Топ-10 фільмаў Кейт Уінслет

Сёньня знакамітая акторка задзьмувае сьвечкі на торце і адзначае 49-ы дзень народзінаў. Наперадзе яе чакаюць яшчэ бліскучыя ролі, але ззаду Кейт ужо пакінула 7 намінацыяў і адну перамогу на Оскары. З гэтай нагоды мы склалі аўтарскую падборку з дзесяці лепшых роляў спадарыні Ўінслет. Прыемнага прагляду!

Кейт Уінслет

Кейт Уінслет

Іншыя аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут.

Нумар 10. Аватар: Шлях вады (Avatar: The Way of Water). 2022

avatar.avif

Трынаццаць гадоў чаканьня працягу самага касавага фільму ў гісторыі, які зьняў Джэймс Кэмэран, выліліся ў тры зь лішкам гадзіны, якія неабходна ахвяраваць, каб убачыць, а што было пасьля тытраў папярэдняй карціны. А перанясемся мы з джунгляў у водны сусьвет, дзе шмат плаваюць. За 13 гадоў паміж фільмамі можна заўважыць, якіх вяршыняў дасягнуў тэхнічны бок кінематографу. Кадры, у якіх сінія істоты пагружаныя пад-вадою, уражваюць амаль рэалістычнасьцю, ідэальнымі дэталямі і прапрацоўкамі дробных элементаў.

Нагадвае дакумэнтальныя фільмы Жака-Іва Кусто пра акіян. Але ў француза мэтай было не толькі паказаць прыгажосьць і загадкавасьць падводнага сусьвету, але і заахвоціць іншых вывучаць стыхію і жывых істотаў у ёй. Мэта Кэмэрэна, апроч фінансавай (а другая частка Аватара заняла 4 радок у сьпісе самых касавых за ўсю гісторыю), не праглядаецца. Інакш складана растлумачыць, чаму за доўгія 13 гадоў не здолелі выдумаць якой-кольвек лягічнай пабудовы фільму. Навошта людзям ствараць місію, каб забіць галоўнага героя першай часткі, калі ён не ўяўляе пагрозы, а даўно выйшаў на пэнсію і гадуе дзяцей?

Сюжэт стужкі амаль дублюе ўсё тое, што бачылі ў першай частцы. Дыялёгі прапісаныя прымітыўна і пасуюць бадай што толькі кардонным героям. Гэта благі фільм, але прыгожы. Але і прыгажосьць можна было б упісаць у 90 хвілінаў замест 192.

Нумар 9. Заражэньне (Contagion). 2011

contagion_1.webp

Стужка Стывена Содэрбэрга выйшла больш за 10 гадоў таму, але атрымала другую маладосьць разам з распаўсюдам новага вірусу, што зьявіўся ў кітайскім Ухані. Вельмі моцныя перакліканьні з рэальнасьцю знайшлі аматары кіно і канспіралёгій. Бліскучы акторскі склад, якому пазайдросьцяць безьліч фільмаў, якія выходзяць на экраны.

У 2020 годзе Джуд Лоў, адзін з актораў распавядаў, як яшчэ падчас здымкаў група навукоўцаў, якія супрацоўнічалі з рэжысэрам і сцэнарыстам, папярэджвалі ўсіх, што аналягічны вірус, пандэмія, абавязкова ў хуткім часе абрынуцца на жыхароў Зямлі. Каб злавіць флэшбэкі, і даведацца як справіцца з вірусам (альбо вірус справіцца з людзьмі) – пачынайце прагляд. Ажно дрыжыкі прабіваюць, на колькі стваральнікі былі блізкія да таго, што адбудзецца неўзабаве.

Нумар 8. Жыцьцё Дэвіда Гэйла (The Life of David Gale). 2002

the_life_of_david_gale_3.jpg

На што можна пайсьці, каб адстойваць свае перакананьні? Кэвін Спэйсі ў ролі Дэвіда Гэйла, паважанага прафэсара і актывіста супраць сьмяротнага пакараньня, якога несправядліва абвінавацілі ў забойстве. Пераклікаецца з рэальным жыцьцём актора, ці не так?

