ВКЛ — мая Айчына

Выстава «Міленіум», што працуе з 22 кастрычніка ў мінскім Палацы мастацтва, прысвечана 1000-годдзю першай летапіснай згадкі пра Літву. Гэта чарговая падзея грамадскага праекта следам за «круглым сталом» гісторыкаў у сакавіку ў Літоўскай амбасадзе і міжнароднай канферэнцыяй у чэрвені ў бібліятэцы АН РБ, пра якія «НЧ» ужо пісаў.



0c8ce55163055c4da50a81e0a273468c.jpg

Выстава «Міленіум», што працуе з 22 кастрычніка ў мінскім Палацы мастацтва, прысвечана 1000-годдзю першай летапіснай згадкі пра Літву. Гэта чарговая падзея грамадскага праекта следам за «круглым сталом» гісторыкаў у сакавіку ў Літоўскай амбасадзе і міжнароднай канферэнцыяй у чэрвені ў бібліятэцы АН РБ, пра якія «НЧ» ужо пісаў.
Ці найменне «беларус» адпавядае жыхарам нашага краю — задаўся пытаннем у брашуры «Стаць Літвінам і быць ім» адзін з чальцоў камітэта «Міленіум Літвы» выдавец газеты «Litwa» Аляксандр Стральцоў-Карвацкі. І адказаў: «Хутчэй не. Бо найменне «Беларусь» было прынесена на землі паміж Дняпром і Нёманам штучна, пры канцы XVIII стагоддзя дзеля таго, каб абгрунтаваць далучэнне гэтых земляў да Расійскай імперыі».
Насамрэч жа спадчыннікам нашай сярэднявечнай дзяржавы — Вялікага княства Літоўскага — з’яўляецца палітычная нацыя літвінаў розных культур: культуры балцкай, культуры польскай і культуры рускай (калі хочаце — беларускай), далучаная ад 1009 года, ад спробы пашырыць хрысціянства з Захаду сярод прусаў і ятвягаў св. Бруна з Квэрфурту да еўрапейскай лацінскай цывілізацыі. Не сялянская нацыя, якая паўстае на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў, а спадчыннікі шляхетнай 1000-гадовай традыцыі. Спадчыннікі ВКЛ, якое ад пачатку аб’яднала дзве неаднастайныя аўтахтонныя традыцыі, літоўскую і рускую.
На скрыжалях выставы так і запісана: яна апелюе да «наймення Літвы, этнічнай тэрыторыі», якая разам з балцкімі і славянскімі плямёнамі «стала часткай этнагенезу беларусаў-ліцвінаў».
Больш за 300 мастакоў розных пакаленняў прадставілі ў залах Палаца каля 1000 сваіх твораў — жывапісу і графікі, скульптуры і ўжытковага мастацтва — на выставу, падрыхтаваную Аргкамітэтам «Міленіума» разам з Саюзам мастакоў без усялякай падтрымкі з боку дзяржавы. Выставы ў гонар ідэі, памяці, міфа пра Літву, агульную калыску розных нацыянальных, канфесійных, сацыяльных груп, якія склаліся, жывуць і застануцца — у згодзе і паразуменні паміж сабой і суседзямі — на сучасных землях Рэспублікі Беларусь. І аб’ядноўвала іх не стылістычная канцэпцыя, а імкненне вобразнага выяўлення палітычнай, эстэтычнай, духоўнай пераемнасці са славутай гісторыяй прарадзімы, ВКЛ, вартасцяў своеасаблівага «Еўрапейскага саюза» мінуўшчыны, дзе не было малодшых і старэйшых братоў, а ўсе народы былі вялікія.
Наведвальнікаў віталі рыцары ў даспехах і старасвецкія дамы, гучала старабеларуская-ліцвінская музыка, панаваў святочны і ўзнёслы настрой, адпаведны адчуванню значнасці падзеі і адзінства, што злучыла ў грандыёзнай экспазіцыі і сталых творцаў, і ўдзельнікаў мастацкага конкурсу дзяцей «Літва тысячагадовая — наш родны край».
Да гэтай выставы, заўважыў на адкрыцці намеснік старшыні Саюза мастакоў графік Рыгор Сітніца, мы ішлі 1000 гадоў, і наступная адбудзецца праз тысячу, і святкуем гэтую падзею мы разам з нашымі суседзямі-літоўцамі. Знакі, сімвалы, вобразы калектыўнай памяці народаў ВКЛ, якія натхняюць і сёння літаратараў ды мастакоў, музыкаў ды ацёраў, гісторыкаў ды філосафаў, знітавалі экспазіцыю як карані і крона трывалага тысячагадовага дрэва.
