«Не баяўся заглянуць у нашы душы…» Сёння дзень народзінаў паэта Алеся Каско

Сёння 70 гадоў споўнілася б Алесю Каско — беларускаму паэту, лаўрэату літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова і Мядовай літаратурнай прэміі. Пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік казаў пра яго: «Каско — адзін з магутных паэтаў Беларусі. Паэт філасофскага складу, які не баяўся заглянуць у нашы душы…» Алесь Каско пайшоў з жыцця ў лістападзе 2017 года на 66-м годзе жыцця. А гэты артыкул Анатоль Дэбіш напісаў да 65-годдзя паэта.

ales_kasko_1.jpg

Сейбіт сыпле зярняты ў глебу, але не ўсе каласкі вырастаюць аднолькавыя; гэтак жа як аднолькавыя не бываюць творцы як і па талентам, падораным Богам, так і эстэтычнымі і маральнымі якасцямі, адносінамі да навакольнага свету. І гэта ўжо жыццёвая ўстаноўка самога творцы, паўсядзённая праца яго душы і розуму.

Каб зразумець і прыняць паэзію — трэба зразумець і прыняць самога паэта. Хто ён? Чым жыў і жыве? Што турбуе і радуе яго, не дае спакою, прымушае ўзяцца за пяро?

Алесь Каско, на маё ўражанне, вельмі неардынарная і загадкавая асоба, творца-інтэлектуал са сваім светапоглядам, сваімі творчымі схільнасцямі і арыенцірамі. У адным з інтэрв’ю паэт адзначыў: “Кожны творца выказвае праз слова перш за ўсё сябе”. І далей: “Я ніколі не крывіў душой, быў сумленны ў сваіх вершах. Інакш — які я ёсць у жыцці, такі я і ў паэзіі”.

Першай кнігай “Вестка” (1979) абвяшчае паэт аб сваім прыходзе ў свет — народзінах духоўных:

Краса зямлі маіх бацькоў

кранулася мяне,

малога, —

і я пазнаў сваіх буслоў,

сваю зару, сябе самога.

Такое было першае адкрыццё; у інтанацыі аднайменнага верша адчуваецца, як радасць перапаўняе душу аўтара, збівае дыханне. Неўзабаве выкрышталізоўваецца і паэтава крэда: “служыць Радзіме і красе”. Але ўжо ў ранніх творах А.Каско гучаць трывожныя ноткі, таму што прыходзяць адкрыцці іншага парадку, паўстаюць пытанні, якія выклікаюць разгубленасць, збянтэжанасць, недаўменне: чаму, як той зялёны лісцік на дрэве, раптоўна абрываецца маладое жыццё (верш “Лісцік”), чаму за адданасць і любоў нярэдка плацяць чэрствасцю і жорсткасцю (“Стары сабака”), чаму родная мова, што змалку стала тваёй сутнасцю, робіцца прычынаю насмешак (“Зваротная сувязь”)?..

Імгненне пераадолець супярэчнасці і дысгармонію перамяжоўваецца з абвостраным усведамленнем канцовасці зямнога існавання, фізічнай абмежаванасці “права жыць, тварыць”. У 1979 годзе паэт піша адзін з самых вядомых для нас вершаў “О лёс мой, выказацца дай…” Верш-малітва заканчваецца фаўстаўскім кампрамісам: “…усё вазьмі і толькі сэрца пакінь і выказацца дай!”. У аглядзе тагачаснай маладой паэзіі крытык Тамара Чабан заўважыла ў гэтым максімалізме Алеся Каско не толькі “сур’ёзны, усвядомлены падыход да творчасці, разуменне яе як самаахвярнай высокай місіі”, але і паспяховыя крокі да наватарства, калі “лірызм суседнічае з іроніяй, рэальнасць з умоўнасцю, дзе канкрэтны малюнак абагульняецца, як бы пераносіцца ў другое вымярэнне” (“Маладосць” №3, 1981).

