Ноч музеяў: астролаг, філаматы і новая песня «Старога Ольсы» (фота, відэа)
Можна ўвесь вечар заставацца ў адным месцы, а можна наведаць некалькі пляцовак. Журналістка НЧ абрала другі шлях і паспела ў пяць культурных устаноў, якія далучыліся да міжнароднай акцыі «Ноч музеяў» 18 траўня.
Чацверты год асвятляючы Ноч музеяў, я пабыла ў ролі ўдзельніцы, пабегала па максімальнай колькасці пляцовак і пасядзела ўвесь вечар-ноч на адной. Адказна заяўляю: універсальных рэцэптаў не бывае! Добра, калі нейкі адзін музей настолькі зацікавіць, што ў ім хочацца застацца. Асабліва зручна для людзей з дзецьмі і без машыны. Але і павандраваць прыемна: цёпла, надвор’е добрае.
Кожны год у маёй галаве гучыць песня гурта Заапарк, класіка рускага року: «Интересно, где ты провела эту ночь, моя сладкая N?». Вось і праўда ж, універсальная тэма для свецкіх гутарак – хто куды хадзіў у Музейную ноч і чаму. Значна цікавей, чым пра надвор’е. Можа, нехта вырашаў спантанна ці паддаўся ўплыву сустрэтых сяброў ды знаёмых, а ў мяне быў План на чатыры пляцоўкі мінімум. У прынцыпе, так і атрымалася.
Ужо не ведаю чаму, але плэйліст з рускага року да маіх музейных начэй надзвычай пасуе. Узгадваючы Цоеўскае «Я начинаю свой путь к остановке трамвая» і галасы з навігатараў, кшталту «рушце проста», кіруюся ў першы пункт Плана – Музей сучаснага мастацтва на плошчы Якуба Коласа. Па дарозе паспяваю зацаніць новую выставу «Мастак і горад» (можа, адмыслова падгадалі нядаўняе адкрыццё пад Ноч музеяў?) і пленэр «Свабодны мальберт» там жа, пад бярозкамі.
Глядзіце таксама:
Музей сучаснага мастацтва сустракае выставамі пра Сярэднявечча, тэматычнай экскурсіяй, фотазонамі, настольнымі гульнямі. Людзей пакуль няшмат: можа, берагуць сілы на вечар, а можа, частка актыўнай публікі адпачывае пасля велакарнавалу «Viva Ровар!» .
Рушу далей: сёлета Год кампазітара Станіслава Манюшкі, маю намер трапіць у Музей тэатральнай і музычнай культуры на прысвечаны яму Спеўны сход. Але… у музеі заяўляюць, што «льгот для журналістаў не маем». Ну, што ж зробіш, калі ўстанова не зацікаўленая ў кантактах з прэсай. Бадай што нічога.
Пераходжу дарогу і завітваю ў Дом Ваньковічаў. Там ідзе канцэрт за канцэртам, працуе астролаг. Нягледзячы на пустыя залы, па прадказанні будучыні – чарга і інтарэс аграмадны. Музеі, ну што ж вы! Бярыце тэму: варажбіты. Пасадзіце побач з астролагам хіраманта, кагосьці з картамі таро і хрустальным шарам, анансуйцечым шырэй – ад наведвальнікаў не будзе адбою!
У Музеі Максіма Багдановіча трапляю на выступ этнастудыі «Кетры». Як высветлілася, калектыў разросся ўжо настолькі, што прысутнічае адначасова ў двух месцах. Не згледзеўшы сярод выступоўцаў у Багдановіча кіраўніцы праекта, Марыі Юрынай, пытаюся, дзе яна падзелася. Аказваецца, асобная група кетрыйцаў паказвае файр у Дрымлэндзе. Ну што ж, творчых поспехаў, колькасных і якасных! А ў Багдановіча глядзім на ўвасабленне вясны, лета і якуцкай шаманкі ў выкананні ўсяго адной танцоркі пад жывыя спевы ды этнічную музыку.
Наступная імпрэза – таксама часткова танцавальная. У галоўным будынку Музея гісторыі беларускай літаратуры выступіла школа «Капітэль» пад кіраўніцтвам журналісткі НЧ Вікторыі Чаплевай. Наведвальнікі сустрэліся з Адамам Міцкевічам, Марыляй Верашчакай, Янам Чачотам і Тамашам Занам, у якіх пераўвасобіліся танцоры, што нібыта з’ехаліся на бал пачатку ХІХ стагоддзя. Міні-спектакль ажыўлялі адпаведныя эпосе танцы: ампірны вальс і кадрылі, а таксама песні і вершы. Агулам імпрэза ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры была прысвечана шляхцічу Завальні. На пацотным месцы экспанавалася кніга Яна Баршчэўскага 1844 года выдання (з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі). Невялічкі офтоп: у музеі можна прыдбаць выданні з серыі «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры».
Маім апошнім пунктам стаў Музей Янкі Купалы. Як звычайна, ля будынка разгарнуўся кірмаш хэнд-мэйду і фотасушка (гэтым разам афішы музейных мерапрыемстваў). Сёлета ўстанове споўнілася 75 гадоў. У гонар юбілея пасля канцэрта на музейным ганку наведвальнікаў чакаў 25-кілаграмовы торт, які да таго можна было паглядзець у экспазіцыі. Прыступкі музея ператварыліся ў сцэну, а галоўны хол – у закуліссе. Я заспела выступ гурта «Стары Ольса», які прэзентаваў новую песню «Штурм замка Пулен» і ўсіх запрашаў на свой юбілейны канцэрт 16 лістапада ў Палацы прафсаюзаў. Гурту сёлета споўнілася 20 год. Драйву менш не становіцца, доказам чаму – танцы фанатаў пад сцэнай.
Хто хацеў, мог гуляць да ранку: некаторыя музеі працавалі да чацвертай і нават да пятай гадзіны. Ноч музеяў паціху пракрадаецца ў масы. Пра яе ведае ўжо нават п’янаватая публіка віна-гарэлачных аддзелаў гастраномаў. У некаторых буйных гарадах, кажуць, музейная ноч увогуле адрозніваецца амаль фестывальнай атмасферай: шмат вулічных музыкаў, нейкая асаблівая разняволеннасць у паветры… Як там спяваў Майк Навуменка? «Я подумал, так ли это важно, с кем и где ты провела эту ночь, моя сладкая N?» Галоўнае, што было файна!
Фота і відэа Алены Ляшкевіч @page { margin: 0.79in } p { margin-bottom: 0.1in; line-height: 115% }