Вяртанне мовы
26 студзеня споўнілася 20 гадоў з прыняцця Вярхоўным Саветам БССР ХІ склікання «Закона аб мовах». З гэтай нагоды старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў правёў прэс-канферэнцыю.
26 студзеня споўнілася 20 гадоў з прыняцця Вярхоўным Саветам БССР ХІ склікання «Закона аб мовах». З гэтай нагоды старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў правёў
прэс-канферэнцыю.
«Закон аб мовах» тагачаснай БССР, нагадаў спадар Трусаў, зацвердзіў ВС БССР ХІ склікання на адным са сваіх апошніх пасяджэнняў, «пад заслону». Прыняцце закона
сталася знакавай падзеяй: яно нівелявала прычыну татальнай русіфікацыі, што ішла ў Беларусі з 1959 года з увядзеннем у дзеянне закона аб адукацыі, які дазволіў перавесці ўсе школы ў вялікіх гарадах
на рускую мову, а бацькам адвольна вызваляць дзяцей ад вывучэння беларускай мовы.
У 1990 годзе вяртанне мовы ў школы пачыналася з нуля: з часоў Машэрава — Брэжнева ў гарадах не засталося беларускіх класаў, нацыянальную літаратуру вывучалі па-руску, а мову —
толькі ў праграме 4–8 гадоў навучання. Паступова мова вярнулася ў навучальны працэс з пачатковых класаў, паўстала першая мінская беларускамоўная школа на вул. Уральскай, пачаў працаваць
створаны ў 1990 годзе Уладзімірам Коласам беларускі Ліцэй.
Тэрмін увядзення Закона быў, не ў прыклад Прыбалтыйскім краінам, расцягнуты (10 год), але шансы беларусізацыі школы, а за ёй і грамадства, выглядалі цалкам пазітыўна. Да сярэдзіны 1990-х колькасць
першакласнікаў беларускамоўнага навучання сягала 2/3. Здавалася, яшчэ 5 гадоў — і беларускія школьнікі складуць 75–80 працэнтаў. Ішоў пераход на беларускамоўнае выкладанне ў ВНУ,
які стымулявала адпаведная даплата.
Функцыянальнае вяртанне мовы да грамадскага жыцця перапыніў адкат пасля ганебнага рэферэндуму 1995 года. Тым не менш Алег Трусаў выказаў аптымізм з нагоды перспектыў беларусізацыі. Насуперак зніжэнню
колькасці беларускага школьніцтва да катастрафічных 18 працэнтаў, усе сацыялагічныя апытанні апошняга часу, праведзеныя дзяржаўнымі і недзяржаўнымі агенцтвамі, паказваюць, што мову тытульнай нацыі як
абсалютную каштоўнасць упершыню пачало ўспрымаць больш за 50 працэнтаў насельніцтва.
Колькасць носьбітаў літаратурнай рускай мовы, са спыненнем іх фізічнага прытоку з-за мяжы, знізілася да 1–5 працэнтаў, у той час большасць грамадзян карыстаецца трасянкай. Навукоўцы,
даследуючы практыку маўлення, лічаць яе жывым рэзервам вяртання да паўнавартаснай беларускасці. Шансы нацыянальнай мовы ўзрастаюць на фоне пераарыентацыі моладзі на вывучэнне англійскай замест рускай
у якасці мовы міжнародных зносін.
Ёсць іншыя станоўчыя фактары. Упершыню за шмат стагоддзяў беларусізуецца касцёл, следам за якім пачынаецца перагляд моўнай практыкі іншых канфесій. Вырасла пакаленне маладых беларусаў пачатку 1990-х,
зараз не дзіва сустрэць чыноўніка топ-узроўню, які вольна карыстаецца беларускай мовай — ад міністра культуры Паўла Латушкі да кіраўнікоў гарадскога ўзроўню. У грамадскія кансультатыўныя
рады мясцовае кіраўніцтва запрашае сяброў ТБМ. Застаюцца спадзяванні, што вынікі перапісу–2009, як і папярэдняга, паспрыяюць станоўчаму падыходу да нацыянальнай мовы.
Звяртаючыся да кіраўніцтва краіны з нагоды 20-годдзя «Закона аб мовах», ТБМ патрабуе адмяніць накіраваныя на русіфікацыю папраўкі, унесеныя ў яго ў 1998 годзе. А таксама вярнуцца да
практыкі спрыяння беларускай школе: ад павелічэння гадзін выкладання мовы і літаратуры да аднаўлення беларускіх курсаў гісторыі і геаграфіі ў школе і курса «Беларусазнаўства» ў ВНУ
і 20 працэнтаў даплаты за беларускае выкладанне ў сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай школе.
Грамадзян Беларусі ТБМ запрашае да ўдзелу ў выбарах мясцовых саветаў на платформе падтрымкі беларускай мовы і культуры, нагадваючы, што ў 1990 годзе дэпутатамі ВС як сябры Таварыства сталі 13
чалавек. А часы прыярытэту беларускай мовы вяртаюцца, лічыць Алег Трусаў.