З пранікальным позіркам у перспектыву творчасці нельга не пагадзіцца. Малюнак роднага Палесся, напрыклад, набывае ў Алесь Каско біблейскі размах; сярод бязмежнага вясновага разліву ягоны лірычны герой пачуваецца стваральнікам і адраджэнцам, здатным “з чыстага ліста пачаць жыццё сваё і ваша” ( верш “Палессе. Паплавы. Паводка…”). Гаворка тут перш за ўсё пра маральнае, духоўнае адраджэнне, без якога чалавек можа эвалюцыянаваць да абсурднага выніку (“Эвалюцыя”):

Стаў цесны чалавеку свет вялікі.

Напяў ён цяглі ды напружыў мозг,

спусціўся ў нетры атама і ўсклікнуў:

вось ён, былы і …будучы хаос!

 Перапляценне філасафічнага пачатку з іроніяй і адкрытай публіцыстычнасцю выдавочна і ў гэтым, і ў шмат якіх іншыя вершах (іншы раз, праўда, ва ўрон эмацыйнасці і вобразнасці). У вялікім рахунку гэта ёсць праяўленне творчых пошукаў.

З вуснаў самога аўтара ведаю пра непахісны прынцып паэта Алеся Каско: кожны наступны зборнік павінен пераўзыходзіць у мастацкіх адносінах папярэдні, інакш аддаваць яго ў выдавецтва не варта, дый не мае сэнсу. Што свайму правілу ён адданы, спачатку сведчылі нават назвы кніг: “Вестка”, “Скразная лінія”, “Час прысутнасці”, і толькі пасля выхаду ў 1994 годзе апошняй з пералічаных, у якой напоўніцу праявіліся тэматычны абсяг і ўласны стыль і якая заслужана была адзначана Літаратурнай прэміяй імя Аркадзя Куляшова, ён перастаў падкрэсліваць паслядоўнасць поступу фармальна. Проста неабходнасць творчага ўзыходжання стала неад’емнасцю. Аднак найноўшую сваю кнігу, дзе выбраныя творы і вершы апошніх гадоў пададзены ў храналагічным парадку, аўтар зноў назваў яскрава, выпукла, з пэўным падсумаваннем — “Межавыя знакі” (2014).


На маю думку, мяжа вымяраецца ў паэта не з году ў год, не ад кніжкі да кніжкі, а нечым большым, схаваным па-за часам і прасторай, гэта неадтаемнены свет — адчужаны і халодны, што так нясцерпна цягне да сябе паэта, каб ажывіць і напоўніць яго цяплом пачуццяў, дыханнем, вобразам. І рушацца межы, што аддзяляюць яго. Абуджаная энергія загадкавага свету і энергія паэтавай душы ўзаемапранікаюць, утвараюць “выбуховую сумесь” і рэалізуюцца ў слове як адно цэлае. Узорам можа служыць верш “Віхор”, дзе праз сімвалістычны вобраз перадаецца ўзрушэнне ад страты найшчасліўшых імгненняў, што ў маленстве здаваліся вечнымі:

… Бурліць ён неўтаймоўна,

нібыта гэта памяць звар’яцела,

не ў змозе на сябе саму забыцца,

нібы віной не час, не лёс, а я.

Калі б у хаас нож маланкай выцяў,

кроў пырснула б не д’яблава — мая.

На такіх сутыкненнях сапраўднага і ўяўнага, лагічнага і незвычайнага грунтуецца сэнсава-вобразная будова вершаў Алеся Каско. Такі амаль пастаянны стан душы і спосаб мыслення паэта, пра што б ён ні вёў медытацыю, якія б ўзрушэнні ні перажываў. Радасная ілюзія вяртання ў апусцелы родны кут, каб “згадваць і пісаць”, абарочваецца ў рэшце рэшт роспаччу: “тыдзень, два — і засумуеш, і — хоць да сабакі на ланцуг”. Нечаканая сустрэча з незнаёмым, у чыіх вачах тоіцца юдава здрадлівасць, выклікае ў лірычнага героя не страх і засцярогу, а горкую ўсмешку: “прадасць — дык за гэтыя грошы ладны крыж і цвікоў прынясе”.

