25 гадоў таму знік і быў забіты Юрый Захаранка
Былы кіраўнік МУС Беларусі Юрый Захаранка 7 траўня 1999 года быў выкрадзены ў цэнтры Мінска і забіты. На той момант яму было 47 гадоў.
Пасля вызвалення з пасады міністра ўнутраных спраў Юрый Захаранка адкрыта крытыкаваў асобу і палітыку Аляксандра Лукашэнкі. Ён патрабаваў прыцягнення кіраўніка дзяржавы да адказнасці, у тым ліку і за падзеі ў ноч на 12 красавіка 1995 года, за жорсткія дзеянні міліцыі ў адносінах да ўдзельнікаў «Чарнобыльскага шляху» 26 красавіка 1996 года.
Пасля рэферэндуму 1996 года, які Юрый Захаранка называў дзяржаўным пераваротам, што вядзе да фашызму, былы міністр стаў актыўным чальцом апазіцыі. У красавіку 1997 года праз недзяржаўную прэсу Захаранка заявіў пра ініцыятыву распачаць крымінальныя справы супраць Шэймана, Агальца, Сівакова і Бародзіча.
З пачатку 1998 года Захаранка — старшыня камітэта па нацыянальнай бяспецы Нацыянальнага выканаўчага камітэта (НВК) на чале з Генадзем Карпенкам. Маючы падтрымку і аўтарытэт сярод вайскоўцаў і сілавых структураў, Захаранка быў небяспечным для ўлады. Асабліва пасля таго, як заявіў пра намер стварыць Саюз афіцэраў.
Пасля загадкавай смерці Карпенкі ў пачатку красавіка 1999 года Захаранка падтрымаў кандыдатуру Міхаіла Чыгіра на ўдзел у так званых «альтэрнатыўных» прэзідэнцкіх выбарах, якія, паводле пастановы Цэнтральнай выбарчай камісіі на чале з Ганчаром, павінны былі прайсці з 6 па 10 траўня 1999 года.
Юрый Захаранка знік пры нявысветленых абставінах 7 траўня 1999 года ў цэнтры Мінска. Паводле сведчання колішняга начальніка СІЗА № 1 Алега Алкаева, Юрый Захаранка быў выкрадзены і расстраляны паводле загаду асоб, набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі.
— Пасля яго знікнення была створана грамадская камісія па расследаванні гэтай справы. У раёне дома Захаранкі мы расклеілі ўлёткі, у якіх прасілі адгукнуцца сведак. Да нас паступіла шэсць званкоў, — распавядаў былы следчы пракуратуры Алег Волчак.
Тады следчым дзякуючы сведкам удалося ўстанавіць, што Юрыя Захаранку схапілі прыкладна 8 брытагаловых мужчын да 30 гадоў і запіхнулі ў «Жыгулі». Пры гэтым Захаранка супраціўляўся і крычаў аб дапамозе.
Паводле слоў Алега Волчака, дыктафонны запіс паказанняў сведак быў прадастаўлены ў пракуратуру, аднак ніякага расследавання праведзена так і не было.
Праз 20 гадоў пасля знікнення экс-кіраўніка МУС Беларусі Захаранкі яго дачка Алена Захаранкасустрэлася з меркаваным удзельнікам забойства палітыка — былым байцом САХРу Юрыем Гараўскім, каб даведацца дэталі аб смерці бацькі.
За некалькі тыдняў да гэтай сустрэчы Гараўскі, экс-баец спецыяльнага атрада хуткага рэагавання (САХР) унутраных войскаў МУС Беларусі, прызнаўся DW, што ўдзельнічаў у выкраданні і забойстве бацькі Алены, былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі, а таксама экс-кіраўніка Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага.
Гараўскі на сустрэчы распавёў: вось так Захаранку схапілі, ззаду зашпілілі кайданкі, пасадзілі ў машыну галавой уніз паміж сядзеннямі. Моўчкі выехалі за горад – гучала радыё. Дасталі з машыны, паклалі на зямлю, заснавальнік САХРу Дзмітрый Паўлічэнка двойчы ў яго стрэліў. Пагрузілі ў багажнік на ўжо падрыхтаваную цырату, адвезлі ў крэматорый, спалілі.
— Забіць чалавека, а потым шпацыраваць, смяяцца... Бо кажуць, калі хочаш застрэліць, то толькі не глядзі ахвяры ў вочы...
— Ніхто і не глядзеў. Яго паклалі тварам уніз. Яму стралялі ў спіну, вашаму бацьку, як і Ганчару, і Красоўскаму. Ім усім стралялі ў спіну.
Суд кантона Санкт-Гален у Швейцарыі 28 верасня 2023 года апраўдаў Гараўскага по справе аб выкраданні апазіцыйных палітыкаў. Суддзя не паверыў у гісторыю, якую былы баец САХРу расказаў падчас пасяджэння, і засведчыў, што ў паказаннях багата супярэчнасцей. Апроч таго, суд палічыў, што некаторыя з паказанняў Гараўскі прыдумаў.
Таксама суддзя адзначыў, што гэты судовы працэс — гэта «асаблівы выпадак, у якім замяшана ўлада», і менавіта яна адказная за гвалтоўныя знікненні апанентаў рэжыму.
Адвакатка Гараўскага ў размове з журналістамі паведаміла,
што яе бок задаволены такім рашэннем суда.
Юрыя Гараўскага судзілі ў межах універсальнай юрысдыкцыі, згодна з якой цяжкае злачынства, учыненае ў адной краіне, можа стаць прадметам расследавання ў іншай краіне. Швейцарскае заканадаўства не дазваляе прыцягнуць Гараўскага да адказнасці па больш сур’ёзным крымінальным артыкуле — за забойствы ці саўдзел у іх, бо імаверныя расправы над апанентамі рэжыму адбываліся на тэрыторыі Беларусі. Таму судзілі экс-сілавіка за датычнасць да «шматлікіх знікненняў».