуцыйныя, неўзабаве яны сталі сымбалем больш шырокага адлучэньня паміж дзьвюма часткамі хрысьціянства.
Асноўныя тэалягічныя спрэчкі
Праблема, якую бізантыйцы адзінадумна лічылі галоўнай прычынай царкоўнага падзелу – гэта каталіцкі дадатак «і Сына» ў Сымбале веры. Першапачатковы Сымбаль веры, сфармуляваны на Першым Нікейскім саборы ў 325 годзе і перагледжаны на Першым канстантынопальскім саборы ў 381 годзе, сцьвярджаў, што Сьвяты Дух сыходзіць ад Айца. Аднак у Заходнім Касьцёле была дададзена фраза «і Сына» (Filioque).
Справа вядзецца пра словы:
Веру ў адзінага Бога, Айца ўсемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі, усяго бачнага і нябачнага. І ў адзінага Пана Езуса Хрыста, Сына Божага Адзінароднага, з Айца народжанага перад усімі вякамі; Бога ад Бога, Сьвятло ад Сьвятла, Бога сапраўднага ад Бога сапраўднага, народжанага, не створанага, адзінасутнага Айцу, празь якога ўсё сталася. Ён дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўленьня зышоў зь неба. І ўцелавіўся ад Духа Сьвятога з Дзевы Марыі, і стаўся чалавекам. Укрыжаваны таксама за нас пры Понцкім Пілаце, быў замучаны і пахаваны.
І на трэці дзень уваскрос паводле Пісаньня, і ўзышоў на неба, сядзіць праваруч Айца. І зноў прыйдзе ў хвале судзіць жывых і памерлых, і Яго Валадарству ня будзе канца. Веру ў Духа Сьвятога, Пана і Жыватворцу, які з Айца і Сына паходзіць; якому разам з Айцом і Сынам належыць пакланеньне і хвала; які прамаўляў праз прарокаў. Веру ў адзіны сьвяты каталіцкі і апостальскі Касьцёл. Вызнаю адзіны хрост для адпушчэньня грахоў і чакаю ўваскрашэньня памерлых і жыцьця вечнага ў будучым сьвеце. Амэн.
Здавалася б, на хуткае прачытаньне не самы значны кампанэнт, пытаньня таго, ад каго паходзіць Сьвяты Дух – ад Айца, ці ад Айца і Сына – спарадзіў тое, што ў канчатковым выніку прывяло да падзелу хрысьціянства на дзьве часткі.
Папская ўлада
Іншым цэнтральным пытаньнем быў пункт пра уладу біскупа Рыма. Рыма-каталіцкі касьцёл пад кіраўніцтвам Пантыфіка сцьвярджаў пра вярхоўную ўладу Папы над усімі хрысьціянамі. Гэтая вера паходзіла з дактрыны пра вяршэнства апостала Пятра, якая сцьвярджала, што Папа, як наступнік сьвятога Пятра, атрымаў першынство ад самога Езуса Хрыста.
Праваслаўная царква, аднак, прытрымлівалася саборнай мадэлі царкоўнага кіраваньня, дзе Канстантынопальскі патрыярх лічыўся «першым сярод роўных», а не меў вярхоўную ўладу. Усходнія біскупы адхілялі ідэю адзінага біскупа, які валодае паўсюднай юрысдыкцыяй.
Пра тое, што Езус даверыў апосталу Пятру кіраваньне Касьцёлам – хрысьціянскай супольнасьцю на зямлі – сказана ў Новым Запавеце:
«Ты – Пётр (скала), і на гэтай скале Я пабудую Касьцёл Мой, і брамы пякельныя яго не перамогуць» (Эвангельле ад Мацьвея).
Пасьля свайго ўваскрашэньня Езус тройчы нагадаў Пятру пра яго ўладу: «пасі авечак Маіх» (Эвангельле ад Яна).
Літургічныя практыкі
Адрозьненьні ў літургічных практыках таксама спрыялі падзелу. Адным прыкметным адрозьненьнем было выкарыстаньне ў Эўхарыстыі квашанага і прэснага хлеба. Усходняя Царква выкарыстоўвала квашаны хлеб, які сымбалізуе ўваскрослага Хрыста, у той час як Заходні Касьцёл выкарыстоўваў прэсны хлеб, у адпаведнасьці з габрэйскай традыцыяй Песаху і Таемнай Вячэры.