 Рэзкія павароты і зломы ў пачуццях, настроях, думках, у псіхалогіі як навуцы называюцца абрывамі шаблонаў, і яны ў Алеся Каско не здаюцца знарочыстымі, штучнымі, бо ў іх заўсёды — выбухі паэтавага смутку, найчасцей — болю.

Няшчырыя мы нават у канцы,

калі ў жалобе тоўпімся над мёртвым…

Гэта — санет, які ад самага пачатку ўражвае суровасцю і бескампраміснасцю, бо гаворка ў ім пра тое, пра што мы не кажам уголас і ў чым не заўсёды прызнаемся самім сабе, — пра нашу эгаістычную прыроду, як бы ні стараліся ўтаіць яе за вонкава добрапрыстойнымі паводзінамі. Замест таго, каб заглыбіцца ў лёс чалавека, якога праводзяць у апошні шлях, перажыць чужую трагедыю як уласную, што здарыцца рана ці позна, але непазбежна, прысутныя на хаўтурах “на шчырую слязу скупцы” міжволі ўсцешваюцца тым, што вось яны “размінуліся з чаргою” і ўзвышаюць сябе над “паніклым галавою, хто і прапойцам слыў, і хліпаком”. Злавіць сябе на эгаізме і двурушнасці — гэта крок да ачышчэння сваёй хрысціянскай душы, аднак жа ці кожны робіць яго? І таму да крайнасці абвастрае свой горкі роздум паэт, даводзіць да фантасмагорыі і містыкі пахаванне нябожчыка ў заключных радках санета:

Дык ён, калі б ажыў хоць на хвіліну,

сам прыпляскаў бы вечкам дамавіну

і сам, каб мог, прысыпаўся б пяском.

Жорстка? Так. Але гэта праўда жыцця. І так шчыра яе сказаць не кожны з нас зможа.

 Арыгінальнымі зместам і формай мне падаліся вершы “Ваўкі”, “Ільвіцы”, “Страўсы”, у якіх у вобразах драпежнікаў і іх ахвяр яскрава праглядаюцца чалавечыя рысы і ў якіх так шмат аналогій паміж дзікай прыродай і цывілізаванай людской супольнасцю.         Маладая ваўчыца, “абвергнуўшы лясны закон”, сагравае сваім целам выпадкова напатканае кволае казуляня, балазе “абое яшчэ не ведаюць пра смерць”. Наадварот, ільвіца зраклася дзяцей перад сілаю льва-чужынца, забыўшыся на свой мацярынскі інстынкт (ці мала такіх мацярок-ільвіц сярод нас?).

У трэцім са згаданых вершаў з немалой доляй скепсісу намаляваны вобраз страўсаў — нявольнікаў экзатычнага бізнесу, што практыкуецца і ў нашых шыротах. Становішча, у якім яны апынуліся, увасабляе сабой не толькі гвалт над прыродаю, а і несвабоду наогул:

Калі б іскрынкай згадка апякла,

калі б прачнуліся аднойчы гены,

як моцна біліся б яны аб сцены

і як ламалі б ногі аб пруты!

Ды волю дай — з кустоўяў і балот,

дзе не бліснеш ні хуткасцю, ні спрытам,

вярнуўся б вяла кожны да карыта

і ў сораме схаваў бы галаву.

Не ведаю да якога вершаванага жанру адносіць сам аўтар алегарычныя творы, — да балады, прытчы ці байкі, але адно відавочна: ён і зараз у творчым пошуку.

Адметная грамадзянска-патрыятычная лірыка Алеся Каско. На гэта ў свой час звярнуў увагу Уладзімір Калеснік, які зазначыў, у прыватнасці, што паэт “бачыць народ супярэчлівым і не раіць нікому ідэалізаваць яго, пакладацца толькі на яго, бо “пакорлівы ён і адважны, лайдак і руплівец — народ” (Полымя. №12, 1994). Неад’емная часцінка яго, паэт і ў часы расчараванняў не перастае свой народ “з болем і верай любіць”, шукае апірышча ў людзях свядомых і мужных, бярэ ў прыклад гістарычныя постаці Кастуся Каліноўскага, Ігната Грынявіцкага, Янкі Купалы, Якуба Коласа ды іншых.

