Ці дацягнецца рэжым да тых, хто за мяжой?
Пагрозы і абяцанні расправы з вуснаў Лукашэнкі і яго прыхвасняў гучаць пастаянна. Але наколькі варта ім верыць?
Заявы і паводзіны першых асоб Беларусі паказваюць, што ім уласцівыя прага помсты за пратэсты 2020 года і страх перад будучыняй. Нораў у Аляксандра Лукашэнкі круты, да таго ж, ён абапіраецца на ўсёабдымную падтрымку Крамля. Таму гучныя пагрозы апанентам за мяжой не варта разглядаць толькі як слоўнае самавыяўленне імпульсіўнага кіраўніка.
Пагрозы расправіцца з палітычнымі апанентамі сталі часткай фірмовага стылю Лукашэнкі яшчэ ў другой палове 1990-х. І кіраўнік шмат разоў даводзіў, што ў пытаннях рэпрэсій і захавання ўлады яго словы і справы не разыходзяцца, піша на «Позірку»Аляксандр Фрыдман.
Згадаем «гучныя знікненні»
Асноўны прынцып кіравання Лукашэнкі адлюстроўваюць яго словы, прыведзеныя экс-міністрам унутраных спраў Юрыем Захаранкам у дакументальным фільме «Звычайны прэзідэнт» рэжысёра Юрыя Хашчавацкага (1996 год): «Калі ты не выканаеш мой любы загад, табе надзенуць кайданкі».
І сапраўды, у Беларусі ўжо ў першыя гады кіравання Лукашэнкі збілі дэпутатаў Вярхоўнага Савета, якія зладзілі ў красавіку 1995 года галадоўку на знак пратэсту супраць рэферэндуму аб дзяржаўнай сімволіцы і статусе рускай мовы, кідалі ў турму апальных чыноўнікаў (такі лёс напаткаў, у прыватнасці, міністра сельскай гаспадаркі Васіля Лявонава і экс-прэм'ера Міхаіла Чыгіра). А лідары апазіцыі паміралі пры загадкавых абставінах або знікалі без вестак.
Так, 6 красавіка 1999 года на 50-м годзе жыцця ад інсульту (паводле афіцыйнай версіі) памёр вядомы апазіцыйны палітык Генадзь Карпенка — патэнцыйны праціўнік Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 2001 года. У тым жа 1999-м і ў наступным 2000 годзе былі выкрадзеныя і, відавочна, забітыя вышэйзгаданы экс-міністр Захаранка, былы кіраўнік ЦВК Віктар Ганчар, уплывовы бізнэсмен Анатоль Красоўскі і аператар расійскага тэлеканала ОРТ Дзмітрый Завадскі.
Гатоўнасць перасякаць усё новыя і новыя «чырвоныя лініі» Лукашэнка дэманстраваў і ў наступныя дзесяцігоддзі. Беларускія спецслужбы сачылі за замежнымі дыпламатамі, пікантная інфармацыя пра іх асабістае жыццё станавілася тэмай абмеркавання на дзяржаўным ТБ. Кандыдатаў на прэзідэнцкую пасаду і заўважных палітыкаў прысуджалі да турэмных тэрмінаў. Версія пра «замову з Мінска» прысутнічае і ў справе аб забойстве беларуска-расійска-ўкраінскага журналіста Паўла Шарамета, узарванага ў Кіеве 20 ліпеня 2016 года.
У кантэксце прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, падаўлення пратэстаў і вайны Расіі супраць Украіны аўтарытарны рэжым Лукашэнкі набывае таталітарныя рысы, машына рэпрэсій паліцэйскай дзяржавы працуе без збояў.
І сам кіраўнік, і кіраўніцтва спецслужбаў, і прапагандысты рэжыму раз за разам дазваляюць сабе адкрыта разважаць пра перспектыву распраў над апанентамі, якія знаходзяцца па-за межамі краіны.
Лідары дэмакратычных сіл (у якасці прыкладу можна прывесці Паўла Латушку) заяўляюць пра пагрозы на свой адрас і жывуць пад аховай спецслужбаў Польшчы і Літвы.
Так і не расследаванае забойства старшыні грамадскай арганізацыі «Беларускі дом ва Украіне» Віталя Шышова на пачатку жніўня 2021 года ў Кіеве было ўспрынята сярод эмігрантаў з Беларусі як прадвеснік будучых акцый рэжыму за мяжой.
Беларускі след выявілі і ў справе расійскага апазіцыйнага палітыка Леаніда Волкава, замах на якога быў здзейснены ў сакавіку 2024 года ў Вільні. Заказчыкам, паводле сцвярджэння польскага прэм'ера Дональда Туска, аказаўся грамадзянін Беларусі, «які працуе на расійцаў».
Ці перасячэ рэжым Лукашэнкі яшчэ адну «чырвоную лінію» і ці варта найбліжэйшым часам чакаць выкраданняў і нават забойстваў беларускіх актывістаў і палітыкаў на Захадзе?