Акрамя таго, практыка цэлібату духавенства і спосаб удзяленьня сакрамэнтаў на Захадзе адрозьніваўся ад Усходу. Усходняя царква дазваляла жанатых сьвятароў, хаця біскупы заставаліся (і да сёньняшняга дня) ў цэлібаце і мела розныя практыкі адносна сакрамэнтаў хросту, хрызмы (канфірмацыі) і сьвятой камуніі.
Уплыў на крыжовыя паходы
Да расколу ў хрысьціянскім сьвеце было падабенства адзінства, нягледзячы на асноўныя тэалягічныя і палітычныя рознагалосьсі, якія меліся, вядома, задоўга да 1054 года. Заклік Папы Ўрбана II да Першага крыжовага паходу ў 1095 годзе адбыўся ў кантэксце, калі падзел ужо адбыўся, але не цалкам разарваў магчымасьць супрацоўніцтва паміж Усходам і Захадам. Бізантыйскі імпэратар Аляксей I Комнін зьвярнуўся да Захаду з просьбай аб ваеннай дапамозе супраць мусульманаў турак-сэльджукаў, што імкнуліся зьнішчыць хрысьціянскую імпэрыю ў Канстантынопалі.
Першы крыжовы паход 1096-1099 гадоў пачаўся з пэўнага супрацоўніцтва паміж заходнімі рыцарамі і Бізантыйскай імпэрыяй. Імпэратар з Канстантынопалю забясьпечваў матэрыяльна-тэхнічную падтрымку і кіраўніцтва арміям крыжакоў. Аднак узаемная падазронасьць і розныя мэты неўзабаве абвастрылі гэта супрацоўніцтва. Заходнія крыжакі былі галоўным чынам матываваныя рэлігійным запалам і абяцаньнем вечнага выратаваньня, у той час як бізантыйцы былі сканцэнтраваныя на вяртаньні страчаных тэрыторыяў і аднаўленьні сваёй імпэрыі.
Захоп Ерузалему ў 1099 годзе і стварэньне каталіцкіх крыжацкіх дзяржаваў у Леванце яшчэ больш ускладнілі адносіны. Зьяўленьне гэтых дзяржаваў было расцэнена бізантыйцамі як замах на іх тэрыторыю і так званы ўплыў.
А вось уплыў расколу быў больш выяўленым у наступных крыжовых паходах. Падчас Другога крыжовага паходу 1147-1149 гадоў недахоп каардынацыі і недавер паміж заходнімі і ўсходнімі хрысьціянскімі лідэрамі перашкаджалі намаганьням крыжакоў. Бізантыйскі імпэратар Мануіл I Камнін насьцярожана ставіўся да намераў заходніх рыцараў, баючыся, што яны могуць павярнуцца супраць яго, замест таго, каб засяродзіцца на мусульманскіх сілах.
Трэці крыжовы паход 1189-1192 гадоў прывёў да далейшых ускладненьняў. Імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі Фрыдрых I Барбароса вёў вялікі кантынгент праз тэрыторыю Бізантыі, што прывяло да канфліктаў і сутычак з бізантыйскімі войскамі.
Чацьверты крыжовы паход 1202-1204 гадоў увасабляе разбуральнае ўзьдзеяньне расколу хрысьціянства ў 1054 годзе. Крыжовы паход быў прызначаны для вяртаньня Ерузалему, аднак рыцары былі скіраваныя ў Канстантынопаль праз шэраг палітычных і фінансавых маніпуляцыяў. У 1204 годзе крыжакі здабылі і разрабавалі Канстантынопаль, сталіцу Бізантыйскай імпэрыі і праваслаўнага хрысьціянства. Гэтая падзея паглыбіла раскол паміж Рыма-Каталіцкім Касьцёлам і Ўсходняй Праваслаўнай Царквой.
Дыялёг у наш час
У сучасную эпоху актывізаваліся намаганьні па ліквідацыі падзелу паміж Рыма-каталіцкім Касьцёлам і Праваслаўнымі Цэрквамі. Другі Ватыканскі Сабор 1962-1965 гадозў зрабіў значны паварот у падыходзе Каталіцкага Касьцёла да экумэнізму. Адным з галоўных вынікаў сабору стала стварэньне Сакратарыяту садзейнічаньня хрысьціянскаму адзінству, які адыграў істотную ролю ў спрыяньні дыялёгу з Праваслаўнай Царквой.
У 1965 годзе адбылася значная і вялікая падзея: узаемнае зьняцьце адлучэньняў ад Царквы (Касьцёла), якія мелі месца ў 1054 годзе. Прымірэньне здарылася дзякуючы намаганьням Папы Паўла VI і Канстантынопальскім Патрыярхам Афінагорам I.