З думаю пра самаахвярнікаў Алесь Каско стварыў абагульнены вобраз Першага, які не баіцца нават “самім народам збітым з ног ляжаць на зледзянелым бруку” (верш “Першы”). Так што і тут паэт застаецца сабою — абвяргае навязаны нам колісь савецкі пастулат пра святасць народа і глядзіць на яго не позіркам пакланення і замілавання, а позіркам праўды, ісціны. Ён далёкі ад творцы, выведзенага ў вершы “Мастак малюе сваё…” Што ж малюе мастак? Ціхую бруістасць аблокаў. Квяцістую стужку дарогі. Смугу вясновага далягляду.

Але не бачыць ці не хоча бачыць, як гэтыя аблокі хутка “абрынуцца сераю, ртуццю і шмат іншым яшчэ”; што квяцістая дарога “абмінае пасечаную, бы гадзюка, рачулку, і вёску з пакрыжаванымі вокнамі; што за вясновай смугою зусім не радасцю свецяцца апрамененыя мірным атамам нашчадкі тых, хто народжаны быў пад палыноваю зоркаю…” Гаворка тут, і гэта, відавочна, не пра заскарузласць поглядаў ці наіўнасць мастака, — маўляў, “не можа Айчына быць непрыгожаю, — а пра свядомую няшчырасць, прыстасавальніцтва.

 Існая прыгажосць не штурхае да крывадушнасці, наадварот, ачышчае душу. Алесь Каско здатны глыбока адчуваць яе і перадаваць багатымі фарбамі і метафарамі:

Я вымыўся сёння ў настоеных росах

і выцерся хмаркай — льняным ручніком:

на ім вецер

сонца з-за лесу выносіў,

ажно верх яліны заняўся дымком…

Хараство пабуджальнага матыву і ўвасаблення яго ў паэтычным слове назіраем у многіх іншых вершах аб прыродзе — “Стыхія”, “Дрэвы”, “Рэдкі настрой”, у творах пра жыццёвыя вытокі — “Зноў я дома, дома, дома…”,”Зялёны конік маленства”, “”Двойчы ў адной рацэ”, пра каханне — “Скрыпачка”, “Чорным хлебам варону кармлю…”, “Познія спатканнні” і г.д. У іх няма пасіўнай сузіральнасці хараства, яны з тонкімі адценнямі аўтарскіх настрояў, у большасці сваёй — роздумна-філасофскія і, як правіла, з пульсаваннем гарачых, таму неардынарных думак. Напрыклад, распаўсюджаную формулу інтымных узаемаадносін — я моцна кахаю цябе, але не менш і ўласнай воляй даражу — Алесь Каско паглыбіў да парадаксальнага, на першы погляд, і ўсё ж спаўна рэальнага, праўдзівага варыянта: “Ты мне ў душу жыццё ўдыхнула, калі пакінула мяне”. Гэтай высновы, думаю, не аспрэчыць ніводзін з тых, хто перажыў бязладнае, марнатраўнае, згубнае каханне… А вось як востра, праз боль і ўсмешку, перадаецца пачуццё адзіноты і прагнае жаданне не быць аднаму, пераадолець прыгнечаны стан:

Мігціць, ледзь тлее дух ліхтарны.

Бязлюдна ў вуліцах, адно

бушуюць дрэвы ды з кавярні

габоя ўсхліпванне чутно.

Ні спаць, ні думаць… Усё роўна,

хто ў дзверы грукне: акурат

прымаць гасцей — хай там вандроўнік,

п’янтос ці з брытваю вар’ят.

