Рабаванне па-беларуску. Не дэтэктыў — камедыя

У Мінску распачаліся здымкі новай прыгодніцкай беларускай камедыі «Рабаванне па-беларуску» творчага аб’яднання «Bez Buslou Arts». Вострасацыяльнае кіно пра беларусаў і для беларусаў! «Тунеядцам-дармаедам» прысвячаецца!

2_rabavanne_pa_belarusku.jpg

У брытанскай крымінальнай камедыі «Рабаванне па-італьянску» галоўны герой падчас аднаго з напружаных сюжэтаў крычыць: «Трымаецеся, хлопцы, у мяне ёсць ідэя!».

Так і маладая каманда стваральнікаў фільма «Рабаванне па-беларуску» працягвае здзіўляць і радаваць нас сваімі новымі ідэямі. Учора быў дадзены старт карціны — па традыцыі, была ўрачыста разбіта талерка з аўтографамі здымачнай групы і акцёраў.

Гэта ўжо чацвёртая стужка беларускага творчага аб’яднання “Bez Buslou Arts”, якія паспяхова стрымліваюць сваё абяцанне — рабіць па аднаму фільму на год.

Папярэднія стужкі кінакампаніі “Bez Buslou” — «Вышэй за неба», «ГараШ» і «PARTY-zan фільм» — карысталіся поспехам у гледачоў і таксама здымаліся сіламі беларусаў і пра беларусаў.

«ГараШ» падчас пракату заняў 3-е месца па касавых зборах, а «PARTY-zan фільм» стаў першым беларускім фільмам, які патрапіў на шырокі экран у пераднавагодні пракат.

rabavanne_pa_belarusku_1.jpg

Асноўны блок здымак новай карціны павінен пачацца праз некалькі тыдняў. І падоўжыцца 2 тыдні.

Фільм — іранічнае люстэрка нашай сучаснасці. У аснове сюжэта — гісторыя пра звычайную беларускую сям'ю, якая, патрапіўшы ў складаную жыццёвую сітуацыю, вырашае абрабаваць банк і ў выніку трапляе ў чараду нечаканых прыгод.

3_rabavanne_pa_belarusku.jpg

Ужо вядома, што разам з маладымі акцёрамі ролі будуць выконваць такія вядомыя беларускія зоркі камедыйнага жанру, як Эвеліна Сакура і Алег Акуліч. Апроч іх дзве галоўныя ролі выканаюць маладыя акцёры Зміцер Клімовіч і Яўгенія Брагіна.

Рэжысёр карціны — сын Эвеліны Сакура — Іля Фіневіч-Сакура, для якога карціна з’яўляецца дэбютам. Аўтары сцэнарыя — Алеся Фіневіч-Сакура і Андрэй Курэйчык. Кампазітар і супрадзюсар фільма — Дзмітрый Фрыга.

Прэм'ера «Рабавання па-беларуску» прызначаная на вясну 2018 года.