У Беларусі пройдзе сем незалежных кінафестываляў
Цягам апошніх гадоў адбыўся сапраўдны выбух незалежнага кіно. Што рабіць з такой колькасцю кінападзей і чым яны будуць адрознівацца?
Беларускі фестывальны кінасезон распачнецца ўжо на наступным тыдні. Упершыню ў гісторыі прадстаўнікі шасці розных кінападзей сабраліся разам на адной пляцоўцы і распавялі, чым будуць здзіўляць гледачоў.
— Гэта тая самая хваля новага беларускага кіно, пра якую мы казалі год таму, — патлумачыў Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі” ўсплеск фестываляў кінапрадзюсар Леанід Каліценя. — Аўтары разумеюць, што ёсць куды ствараць кантэнт, інфраструктура пачынае расці. Такім чынам, пройдзе шэсць кінафестываляў плюс “Белае люстэрка” і “Лістапад” — восем.
Для параўнання: летась беларускі кінасезон складаўся з пяці фестываляў (“Татошка”, “Кіназмена”, “Бульбамуві”, “Лістапад” і Watch Docs), і гэта таксама быў рэкорд. Цяпер жа яго перавысілі ўдвая, і гэта з улікам таго, што сёлета не будзе “Татошкі” і няясная сітуацыя з “Бульбамуві”.
Такім чынам, у найбліжэйшыя месяцы кожны знойдзе кінападзею на свой густ. Дарэчы, арганізатары розных фестываляў пастараліся скаардынаваць свае паказы такім чынам, каб адзін не накладваўся на другі, таму можна будзе наведаць максімальную колькасць кінапраглядаў.
Міжнародны кінафестываль Cinema Perpetuum Mobileіснуе амаль 6 гадоў і ў наступны раз пройдзе ўвесну 2018 года. Гэта, бадай, самая эксклюзіўная і арыгінальная падзея ў сферы беларускага незалежнага кіно.
“Але фестываль наш цягнецца круглы год, бо цырк вакол нас не заканчваецца. У нашым “шапіто” мы плануем паказваць трэш і дзэн, гэта будзе абстрактнае філасофскае кіно”, — анансаваў адзін з арганізатараў SPM Дзяніс Шэка. Такі нетрывіяльны падыход да фармату імпрэзы і адбору фестывальных стужак стваральнікі тлумачаць тым, што глядач сумуе, калі проста глядзіць кіно.
Арганізатарка фестывалю дакументальнага кіно на тэму правоў чалавека Watch Docs BelarusАліна Радычынская распавяла, што ўся яго праграма накіравана на тое, каб справакаваць публічны дыялог. І нават краўдфандынг, пры дапамозе якога летась на правядзенне фестывалю збіралі грошы, стваральнікі разглядаюць не толькі як фінансаванне, але і як спосаб уцягнуць аўдыторыю.
Апроч паказаў на фестывалі адбываюцца дыскусіі, сустрэчы з рэжысёрамі, а таксама спецыяльныя падзеі. Напрыклад, сёлета адбудзецца абмеркаванне стужкі пра расізм і футбол у Ізраілі з футбалістамі “Крумкачоў”.
WDB — гэта якасная сусветная дакументалістыка на мове арыгіналу з беларускімі і рускімі субтытрамі. Сёлета з’явяцца яшчэ і субтытры для людзей з парушэннем слыху, а таксама падзея ўпершыню выйдзе на шырокі экран кінатэатра. Дарэчы, асноўнымі тэмамі Watch Docs Belarus сёлета стануць папулізм, памяць і экалогія. Фестываль адбудзецца ў кастрычніку ў Гродна, Віцебску, Брэсце і Стоўбцах, а ў снежні — у Мінску, падчас яго наведвальнікі змогуць пабачыць самыя свежыя сусветныя карціны, знятыя ў 2017-м годзе.
Фестываль кароткаметражных фільмаў “Кіназмена” пройдзе другі раз. Як распавёў адзін з яго заснавальнікаў Ігар Асмалоўскі, арганізатарам даслалі амаль 3000 стужак як беларускіх, так і замежных рэжысёраў. Паказ 7 – 8 беларускіх работ “Кіназмены” пройдзе 12 верасня ў кінатэатры “Беларусь” у 18.40. Уваход на прагляд вольны, адзінае, трэба зарэгістравацца праз паблікі фестывалю ў сацсетках.
