Віват, «Дударскі фэст»!
Юбілейны дзясяты «Дударскі фэст» стаў добрай падставай для асэнсавання ролі гэтай папулярнай імпрэзы ў сучаснай беларускай культуры. Незалежная музычная дзея, імя якой
даў яе заснавальнік, дудар і майстра Тодар Кашкурэвіч, спрыяла таму, што дударскі рух Беларусі набыў рысы трывалай айчыннай культурніцкай з’явы.
Думкі напярэдадні
Юбілейны дзясяты «Дударскі фэст» стаў добрай падставай для асэнсавання ролі гэтай папулярнай імпрэзы ў сучаснай беларускай культуры. Незалежная музычная дзея, імя якой
даў яе заснавальнік, дудар і майстра Тодар Кашкурэвіч, спрыяла таму, што дударскі рух Беларусі набыў рысы трывалай айчыннай культурніцкай з’явы.
Думкі напярэдадні
Дзякуючы фэсту ў нашай краіне з’явіўся цэлы шэраг таленавітых выканаўцаў — гуртоў і капэлаў, хлопцаў і дзяўчат, нават дзетак! Іх талент мае матэрыяльнае падмацаванне: у краіне
працуюць нямала дастаткова спрактыкаваных майстроў, якім пад сілу ажыццявіць любыя мары выканаўцаў — зрабіць якасны інструмент для канцэртаў і студыйных запісаў. Дзякуючы
«Дударскаму фэсту» нашы выканаўцы навучыліся граць у вялікіх канцэртных залах і на свежым паветры, у гуртах і сольна, імправізаваць пад электронныя рытмы ды-джэяў. Стала працуе
«Дударскі клуб» — месца сустрэч і абмену вопытам дудароў, прыхільнікаў медыевальнай культуры. А адзін з заснавальнікаў цяперашняга «Дударскага фэсту»
Зміцер Сасноўскі выдаў грунтоўны твор «Гісторыя беларускай музычнай культуры ад старажытнасці да канца ХVIII ст.», які застаецца адзіным дапаможнікам для навучэнцаў дзяржаўных
музычных устаноў і даведнікам для аматараў сярэднявечнай музычнай культуры Беларусі.
Пра гэтыя вехі развіцця айчыннай дударскай школы думалася, калі арганізатары абвясцілі пра дзясяты юбілейны «Дударскі фэст», на які былі запрошаны шмат гасцей з усёй Еўропы. Дзеля
гэтага былі задзейнічаны магчымасці амбасадаў Германіі і Швецыі, сяброў з Польскага інстытуту ў Мінску. Ды і сам фэст пераўтварыўся ў шматдзённы музычны марафон, у якім удзельнічалі і гаспадары
імпрэзы, і госці нашай краіны. Адной са знакавых падзеяў «Дударскага фэсту» стаў сольны канцэрт шведскага медыевальнага гурта «Hedningarna», а таксама ўнікальны
канцэрт гурта «ESSA», кіраўніком якога з’яўляецца заснавальнік і адзін з гуру айчыннага дударскага руху, майстар і дудар Тодар Кашкурэвіч.
Але па традыцыі «Дударскага фэсту» самыя цікавыя музычныя сустрэчы, самыя «ўдарныя» выступленні былі назапашаны на апошні дзень імпрэзы. Вось і канцэрт у сталічным
клубе «Рэактар» не стаў выключэннем з правілаў: маладыя людзі, якія запоўнілі танцпол клуба, спадзяваліся на сустрэчы з унікальнымі выканаўцамі, а таксама на тое, што змогуць
патанчыць пад еўрапейскія мелодыі, сустрэцца сам-насам са сваімі кумірамі з роднай Беларусі...
Ад «Боны Сфорцы» да «Кашлатага Воха»
Першымі на сцэну «Дударскага фэсту» вядучы Зміцер Сасноўскі запрасіў не надта знаёмы слухачам медыевальны гурт «Бона Сфорца». Пры больш пільным разглядзе
аказалася, што гуртом кіруе і саліруе вядомая выканаўца на дудзе, лідар жаночага гурта «Расалія» Аксана Касцян. Цяпер у складзе гурта «Бона Сфорца» былі заўважаны
хлопцы, якія сваім незвычайнымі інструментамі надалі гучанню больш экспрэсіўнасці і музычных фарбаў. Рэпертуар гурта «Бона Сфорца» нечым нагадваў «расаліеўскі»
— шмат танцавальных мелодый («Базар», «Лявоніха»), апрацоўкі еўрапейскага фальклору, аўтарскія кампазіцыі («Светавіт»). Як заўсёды,
зоркай канцэрта стала сама Аксана. Яе выканаўчае майстэрства, як і заўжды, было з захапленнем сустрэтае слухачамі.
Наступны ўдзельнік «Дударскага фэсту» — шоў-гурт «Яварына», які завяршае свае пераўтварэнні ад гурта-акампаніятара аднайменнага тэатра танца да
паўнавартаснага медыевальнага калектыву. Цяпер цэнтрам музычнага дзеяння, якое адбываецца падчас канцэрта гурта, з’яўляецца інструмент нямецкага паходжання — дудэльзак, на якім грае
вядомы па канцэртах «Дударскага клуба» Зміцер Шыманскі. Асабліва ўдаюцца музыкантам «Яварыны» апрацоўкі балканскага фальклору.