Паэзію Алеся Каско нельга цалкам аднесці ні да традыцыйнай, ні да мадэрнісцкай плыні. Проста ён сталы самабытны паэт, які на праявы свету адгукаецца адпаведна свайму ўспрыманню, светапогляду, майстэрству. У яго рэдка знойдзеш адну і тую ж “мадэль” верша, інтанацыю, рытміку, ён стараецца пазбягаць паўтораў нават у рыфмоўцы радкоў (так і здаецца, што ўсё большая перавага верлібру, вольнаму вершу аддаецца ім таму, што ўсё больш вычэрпваюцца слоўныя сугуччы).

Трывала, як адна з самых характэрных рысаў, у творчасці Алеся Каско ўкаранілася метафарычная ўмоўнасць, — настолькі, што нярэдка выклікае недаўменнае здзіўленне ў реаліста-педанта. Як, маўляў, можна прысуседзіцца “да сабакі на ланцуг”, або шчымець душою “у шчылінцы святла”, або “белым сцягам” павесіць “песню лебядзіную на суку”?.. Між тым падобныя ўмоўнасці спрыяюць паўнаце і экспрэсіўнасці паэтычнага выказвання і з’яўляюцца асновай многіх і многіх вершаў паэта. Запамінальная, напрыклад, заключная страфа верша “Вуліца”, дзе аўтар іранізуе:

Не, нам высокае бліжэй — з птушынага палёту

або з падробленых гірляндаў на слупах

натоўпысузіраць, — адтуль, адкуль не можам

сляпому кій падаць, а ўпалага падняць.

Лірычнаму герою Алеся Каско блізкае і высокае, і зямное, яго не палохае таксама “прорва”, з якое ён пакаяльна выносіць “штосьці світальнае”.

Неспакойнага, дапытлівага аўтара не бянтэжаць уласныя сумненні і інтэрпрэтацыі ў пошуку адказаў на адвечныя “праклятыя” пытанні быцця: “не боязна смерці, а проста да смерці шкада мне жыцця”; “шлях непазбежны, наканаваны — поле перайсці”; “з таго і жывём, што жывём недажынам” і т.п. І наадварот, пасіўнасць, скептычнае стаўленне да спробаў пераўтварэння свету і ўздзеяння на свядомасць і душу чалавека, безадноснасць і безасабовасць філасофствання, — вось што насцярожвае яго і адштурхоўвае ад постмадэрнізму, дзейнікі якога дазваляюць сабе пагарджанне набыткамі папярэднікаў і “неперабудованых” сучаснікаў. Што раіць сумленным, як сам, творцам паэт? Адказ яскрава чытаецца ў цудоўным вершы пра прастадушнага скрыпача:

Старое грае,— сам стары, —

з усхліпам, зболена, мінорна.

Не чуюць. Слухаюць прытворна

музыкі новае пары.

Над муміямі слёз не льюць,

дык прэч адсюль, каб недзе босым,

расхрыстаным, — зайграць нябёсам:

яны шчэ здатныя пачуць.

Такім чынам, Алесь Каско — гэта інтэлектуал з адкрытым, датклівым сэрцам. Па-свойму, з супастаўленнямі, напісаў пра яго ў артыкуле да папярэдняга, 60-гадовага, юбілею Леанід Галубовіч: “Калі б я вызначаў яго месца ў берасцейскай паэзіі, то паставіў бы яго паміж Алеся Разанавым і Ніны Мацяш: Алесь — мысляр, Ніна — лірык, а Каско спалучыў гэтыя два літаратурныя разгалінаванні, батанічна кажучы, прышчапіў іх. Безумоўна, што гэта няпроста яму давалася, і перш чым займець вынік, былі пошукі, страты, ломка паэтычных прыхільнасцяў” (Дзеяслоў №6, 2011).

У працытаваным вышэй вершы Алеся Каско пра старога скрыпача закранаецца таксама сённяшняя праблема слухацка-чытацкай аўдыторыі. Застацца без чытача, я ўпэўнены, пакуль што паэту не надта пагражае, бо шчырага і мудрага суразмоўцы звычайна не пазбягаюць.

kasko_n6h2w.jpg