Яе замыкаюць дзве рэпрадукаваныя гравюры — земляў ВКЛ на вядомай вялікай мапе Томаша Макоўскага 1613 года, усе абшары Літвы ад Балтыкі да Чорнага мора; і генеалагічнага дрэва вялікіх князёў Літвы на фоне старажытнай Гародні. А паміж імі пад столлю галерэі на харугвах — геральдычныя знакі, пячаткі, медалі — сімвалы геаграфічна-гістарычнай лакалізацыі пантэона вобразаў, партрэтных, пейзажных, батальных, сімвалічна-паэтычных, што насялілі прастору экспазіцыі. Хрысціцелі Літвы — св. Бруна з анёлам ля «камня веры» на трыпціху Алеся Марачкіна, каралі і абаронцы ВКЛ — Міндоўг і Канстанцін Астрожскі на аркушах Міколы Купавы, скульптура Вітаўта Алеся Шатэрніка (яшчэ 1984 года), «Славутасці Беларусі», групавы партрэт-пантэон Уладзіміра Стэльмашонка. Змаганне ВКЛ за волю — «Грунвальд» Анатоля Бяляўскага і «Раніца 8 верасня 1514 г.» Алеся Пушкіна з выявай музыкі, што натхняе паплечнікаў-ваяроў. Гарады, крэпасці, храмы нашай дзяржавы — на краявідах, то лірычных (Кастусь Качан, «Храм у Сынковічах»; Алесь Суша, «Крэва»; Віктар Маркавец, «Заслаў’е»), то эпічна-сімвалічных (Ягор Батальёнак, «Як і ў небе»).
І сум, трывога па страчанай ідэнтычнасці: «Выкраданне Еўропы» Аляксандра Некрашэвіча, дзе пачварна-мілітарны аб’ект кшталту падлодкі з чырвонай зоркай звозіць храмы Вільні. І габелен з гістарычнай «Пагоняй», ці не наўмысна змешчаны ў далёкі кут. Кампазіцыя, заключаная ў спаленую ваканіцу з Укрыжаваннем на ёй, з недвухсэнсоўнай назвай «Колер Бацькаўшчыны. 1794–1994–200…?» Георгія Скрыпнічэнкі. Ёсць здабыткі, ёсць страты — часовыя?
Але шматлікая грамада, прысутная на адкрыцці, віншуючы адзін аднаго са святам, якое адбылося, была шчыра апанаваная аптымістычным настроем: нематэрыяльны інстытут нацыянальнай памяці лепшыя дзеячы нашай культуры ўпарта ўвасабляюць і ў творах пластычных мастацтваў, і ў музыцы, і ў тэатры, і ў гістарычных даследаваннях. Непасрэдна на імпрэзе памятнымі медалямі ў гонар 1000-годдзя Літвы, падрыхтаванымі Саюзам мастакоў, былі ўзнагароджаны паэты Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Ніл Гілевіч, гісторыкі Анатоль Грыцкевіч і Адам Мальдзіс, мастакі Уладзімір Вішнеўскі, Васіль Шаранговіч, Гаўрыіл Вашчанка, музыка і спявак Віктар Скарабагатаў і многія іншыя. Пасмяротна адзначылі творчыя заслугі Міхася Раманюка і Яўгена Куліка…
На шляху вяртання і адраджэння духоўнай ідэнтычнасці, яе цывілізацыйных асноў, яе прынцыпаў маральнасці і свабоды веры зроблена нямала, у першую чаргу намаганнямі асобаў-«грамадзянаў», спадчыннікаў гістарычнага ВКЛ. Нават і ў не заўсёды спрыяльных умовах, без дапамогі сучаснай дзяржавы, святкаванне «Міленіуму Літвы» адбываецца як значная падзея высокага ўзроўню.
Выстава атрымалася. Пра гэта сведчыць колькасць і якасць твораў — сапраўдная панарама сучаснага мастацкага жыцця краіны, і накіраванасць выставы да пошуку не толькі эстэтычных, але і этычных, і палітычных ідэалаў упарадкавання беларускай-ліцвінскай будучыні. І колькасць наведвальнікаў, чыя плынь не спыняецца.
Залы выставы, якая дзейнічае па 15 лістапада, не пустуюць і пасля яе адкрыцця. Па словах старшыні аргкамітэта «Міленіума Літвы» Міколы Купавы, у рамках выставы і пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!»,  пройдзе некалькі дадатковых, звязаных з асноўнай падзей, на якія арганізатары запрашаюць усіх ахвотных.