Фестываль міжнародных паказаў, у якім чакаюць удзелу каля 20 рэжысёраў, пройдзе 15 – 17 верасня ў “Сільверскрыне”. У гледачоў будзе магчымасць узяць удзел у галасаванні і выбраць фільмы-пераможцы міжнароднага і нацыянальнага паказаў. Арганізатары запэўніваюць, што ўсё будзе адбывацца празрыста, галасаванне і падлік галасоў пройдуць непасрэдна ў зале. Таксама будзе наладжана інтэрнэт-галасаванне праз Onliner.by.
Упершыню сёлета пройдзе абсалютна новы кінафестываль у жанры трылер Corn short film festival. Як распавёў яго заснавальнік Віктар Бойка, падзея адбудзецца 28 і 29 кастрычніка. Арганізатары вырашылі пакуль што спыніцца на беларускіх працах. 28 кастрычніка пройдуць майстар-класы ад самых вядомых кінематаграфістаў Беларусі, а 29-га ў вялікай зале “Арт-кінатэатра” пройдзе паказ. Працы на фестываль прымаюць да 5 кастрычніка.
Фестываль экалагічнага кіно “Планетарый” упершыню прайшоў у лютым 2017 года.
“Мы хацелі разбіць стэрэатып пра тое, што экалагічнае кіно — гэта нешта сумнае і зануднае. Яно можа быць захапляльным, пяшчотным і з закручаным сюжэтам. Мы не хочам паказваць песімістычнае кіно. Мы падбіраем фільмы, якія матывуюць. Мы прымаем і гульнявыя работы, і дакументальныя, і анімацыю, і поўны метр, і кароткаметражныя”, — распавяла прадстаўніца кінафестываля Анора Лангард.
Наступны “Планетарый” пройдзе ў лютым 2018 года, дэдлайн падачы заявак — 31 снежня.
“Мы — не фестываль, мы — праект, — ахарактарызавала ініцыятыву“Сваё кіно” адна з яе заснавальнікаў Наталля Бружнік. — Ён пачаўся сёлета ў студзені. Гэта паказы новага беларускага кіно. Мы паказваем кіно беларускіх аўтараў ці тых, хто здымае пра Беларусь і для беларусаў. Гэта яшчэ і пляцоўка, дзе сустракаюцца публіка і аўтары. Бо часам рэжысёры не ўмеюць прэзентаваць сваю працу, а гледачы не ўмеюць правільна задаць пытанне”.
Паказы “Свайго кіно” праходзяць штомесяц цягам года ў “Арт-кінатэатры”. Яны платныя, бо прынцыповая пазіцыя праекта — выплата ганарару аўтару з прададзеных квіткоў.
Нягледзячы на такі скачок незалежнае беларускае кіно пракладае сабе шлях праз шматлікія праблемы. Заўсёды актуальны пошук фінансавання. Некаторыя вырашаюць гэтае пытанне праз той жа краўдфандынг, партнёрства з валанцёрамі, прыватнымі пляцоўкамі, арганізацыямі. Для адных прынцыповай пазіцыяй з’яўляецца адмова ад камерцыялізацыі фестываляў, іншыя настойваюць на тым, што беларускае кіно нельга паказваць бясплатна, бо такім чынам адбываецца яго абясцэньванне.
Яшчэ адна праблема — памяшканні для паказаў. У Мінску яна вырашаецца за кошт публічных прастор, прыватных кінатэатраў і бараў. У рэгіёнах з гэтым складаней і вывесці беларускае кіно на вялікі экран пакуль амаль не атрымліваецца, нягледзячы на фестывальныя гісторыі фільмаў, вядомыя імёны аўтараў і наяўнасць пракатных пасведчанняў. Дзяржава ў іпастасі Міністэрства культуры ніяк не дапамагае развіццю кінаініцыятыў, і адзіная яе дапамога заключаецца ў тым, каб не замінаць.
“Але незалежна ад таго,ёсць грошы ў Мінкульта ці іх няма, рух ёсць”, — канстатуе Леанід Каліценя.
Прадзюсар бачыць тры надзённыя праблемы беларускага незалежнага кіно: якасць кантэнту (не ўсе працы, што дасылаюць на фестывалі, праходзяць адбор), публіка (сабраць поўную залу ўдаецца не на кожны паказ) і падтрымка (СМІ не вельмі ахвотна асвятляюць падзеі кінематографа).
Вырашыць гэтыя праблемы можна толькі салідарна, што цяпер і адбываецца ў незалежнай кінасферы. Бо стварэнне моцнай школы нацыянальнага кіно — справа супольная, і без падтрымкі калег тут не абысціся.