Перад намі гісторыя чалавека, які змагаецца за сваю невінаватасьць. Гэта таксама і дыскусія аб сьмяротным пакараньні. Як у ЗША, так і ў Беларусі кожны чалавек мае пагрозу сустрэцца з падобным ва ўласным жыцьці.

Кэвін Спэйсі на найвышэйшым узроўні паказвае ўвесь свой талент, калі спачатку ён палымяны актывіст, а потым напоўнены адчаем вязень у камэры сьмяротнікаў.

Нумар 7. Чытач (The Reader). 2008

the_reader.jpg

Вельмі кранальная і ў нейкім сэнсе занадта скандальная стужка Стывена Долдры, які экранізаваў сусьветны бэстсэлер нямецкага аўтара Бэрнхарда Шлінка. Перад гледачамі разгортваецца гісторыя сталеньня двух асобаў у Нямеччыне пасьля Другой сусьветнай вайны.

Калі браць пад увагу ўзнагароды, дык гэта, відаць самая ўпэўненая роля Кейт Уінслет на гэты момант, бо менавіта гэтая стужка прынесла акторцы Оскар. Перад намі – зруйнаваная Нямеччына, дзе дастаткова дарослая жанчына ўваходзіць у адносіны зь яшчэ нядаўна хлопчыкам. Але на вайне сталеньне ідзе падвойнымі тэмпамі. Пасьля яе – наступае драма.

Незаконная сувязь дваіх раптоўна абрываецца, каб галоўныя дзейныя асобы сустрэліся праз некалькі гадоў на трыбунале, дзе судзілі нацысцкіх злачынцаў.

Нумар 6. Уся каралеўская раць (All the King's Men). 2006

all_the_king_s_men.jpg

Праца Стывена Зэліяна заснаваная на рамане Робэрта Пэна Ўорэна, які атрымаў Пулітцэраўскую прэмію. Фільм спрабуе паглыбіцца ў карупцыю і разлады амэрыканскай палітыкі. Адразу адзначым – у 1949 годзе выйшла першая экранізацыя, якая на некалькі ўзроўняў пераўзыходзіць гэтую вэрсію: ранейшы фільм быў прызнаны лепшым фільмам года, гэта я ж вэрсія правалілася ў пракаце.

Але разам з тым ня ўсе любяць вельмі ўжо старое кіно, і гэтая экранізацыя з Шонам Пэнам, Энтані Хопкінсам і Кейт Уінслет безумоўна вартая прагляду. Нягледзячы на амэрыканскі палітычны кантэкст, лёгка можна ўявіць якою-кольвек іншую краіну, нават Беларусь, калі некалі чыстыя сэрцам і памкненьнямі маладыя людзі, якія прагнуць да рашучых дзеяньняў і зьмены палітычных правілаў, самі прымаюць ранейшыя брудныя схемы, як толькі атрымліваюць той ці іншы кантроль.

Нумар 5. Тытанік (Titanic). 1997

titanic_1.jpg

Рэдкая паненка ў сьвеце ды ў Беларусі не мела пасьля выйсьця на экраны гэтага фільму майкі ці прынамсі сшытка, на якіх была выява Леанарда Ды Капрыё і Кейт Уінслет. Гісторыя каханьня, якая закранула сэрцы ўсяго чалавецтва. Джэймс Кэмеран стаў аўтарам шэдэўральнага фільма-катастрофы, які атрымаў фантастычныя 11 прэмій Оскар.

Пісаць пра гэты фільм – гэта як пракруціць па памяці безьліч легендарных кадраў. Карціна стала не меньш эпахальнай, як “Зьнесеныя ветрам” у далёкіх 1930-х. Гонар, зайздрасьць, гераізм і сапраўднае каханьне – гэтым насычаны Тытанік. Трагічны лёс якога выклікае бурныя эмоцыі і сёньня.

Што было, калі б фінал быў паказаны інакш? Тытанік, поўны людзьмі разнастайных клясаў і паходжаньняў, плыў насустрач свайму айсбэргу, як і ўсё дваццатае стагодзьдзе ішло да шчасьлівай будучыні праз войны, рэпрэсіі і кроў.

