У Беларусь прывезлі прах княгіні Радзівіл
Падчас VII З'езду беларусаў свету беларуская супольнасць Швайцарыі перадала парафіі святых Сымона і Алены прах княгіні Магдалены Радзівіл. Ва ўрачыстасці прыняў удзел пробашч парафіі ксёндз-магістар Уладзіслаў Завальнюк.
Прах са Швайцарыі прывёз Аляксандар Сапега — намеснік старшыні Асацыяцыі беларусаў Швейцарыі.
«Мы планавалі, што будзем ехаць на сёмы З'езд беларусаў свету і таксама завязем Марыю Магдалену ў Беларусь», — сказаў Аляксандар Сапега.
Пакуль не вызначана месца, дзе будзе пахаваны прах Магдалены Радзівіл, ён будзе знаходзіцца ў Чырвоным касцёле.
«Я не маю маральнага права трымаць яе ў кватэры, пакуль будзе вырашана, дзе пахаваюць прах, — сказаў Сапега. — Я думаю, лепей усяго, калі я перадам у Чырвоны касцёл на гэты час. Гэтае пытанне пакуль вырашаецца».
Летась у ліпені князь Мацей Радзівіл у Мінску паведаміў, што праўнукі вядомай беларускай мэцэнаткі, княгіні Магдалены Радзівіл пастанавілі перапахаваць яе цела ў Мінску — у касцёле святых Сымона і Алены, побач з якім яна жыла.
«Мы кожны год сустракаемся з прамым праўнукам Магдалены Радзівіл — прынцам Бурбонам, — сказаў Сапега. — Калі мы летась абвясцілі ідэю перавезці прах у Беларусь, ён падтрымаў і папрасіў нас пасадзейнічаць. З таго часу я займаўся эксгумацыяй, крэмацыяй, афармленнем дакументаў».
Да апошняга часу цела Магдалены Радзівіл, а таксама яе адзінай дачкі пахаваныя ў швейцарскім горадзе Фрыбургу. Месяц таму таксама пры дапамозе Аляксандра Сапегі прах дачкі Людвігі Радзвіл быў перавезены ў Варшаву.
Каб перадаць прах у Беларусь, сям'я таксама звярнулася да арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, а таксама да пробашча Чырвонага касцёла ксяндза Уладзіслава Завальнюка, якія вельмі зычліва паставіліся да гэтай ідэі. Тым больш, што ўжо раней у Чырвоным касцёле перапахавалі парэшткі фундатара касцёла Эдварда Вайніловіча і англійскага музыказнаўцы, даследчыка беларускай культуры Гая Пікарды.
Паводле svaboda.org