Кашлаты Вох
Вось хто па-сапраўднаму вылучаўся сваім неардынарным стаўленнем да дударскіх традыцый, дык гэта гурт «Кашлаты Вох»! Кожны раз, прадстаўляючы гэтых музыкантаў, вядучы
«Дударскага фэсту» З. Сасноўскі адзначаў, што музыканты «Кашлатага Воха» з’яўляюцца пачынальнікамі новага напрамку ў фолк-музыцы — псіха-фолка.
Хоць на самай справе ў музыцы гурта заўважныя элементы фолк-рока, панка і псіхадэліі, а цэнтрам канцэртнай дзеі з’яўляецца сцэнічны перформанс, які ладзіць з дапамогай дуды фронтмэн гурта В.
Красулін. І гэты падыход знаходзіць водгук у слухачоў: з кожным канцэртам папулярнасць гурта расце, як расце і выканаўчае майстэрства маладых музыкантаў.
«Fidelius»: дастыш фантастыш!
Пасля такога энергічнага «разагрэву» публікі фестывалю быў патрэбен сапраўдны эмацыйны «выбух». І гэты выбух забяспечылі нямецкія госці з медыевальнага гурта
«Fidelius», якія ўпершыню выступалі ў нашай краіне. Адзначу, што гурт «Fidelius» — трыа, у складзе якога выканаўцы на флейтах, бубне і нямецкай цыстры.
Удзельнікі гурта дасканала валодаюць прыёмамі старажытных нямецкіх скамарохаў, якія весялілі сялян і гараджан на кірмашах і народных святах. Элементы гэтых скамарошных забаў былі прадэманстраваны ў
праграме гурта «Fidelius», што адбілася і на прыёме іх музыкі беларускімі слухачамі. Іх рытмічныя і адначасова меладычныя найгрышы, бытавыя і павучальныя балады сталі добрай
падставай, каб пусціцца ў безаглядныя скокі па ўсёй зале клуба.
На такім падвышаным эмацыйным фоне гурту «Стары Ольса» заставалася толькі выканаць некалькі сваіх хітоў, каб слухачы віталі іх, як і нямецкіх музыкантаў з
«Fidelius». Таму прагучалі такія вядомыя песні, як «Вітаўт», «Літвін», творы з «Полацкага сшытка» —
«Немец», «Дрыгула», а таксама кампазіцыя «У карчме», што была прысвечана клубу, у якім адбываўся заключны канцэрт «Дударскага
фэсту». Гэтым разам музыканты «Старога Ольсы» вырашылі скарыць публіку не толькі знакамітымі песнямі, якія добра вядомы слухачам. Асабліва шчыраваў Зміцер Сасноўскі, які ў
гэты вечар паказаў шмат унікальных выканаўчых прыёмаў ігры на дудзе.
Стары Ольса
Пад дэвізам Open Europe
Музыкантаў з гурта «Open Folk» слухачам прадстаўлялі супрацоўнікі Польскага інстытута ў Мінску, якія маюць вялікі вопыт супрацоўніцтва з арганізатарамі «Дударскага
фэсту». З дапамогай Польскага інстытута беларускія слухачы пазнаёміліся з аўтэнтычнымі выканаўцамі Польшчы — гуртамі «Dudziarzy Wielkopolski» і «Kapela
kozlarska Benia Kaspra z Przyprostyni», якія ўпершыню прадэманстравалі гуральскія дударскія традыцыі суседняй краіны краіны. Гэтым разам госцем «Дударскага фэсту» стаў гурт
«Open Folk», у складзе якога былі заўважныя не толькі старажытныя польскія смыковыя інструменты, але і іспанскія дуды — гаіты. Гук гэтых інструментаў добра стасаваўся з
еўрапейскай дудовай музыкай, якая з’яўляецца асновай рэпертуару польскіх медыевальных выканаўцаў. Былі выкананы сюіта паводле французскіх музычных твораў для дуды XVIII стагоддзя, а таксама
сюіта з польскіх народных танцаў гэтага ж гістарычнага перыяду. У рэпертуары «Open Folk» не толькі музыка Сярэднявечча, але і больш познія творы, якія адносяцца да эпохі
барока.
Думаю, залішне нагадваць нашым чытачам тое, як сталічныя меламаны любяць экстрэмальныя рытмы дударскага рок-гурта «Litvintroll»! Гэтым вечарам усё паўтаралася наноў: слухачы,
нягледзячы на позні час, з нецярпеннем чакалі сваіх улюбёнцаў. Тыя, адчуваючы адказнасць перад прыхільнікамі, пастараліся выкласціся на ўсе «сто адсоткаў». На жаль, музыкантам гурта
«Litvintroll» хапіла часу толькі нагадаць свае хіты з альбома «Rock’n Troll». Але музыканты «Litvintroll» запрасілі сваіх прыхільнікаў
на будучую прэзентацыю новай кружэлкі, якая адбудзецца ўжо, на жаль, не ў гэтым клубе.
Litvintroll
P.S. Самы буйны і аўтарытэтны сталічны клуб «Рэактар» спыняе сваю дзейнасць. Таму самы час падзякаваць нешматлікім працаўнікам клуба і яго дырэктару Андрэю Старцаву, якія
спрычынілся да арганізацыі шматлікіх канцэртаў беларускіх і замежных выканаўцаў, шмат зрабілі для сучаснай беларускай музычнай культуры, айчыннай рок-музыкі ўсіх напрамкаў, для паспяховага
правядзення «Дударскага фэсту». Гэта чарговы ўдар па незалежнай беларускай культуры, але мы застаёмся аптымістамі і спадзяёмся на новыя сустрэчы з таленавітай камандай
Старцава.