Як і праца Кэмерана напрыканцы стужкі дае ўсё ж надзею, так і мы павінны спадзявацца на тое, што прыйдзем у патрэбнае месца.

Нумар 4. Бойня (Carnage). 2011

carnage.jpg

Тэатральная пастанова на вялікім экране – менавіта так можна апісаць камэрны фільм вялікага Рамана Паланскі. 4 чалавекі, дзьве пары бацькоў, вырашаюць абмеркаваць нядаўні інцыдэнт у школе іх дзяцей. Прыстойны выгляд, шляхетнае віно і, на першы погляд, фармальная сустрэча перарастае ў сапраўдную бойню.

Не, вы вядома не падумайце, гэта не крывавы хорар, але словы могуць рэзаць гэтак жа востра, як зброя. Шыкоўны акторскі склад, у якім Кейт Уінслет, Джодзі Фостэр, Крыстоф Вальц і Джон Сі Райлі.

Пасядзіце ціхенька ў куточку, бо адчуваньне пры праглядзе будзе вельмі падобным, і паназірайце: гэта мы з вамі, яны з тымі ў любой сітуацыі.

Нумар 3. Айрыс (Iris). 2001

iris.jpg

Спакойная, з непазьбежнымі эмацыйнымі драматычнымі сітуацыямі, стужка Рычарда Эйра, у якой гледачы знаёмяцца з прыватным жыцьцём вядомай брытанскай пісьменьніцы Айрыс Мёрдак. Фільм заснаваны на падрабязных мэмуарах мужа пісьменьніцы.

Фільм пабудаваны на падвойнай структуры паказу, якая паказвае Мёрдак у яе яркія, маладыя гады, а таксама яе далейшае жыцьцё, калі яна змагаецца з няспынным прыступам дэмэнцыі. Кейт Уінслет грае маладую Айрыс, а Джудзі Дэнч, выконвае тую ролю пісьменьніцы ў старэйшым узросьце.

Іх выкананьне было такім пераканаўчым, што абедзьве акторкі атрымалі намінацыі на Оскар за, па сутнасьці, адну і тую ж ролю. Праўда тады статуэткі забралі іншыя кабеты.

Нумар 2. Вечнае зьзяньне чыстага розуму (Eternal Sunshine of the Spotless Mind). 2004

eternal_sunshine_of_the_spotless_mind.jpg

Рэжысэр Мішэль Гандры звычайна стварае ўласныя сусьветы, у якіх героі рухаюцца, дзейнічаюць і выглядаюць інакш, чым калі б мы ўявілі іх у той жа стужцы, але іншага аўтара.

Дрыготкая гісторыя каханьня, памяці і непазьбежнага. Бліскучая роля Кейт Уінслет, разам зь якой у дастаткова нечаканай моцнай драматычнай ролі выступае Джым Керы. У дваіх чалавек па некаторай прычыне былі сьцертыя ўспаміны пра іх ранейшае сумеснае жыцьцё. Але лёс складваецца такім чынам, што яны зноў сутыкаюцца, каб адчуць подых ранейшых пачуцьцяў.

У вольны вечар разам са сваёй паловай абавязкова паглядзіце гэтую гісторыю каханьня.

Нумар 1. Дарога зьменаў (Revolutionary Road). 2008

revolutionary_road.jpg

Праз дзесяць гадоў пасьля выхаду Тытаніка знакамітая рамантычная пара з Кейт і Леанарда зноў трапілі ў драматычны, нават вельмі драматычны фільм. Рэжысэрам стаў муж спадарыі Ўінслет цудоўны Сэм Мэндэс.

Але замест юнацкага каханьня і вялікіх прыгодоў (а нашыя героі марылі пра падарожжа ў Парыж), гісторыя разгортваецца ў шэрых, не асабліва бліскучых і натхняльных краявідах амэрыканскай сям'і сярэдзіны мінулага стагодзьдзя. Кейт і Леа граюць пару, якая, здаецца, імкліва, кадр за кадрам рухаецца да зьнішчэньня ўласнага шлюбу.

Куды завядзе іх дарога, поўная камянеў і расчараваньняў? Ці ёсьць запасны шлях для тых, хто рухаецца на розных хуткасьцях?

Прыемнага прагляду!