Топ-10 фільмаў пра шпіёнаў

Таемныя агенты, якія змагаюцца за гонар нацыі, ці проста за грошы – заўжды былі ў авангардзе супрацьстаяньня розных палітычных сістэмаў. Рэдка калі такія асобы бываюць прыемнымі, часьцей гэта халодныя, чэрствыя людзі, хаця кіно ўвесь час спрабуе зрабіць зь іх супергерояў. Мы склалі аўтарскую падборку лепшых стужак пра шпіянаж. Прыемнага прагляду!

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі

Іншыя аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут.

Нумар 10. Чалавек, які ведаў занадта шмат (The Man Who Knew Too Much). 1956

the_man_who_knew_too_much.jpg

Першы раз Хічкок зьняў гэты фільм у 1934 годзе. Але абедзьве вэрсіі стужкі вартыя прагляду. Нават можна параіць паглядзець адну пасьля другой. Гісторыя ў абодвух фільмах застаецца пасьлядоўнай: ні ў чым не вінаватая сям'я апынаецца ўблытанай у міжнародную шпіёнскую змову па выпадковасьці. Тым ня менш разьвіцьцё сюжэту значна адрозьніваецца ў кожнай адаптацыі. Гледачы стануць сьведкамі росту Хічкока як рэжысэра.

Вэрсія 1934 года, дзеяньне якой адбываецца галоўным чынам у Швайцарыі і Лёндане, зьяўляецца раньняй брытанскай працай Хічкока. Яна паказвае яго схільнасьць да жорсткага рэалізму. Гэтая вэрсія прыкметна цямнейшая і напоўненая імклівым дзеяньнем. Працягласьць стужкі складае ўсяго 75 хвілінаў, і Хічкок выкарыстоўвае абмежаваны час, каб стварыць напружаны трылер.

Рымэйк 1956 года, дзеяньне якога цяпер адбываецца ў Маракешы і Лёндане, дэманструе галівудзкую трансфармацыю Альфрэда Хічкока. Ён больш адшліфаваны, майстар выкарыстоўвае напоўніцу сваю адметную рысу ў стварэньні саспэнсу. Працягласьць амаль дзьве гадзіны дазваляе паглыбляцца ў разьвіцьцё герояў у выкананьні Джэймса Сьцюарта і Дорыс Дэй.

Нумар 9. Мэта нумар адзін (Zero Dark Thirty). 2012

zero_dark_thirty_1.jpg

Таленавітая Кэтрын Бігелаў зьняла моцны і рашучы фільм пра дзесяцігадовае паляваньне на Ўсаму бэн Ладэна. Гэтая стужка — не звычайны пераказ падзеяў, але гісторыя, якая зацягвае гледачоў у цёмныя і неадназначныя калідоры выведкі і вайны.

Джэсіка Чэстэйн выконвае галоўную ролю, а яе вачыма гледачы трапляюць у лабірынт інтэлекту. Гэта прывядзе як да трыюмфу, так і яго разбуральных вынікаў. З вялікімі розумамі звычайна так і бывае. Кэтрын Бігелаў не цураецца адлюстраваньня катаваньняў ісламістаў і яго ролі ў паляваньні на галоўнага тэрарыста бэн Ладэна.

Стужка не дае простых адказаў, і ў гэтым яе моц.

Нумар 8. Прафэсіянал (Le professionnel). 1981

le_professionnel_1.jpg

Магчыма самая знакамітая роля легендарнага Бэльмандо. Стужка Жоржа Латнэра паказвае Жан-Поля Бэльмандо ў ролі таемнага агента, якога ўрад пакінуў для місіі ў варожай замежнай краіне. Але гледачоў чакае нешта нашмат цікавейшае за прыгоды французскага Джэймса Бонда.

Жан-Поль паказвае чалавека, расчараванага той самай сістэмай, якой ён калісьці служыў з непахіснай адданасьцю. Ён па-майстэрску перадае пераўтварэньне свайго героя з урадавага аператыўніка ў агента-ізгоя, якому няма чаго губляць. Ён адзін рушыць супраць грознага дзяржаўнага апарату.

Хто пераможа ў няраўным двубоі?

Нумар 7. Дрэнная слава (Notorious). 1946

notorious_2.jpeg

Шэдэўр ад Альфрэда Хічкока. Гледачы трапяць у майстэрскае спалучэньне рамантыкі, інтрыгі і напружаньня, якое накрытае атмасфэрай палітычнага шпіянажу пасьля Другой сусьветнай вайны.

Інгрыд Бэргман выконвае ролю вельмі складанай жанчыны з заплямленай рэпутацыяй, якая завэрбаваная ўрадам ЗША, каб пракрасьціся ў нацысцкае кола ў Бразыліі. Акторка паказвае шлях сваёй гераіні ад геданістычнай дачкі нацысцкага шпіёна да закаханай кабеты, якая трапіла ў пастку небясьпечнай місіі.

Яе партнэр па здымках – знакаміты Кэры Грант. Усім прыйдзецца рабіць выбар паміж пачуцьцямі і перакананьнямі.

Нумар 6. Жыцьцё іншых (Das Leben der Anderen). 2006

das_leben_der_anderen.jpg

Дзівосна падобная да беларускага сучаснага жыцьця праца нямецкага рэжысэра Флярыяна Хенкеля фон Донэрсмарка, якая распавядае пра страшэнныя рэчы, якімі займаліся штазі – агенты спецслужбаў акупаванай камуністамі ГДР. Стужка паглыбляецца як у штодзённую працу па сачэньні, выпытваньні і татальнаму кантролю над уласнымі трусікамі (закрэсьлена – грамадзянамі), так і ўва ўнутраны канфлікт, да якога прыходзяць шпіёны.

