Спектакль па матывах твора Быкава ў ТЮГ будзе па-руску
Што сталай прычынай русіфікацыі Тэатра юнага глядача?
У Беларускім Дзяржаўным акадэмічным тэатры юнага гледача пачалі з’яўляцца рускамоўныя пастаноўкі. Гэта адзін з шасці беларускіх тэатраў, у якім рэпэртуар да нядаўнагя часу быў цалкам на беларускай мове. Зараз да афішы тэатра прыцягнула ўвагу новая пастаноўка па матывах аповесці Васіля Быкава «Альпійская балада» — яна будзе па-руску. Дык што стала прычынай русіфікацыі спектакляў?
Чаму Быкаў загучыць па-руску?
22 чэрвеня, у дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны, у тэатры юнага глядача запланаваны паказ пастаноўкі «Альпы. Сорок первый».
«Сапраўднае глыбокае пачуццё не выбірае час і месца. Немагчыма прадбачыць, калі і як яно з’явіцца. Іван і Джулія, якія ўцяклі з аўстрыйскага канцлагера ў самым пачатку полымя Вялікай Айчыннай вайны, былі разам усяго тры дні. Тры самых страшных для іх і ў той жа час самых выдатных і шчаслівых дні ў іх жыцці...» — пішуць у афішы і дадаткова зазначаюць, што спектакль будзе на рускай мове. Дык чаму ж пастаноўка па матывах твора Васіля Быкава, які усе свае творы пісаў па-беларуску, загучыць на рускай мове?
Гэта не першая пастаноўка ў тэатры юнага гледача на рускай мове, ужо паказвалі спектакль «Время выбрало за них». Зараз у афішы значыцца 12 пастановак, на беларускай мове з іх — ужо толькі 8. Тэндэнцыя на павялічэнне колькасці рускамоўных спектакаляў звязаная з прызначэннем на пасаду кіраўніка тэатра заслужанай артысткі Беларусі Веры Паляковай — жонкі міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея. Да яе тэатрам кіраваў Уладзімір Савіцкі, яго звольнілі ў студзені бягучага года.
23 сакавіка 2022 года Вера Палякова ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё анансавала сваё будучае прызначэнне на гэтую пасаду і заявіла аб патрэбе ставіць спектаклі на абедзвюх дзяржаўных мовах: «Я лічу, спектаклі павінны быць на дзвюх мовах: і на беларускай, і на рускай. Тады ў тэатра ёсць камерцыйная гісторыя. < ... > Дзяржава заўсёды працягне нам руку дапамогі, але мы не павінны сядзець на гэтай прышчэпцы. Мы павінны навучыцца самі зарабляць грошы».
Калі такая тэндэнцыя з пастаноўкамі ў тэатры юнага глядача працягнецца, то ў Беларусі застанецца ўсяго 5 тэатраў з рэпертуарам цалкам па-беларуску.
Пра што распавядаў Васіль Быкаў у «Альпійскай баладзе»?
Гэты твор Быкава быў апублікаваны ў 1964 годзе ў часопісе «Маладосць» № 1. У ім аўтар распавядае пра тры дні жыцця ўцекачоў з фашысцкага палону ў Альпах: беларуса, савецкага салдата Івана і італьянкі Джуліі, якія сустрэліся выпадкова. Спачатку салдат спрабуе пазбавіцца ад Джуліі, але хутка героі пачынаюць адчуваць сімпатыю адзін да аднаго.
Івану і Джуліі трэба разам перажыць самыя вялікія цяжкасці ў сваім жыцці. Напалоханыя, разгубленыя, стомленыя і галодныя героі блукаюць у гарах, разумеючы, што горы могуць быць яшчэ і прыгожыя.
Сам Васіль Быкаў быў франтавіком на той вайне і потым узгадваў, што сюжэт да твора ён занйшоў падчас вайны ў аўстрыйскім гарадку, дзе сустрэў італьянку Джулію, якая шукала рускага палоннага.