Выстава Сергіевіча і Сеўрука: вяртанне класікі
Адкрываць спадчыну заходнебеларускай мастацкай школы міжваенных дзесяцігоддзяў у нас пачалі ў 2009-м. Тады Нацыянальны мастацкі музей паказаў збор твораў часткі яе прадстаўнікоў. І вось зараз новая імпрэза.
15 снежня тамсама адчынілася экспазіцыя двух лепшых мастакоў «польскай» часткі Беларусі — Пётры Сергіевіча і Міхася Сеўрука: 150 твораў з прыватных калекцый.
На вернісажы выступалі акадэмік Радзім Гарэцкі, мастацтвазнаўца Таццяна Гаранская, куратар паказу Вольга Архіпава, найбуйнейшы калекцыянер работ мастакоў — Ігар Бархаткоў. Прыгадвалі, як у 1960-я разгарнуліся пошукі і збіранне іх твораў. Як паступова яны траплялі ў экспазіцыі дзяржаўных музеяў: прыкладам, Сеўрука — у Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей, у горад, дзе мастак доўгі час жыў і працаваў.
Але працэс вяртання спадчыны Сергіевіча і Сеўрука ў лепшыя беларускія калекцыі ішоў няроўна. Напрыклад, па смерці мастака-адраджэнца Яўгена Куліка іх творы з яго збору былі прапанаваныя ў дзяржаўныя музеі, прыгадвае Ігар Бархаткоў, апошнія адмовіліся набываць карціны і графіку. І работы разляцеліся па прыватных калекцыянерах.
Фармальная прычына: той жа Сергіевіч амаль усё творчае жыццё правёў і працаваў у Вільні. Літоўскі мастак? Які падпісваў усе работы па-беларуску. Які, падобна Матэйку ў Польшчы, распачаў накірунак беларускай гістарычнай карціны, у прыватнасці, серыю пра Кастуся Каліноўскага. І які напрыканцы 1930-х працуючы ў Віленскім Беларускім музеі, па яго закрыцці Саветамі, дамогся перадачы ў Мінск адзінага вядомага на сёння прыжыццёвага партрэта Льва Сапегі. Нарэшце той, які, следам за Максімам Багдановічам, закрануў скразную тэму непрытульнасці беларусаў на роднай зямлі пад чужой уладай («Шляхам жыцця», 1934).
У паэта:
Ёсць на свеце такія бадзягі,
Што не вераць ні ў Бога, ні ў чорта.
Ім прыемны стракатыя сцягі
Караблёў акіянскага порта.
(«Эмігранцкая песня», 1914)
Так і творы двух мастакоў — Міхася Сеўрука, з яго неарэнесансавай скульптурнай формай, І Пётры Сергіевіча, тонкага песняра настрояў, дагэтуль — часткова «бадзягі».
Але зараз, да 23 студзеня 2017 года, з жывапісам і графікай Сеўрука і Сергіевіча, работамі, недаступнымі ў іншы час (бо захоўваюцца ў прыватнікаў), можна азнаёміцца ў музеі. А чытачам «НЧ» нагадаем: цудоўныя нарысы пра творчасць абодвух можна прачытаць у першым выданні «Бібліятэчкі Новага Часу» — «Крэскі да партрэтаў мастакоў з Заходняй Беларусі» (2013) нашага заўчасна памёрлага аўтара — Сяргея Гваздзёва.
Фота Алега Радкевіча