Валянціна Трыгубовіч: Паваенныя эмігранты ў ЗША таксама былі перакананыя, што вернуцца на Радзіму
Праца і захаваныя архівы Фундацыі Крачэўскага ў ЗША —гэта частка агульнай беларускай гісторыі і беларускай культуры.
Гэта таксама вельмі важны складнік амерыканскай гісторыі і культуры, — распавяла «Радыё Рацыя» сябра Рады дырэктараў, архівіст Беларускай фундацыі Крачэўскага (Belarusian Kreceuski Foundation) Валянціна Трыгубовіч:
— Ці маглі б вы распавесці перадгісторыю фундацыі?
— Калі вельмі каротка расказваць, то наша фундацыя — гэта дзіця халоднай вайны. У 50-я гады мінулага стагоддзя тадышні прэзідэнт Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Мікола Абрамчык выказаў такую думку, што беларусам у эміграцыі варта стварыць свой архіў-музей. Каб збіраліся матэрыялы, якія б распавядалі пра жыццё беларусаў у замежных краінах. З ягонай ініцыятывы паўстала гэтая фундацыя. Натуральна, што прайшлі праз усе працэдуры.
На сённяшні дзень гэта амерыканская грамадская арганізацыя, пры гэтым цалкам беларуская арганізацыя. Яна проста мае такі легальны статус у Злучаных Штатах.
Мы ўжо адзначалі сваё 60-годдзе, так што арганізацыя, як вы разумееце, дастаткова паважанага веку. Мэты былі такія — стварэнне музея і архіва беларускай эміграцыі.
Мы маем свой будынак, частку якога займае непасрэдна фундацыя, частку якога мы здаём у арэнду, за што маем магчымасць аплачваць усе камунальныя паслугі. Мы збіраем кніжкі, архівы, фатаграфіі. Усё, што толькі можна сабраць у дачыненні да беларускага эмігранцкага жыцця. Маем ужо някепскія зборы, я займаюся іх упарадкаваннем.
— Што было і што стала? Як за гэты час мянялася фундацыя?
— Фундацыя мянялася вельмі моцна. Па-першае, нікому гэта не было патрэбна. Нейкі там архіў, нейкі там музей, усім былі патрэбны песні і танцы. Трэба было ладзіць мітынгі, нейкія сустрэчы, нейкія шэсці, нешта такое. Тое самае, што сёння ў свежай хвалі эміграцыі.
Разуменне таго, каб заставаліся сляды ад гэтай усё працы, было ў не вельмі шматлікіх галовах. Таму тое-сёе засталося. Калі я займаюся гэтымі эмігранцкімі справамі, то адразу пераскокваю і на сучасную эміграцыю. Маладым людзям, якія прыязджаюць, здаецца, што яны першыя эмігранты, яны адкрываюць Амерыку.
Я не буду гаварыць пра іншыя краіны, а толькі пра Злучаныя Штаты, што яны тут увогуле першыя эмігранты ў свеце. Я апошнім часам, разбіраючы кнігі, якія ўдава Янкі Запрудніка перадала ў фундацыю, наткнулася ў тым ліку і на кніжку Дантэ «Боская камедыя». Я гэтую кніжку не трымала ў руках са студэнцкіх часоў. Цяпер раптам са здзіўленнем адкрыла, што Дантэ таксама быў эмігрантам.
Яго выгналі з Фларэнцыі, потым завочна судзілі і прыгаварылі да смяротнага пакарання. Ён ніколі ўжо не вярнуўся на сваю Радзіму. Ён амаль палову жыцця правёў у эміграцыі. Гэта быў канец 13-га, пачатак 14-га стагоддзя, уявіце сабе.
Так што эміграцыя мае страшэнна доўгую гісторыю, як з’ява. Маладым хацелася б сказаць, што тая хваля паваенных эмігрантаў, класічная наша беларуская эміграцыя, яны таксама былі перакананы, што вернуцца.
Беларуская фундацыя Крачэўскага — гэта некамерцыйная арганізацыя, заснаваная беларусамі-эмігрантамі ў Нью-Ёрку ў 1959 годзе. Названа ў гонар Пятра Крачэўскага, першага старшыні Выканаўчай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў эміграцыі.