За вамі сочаць. Быць можа нават у гэтую сэкунду. З такім разуменьнем жылі людзі пад прыгнётам чырвонага раю. Так працягваюць жыць у Беларусі і сёньня. Але кожнай тыраніі прыходзіць канец.

Нумар 5. Шпіёнскі мост (Bridge of Spies). 2015

bridge_of_spies.jpg

Нядаўна зьнятая, але ўжо клясычная шпіёнская драма Стывена Спілбэрга з шыкоўным выкананьнем галоўных роляў ад Тома Хэнкса і Марка Райлэнса. Як павінны выглядаць шпіён? Не, зусім не так як Шон Конэры ці Роджэр Мур – ён мусіць быць цішэй вады, такім, каб вы забылі, што ўжо бачылі гэтага чалавека праз 10 хвілінаў.

Напружаная, сапраўдная драма пра часы халоднае вайны, калі амэрыканскім службаў атрымалася злавіць шпіёна, які зьліваў таемную інфармацыю ў Крэмль. Справа закручваецца, калі зьяўляецца неабходнасьць абмену затрыманымі паміж двума геапалітычнымі ворагамі.

Нумар 4. Голдфінгэр (Goldfinger). 1964

goldfinger_1.jpg

Бадай, лепшай стужка пра агента 007 у вакананьні Шона Конэры, і адна з лепшых сярод усіх фільмаў пра Джэймса Бонда. Прыгожая, дынамічная, як заўжды з выдатным гумарам гісторыя разгортваецца вакол спробы таямнічага злодзея Голдфінгэра падпарадкаваць сабе ўвесь сьвет. Ён спрабуе даць перавагу кітайцам у змаганьні з ЗША, заклаўшы «брудную» атамную бомбу ў Форт Нокс (а гэта вайсковая база, дзе захоўваецца амэрыканскі залаты запас у зьлітках).

У Голдфінгэра наступная мэта: бомба спрацоўвае, усё золата становіцца апрамененым і бескарысным. Выратаваць сытуацыю выпадае агенту брытанскай выведкі Джэймсу Бонду. Галоўная музычная тэма выконваецца Шырлі Бэсі. Гэтую песьню вы палюбіце з першага праслухоўваньня, калі яшчэ не пасьпелі раней.

Нумар 3. Касабланка (Casablanca). 1942

casablanca_2.jpg

Стужка Майкла Кёрціса – гэта адна з галоўных цаглінаў у гісторыі кіно. Такіх геніяльных і прыгожых фільмаў надзвычай мала, і вам проста абавязкова неабходна азнаёміцца з гэтым шэдэўрам кінематографу.

Дзеяньне адбываецца ў бурлівым мараканскім горадзе падчас Другой сусьветнай вайны, калі, здавалася б нэйтральная тэрыторыя становіцца арэнай схаваных інтрыгаў і падрыхтоўкі шпіёнскіх апэрацыяў.

Інгрыд Бэргман і Хамфры Богарт граюць былых каханкаў, што выпадкова становяцца ўцягнутыя ў вір нечаканых падзеяў.

У сёньняшнім сьвеце, дзе фільмы прыходзяць і сыходзяць празь некалькі месяцаў, «Касабланка» зьяўляецца яскравым сьведчаньнем залатога веку Галівуду. Менавіта такія стужкі нагадваюць нам пра магію, якую фільмы могуць стварыць.

Нумар 2. На поўнач праз паўночны захад (North by Northwest). 1959

north_by_northwest_2.jpg

Калі мне было каля 9 гадоў, і я яшчэ не бачыў ніводнага фільма Хічкока, у памяці засталіся кадры дакумэнтальнай стужкі пра спецэфэкты ў кіно, якую паказвалі па менскім 8-м канале. Сярод самых захапляльных на той час эпізодаў быў расповед пра тое, як мужчына бяжыць сярод поля, а яго перасьледуе кукурузьнік. Аўтары сюжэта паказвалі як здымалася тая сцэна. Быў выкарастаны дзіцячы самалёт, мадэль, якую можна паставіць на паліцы каля дзіцячага ложка, і пры дапамозе фена стваралася ўражаньне вялізнага ветру. А мужчына ўсё бег, ухіляўся ад самалёта, які перасьледаваў яго.

Калі я падрос і ўбачыў гэтую стужку Хічкока — я ўзгадаў усё. Кэры Грант эпічна выратоўваўся ад самалёта, які імкнуўся скончыць яго жыцьцё.

Фільм апавядае пра чалавека, што займаецца рэклямай, якога група шпіёнаў прыняла за ўрадавага агента.

Нумар 1. Тры дні Кондара (Three Days of the Condor). 1975

three_days_of_the_condor.jpg

Часам, калі здаецца, што ты працуеш на шпіёнскую агенцыю, але сам нібы стаіш па-за цёмнымі і сьлізкімі справамі, а толькі выконваеш дапаможную функцыю, можна прыйсьці да высновы, што агенты і шпіёны – недзе там, у справаздачах. Але ў любы дзень можа адбыцца пераварот сьвядомасьці, як гэта здарылася ў героя Робэрта Рэдфарда ў шпіёнскім трылеры Сідні Полака.

Выблытвацца ад сітуацыі, калі супраць цябе – невядомыя агенты незразумелай службы – будзе дапамагаць чароўная Фэй Данаўэй. Шпіёнскія гульні з крывавым сьледам.

Прыемнага прагляду!