Новыя выставы

Днямі ў Мінску адчыніліся дзве персанальныя і, як падаецца, удалыя выставы мастакоў-жывапісцаў.

29 студзеня галерэя «ЛаСандрарт», што на вуліцы Гарадскі Вал, парадавала наведвальнікаў вернісажам сённяшняга мінчука, выхадца з Рагачоўшчыны, Генадзя Драздова — выставу можна лічыць трошкі запозненым паказам творчага набытку да 50-годдзя аўтара.



a8badd37c221a3f19d9ad0ac2196849a.jpg

Днямі ў Мінску адчыніліся дзве персанальныя і, як падаецца, удалыя выставы мастакоў-жывапісцаў.
29 студзеня галерэя «ЛаСандрарт», што на вуліцы Гарадскі Вал, парадавала наведвальнікаў вернісажам сённяшняга мінчука, выхадца з Рагачоўшчыны, Генадзя Драздова — выставу можна лічыць трошкі запозненым паказам творчага набытку да 50-годдзя аўтара.
Экспазіцыя атрымалася надзвычай добрай: улічваючы невялікія памеры галерэі, персанальныя выставы ў ёй глядзяцца значна арганічней, чым калектыўныя. Да таго ж прастора пад дэманстрацыю твораў была арганізавана вельмі ўдала, вылучаючы ў цэнтры кожнай экспазіцыйнай паверхні найлепшую работу з некалькіх стылёва-пошукавых накірункаў, якія распрацоўвае мастак.
Сказанае — не паказчык эклектычнасці творчасці Генадзя Драздова: яна ў цэлым адзначана схільнасцю да выразнага, глыбокага, але гарманічнага каларыту і жаданнем дасягнуць пэўнай наратыўнасці з гульнёй шматлікіх сэнсаў. Полістылізм жа вынікае з жадання арыентавацца на ўлюбёныя творчыя вяршыні папярэднікаў. Адна з іх — сюррэалізм з рэверансамі ў бок Далі. Іншыя ж звязаныя з айчыннай школай мастацтва. У некаторых працах адчуваеш рэха эзатэрычна-міфалагічных вобразаў і яркага каларызму Савіча з Селяшчуком. Дзесьці адгукаюцца вобразныя рэбусы Руслана Вашкевіча. Раптам усплываюць цытаты класікі Марка Шагала.


Але найбольш дасканалымі, як мне падаецца, выглядае накірунак, дзе пэўная аплікацыйнасць колеравых плям і фактуры разам са зноў-такі выразнай гармоніяй сакавітага колеру — далёкія водгукі работ Зоі Літвінавай — спалучаюцца з даволі рэдкім для Драздова мінімалізмам сэнсавых дэталяў. І такая работа (на выставе яна адна) — не перастаўшы звяртацца да гледача пэўнымі сэнсавымі намёкамі: маленькая царкоўка ў далечыні ў праёме вакна, аплікаваны рушнік на ваканіцы, цені на сцяне, як абрысы твараў, — выгадна выйграе за кошт паэтычнай выбудаванасці і стрыманасці выказвання. Здаецца, гэта той накірунак, які хацелася б параіць надалей больш актыўна развіваць майстру, што дагэтуль знаходзіцца ў творчым пошуку.
Дададзім: Генадзь Драздоў уваходзіць у суполку «Пагоня», дзеля чаго на адкрыцці яго вітаў Алесь Марачкін. Выстава адчынена па 19 лютага.
Другая выстава — «ПроСвет» (так па-руску, з гульнёй сэнсаў) Рыгора Іванова з суполкі «Арцель», адчынілася 1 лютага (працуе па 12 лютага) у Музеі сучаснага мастацтва, змяніўшы адметную калектыўную экспазіцыю скульптуры Анатоля Арцімовіча і яго вучняў.


Паралельна ў музеі працуе экспазіцыя абсалютна непаўторных графічных твораў Андрэя Скіцёва, якую таксама варта наведаць. Рыгор Іваноў не рабіў персанальных паказаў у Музеі сучаснага мастацтва 15 гадоў, і бягучая выстава — своеасаблівая справаздача за апошнія гады творчасці.
Скажам адразу, яна трапляе ў шэраг найбольш значных падзей у галерэйным жыцці сталіцы апошняга часу, вылучаючыся яскравай энергетыкай твораў і колеравым аптымізмам прадстаўленых работ. Невыпадкова сам мастак на адкрыцці параўнаў уласную экспазіцыю з букетам кветак, які ён прэзентуе сваёй жонцы-мастачцы і ўсім гледачам. Толькі букетам для вачэй. Цікава, як ідэю экспазіцыі ён сфармуляваў у тэкставай прэамбуле да паказу.


«Ноччу, гледзячы на бясконцае неба, уяўляеш, што знаходзішся ў вялізнай цёмнай адрыне, і як зоркі свецяць на небе, гэтак і яе сцены прарэзаны мноствам светланосных шчылінаў. Ты падступаешся да іх вачыма і разумееш, што за бачнай цемрай знаходзіцца ў тысячу разоў большы свет святла. І кожная шчылінка — зорачка, «ПроСвет» у іншы свет… альбо гэта тонкая стужка святла, якая прабіваецца скрозь прыадчыненыя дзверы».


Крытык мастацтва Вольга Каваленка слушна заўважыла на адкрыцці, што працы Рыгора Іванова медытатыўныя і патрабуюць рэзананснага дачынення з імі ў адзіноце. На вернісажы гэта было немагчыма з прычыны вялікай колькасці гасцей. Але пакуль не позна наведаць музей і скарыстацца парадай знаўцы, пагрузіўшыся ў паэтычна-прыцягальны свет мастацтва Рыгора Іванова.