Шчупальцы спецслужб рэжыму цягнуцца і за мяжу
Беларускія спецслужбы часта выступаюць з «выкрыццямі», якія тычацца дзейнасці апанентаў рэжыму на Захадзе, і намякаюць, што маюць разгалінаваную агентурную сетку сярод «збеглых».
У справе раскладання дэмакратычнага руху афіцыйны Мінск сапраўды дамогся пэўных поспехаў, агентурныя скандалы і пошук «кратоў» сталі сярод праціўнікаў рэжыму штодзённай з'явай.
Кіраўнік КДБ Беларусі Іван Церцель час ад часу рапартуе пра «паспяховую працу» па-за межамі краіны, але да відавочных спроб выкраданняў або фізічнай ліквідацыі апанентаў справа пакуль усё-ткі не дайшла.
У выпадку прымусовай пасадкі самалёта «Ryаnair» з Раманам Пратасевічам, які ляцеў з Афін у Вільню, на борце — самай, мабыць, гучнай аперацыі беларускіх спецслужбаў — агенты (супрацоўнікі) беларускіх (або расійскіх) спецслужб сачылі за журналістам і яго спадарожніцай Сафіяй Сапега яшчэ ў Грэцыі і падчас пералёту. Сам жа захоп былога галоўнага рэдактара тэлеграм-канала «Nexta» ў траўні 2021 года, які прынёс КДБ шырокую інфармацыю пра дзейнасць Святланы Ціханоўскай і яе атачэння, быў ажыццёўлены на тэрыторыі Беларусі.
За месяц да арышту Пратасевіча ў Маскве былі затрыманыя публіцыст Аляксандр Фядута і амерыканска-беларускі адвакат Юрый Зянковіч, абвінавачаныя потым у «падрыхтоўцы ваеннага перавароту ў Беларусі».
І справа Пратасевіча, і справа Зянковіча — Фядуты паказваюць, што ў самой Беларусі і ў саюзнай Расіі беларускія спецслужбы не абмяжоўваюць сябе ў выбары метадаў барацьбы з супернікамі. А вось іх здольнасць і гатоўнасць здзяйсняць палітычныя забойствы або акцыі выкрадання на Захадзе ў экспертнай супольнасці часам ацэньваецца скептычна. Пры гэтым падкрэсліваецца, што няма адпаведнага досведу і магчымасцей, а таксама аспрэчваецца патрэба афіцыйнага Мінска ў такіх радыкальных мерах.
Вельмі тапорныя «дакументальныя фільмы», якія выходзяць на беларускіх дзяржаўных каналах з падачы КДБ і іншых спецслужб, галаслоўныя заявы іх супрацоўнікаў, а цяпер яшчэ і выкраданне матэрыялаў КДБ «Кіберпартызанамі» далі глебу для прыніжальных ацэнак прафесійнага ўзроўню беларускіх «чэкістаў».
І хоць тыя сапраўды зорак з неба не хапаюць, недаацэньваць іх усё-ткі не варта. У якасці гістарычнага прыкладу можна прывесці справу балгарскага дысідэнта Георгія Маркава, якая наводзіць на пэўныя разважанні і дае глебу для аналогій.
Як забілі балгарскага дысідэнта Маркава
Маркаў, балгарскі пісьменнік і журналіст, перабраўся ў 1969 годзе ў Вялікабрытанію, дзе супрацоўнічаў з балгарскімі службамі «BBC» і «Radio Free Europe/Radio Liberty», а таксама з балгарскай рэдакцыяй «Deutsche Welle».
У 1970-я гады ён лічыўся адным з самых вядомых балгарскіх дысідэнтаў. Яго публічныя выступы адрозніваліся жорсткай, нават здзеклівай крытыкай уладаў Балгарыі і асабіста генеральнага сакратара ЦК тамтэйшай Кампартыі Тодара Жыўкова.
Напрыканцы 1972 года Маркава завочна асудзілі на шэсць з паловай гадоў (як бачым, беларуская практыка завочных судовых працэсаў не адрозніваецца арыгінальнасцю). А ў верасні 1978 года ён быў атручаны ў Лондане рыцынам.
Для забойства выкарыстоўваўся парасон, у які была ўмантавана капсула з атрутай. Выраз «балгарскі парасон» набыў з тых часоў намінальны характар. Забойцу Маркава так і не ўстанавілі. У якасці галоўнага падазраванага фігураваў агент балгарскага КДБ датчанін Франчэска Гуліна, які памёр у 2021 годзе.
Пасля забойства і ў заходняй прэсы, і ў брытанскіх спецслужб не было сумневаў, што за ліквідацыяй Маркава стаіць Сафія. А паколькі балгарскі КДБ меў дрэнную прафесійную рэпутацыю, узнікла здагадка, што да злачынства маглі прыкласці руку савецкія «чэкісты».
На пачатку 1990-х гіпотэза пацвердзілася. Праўда, ключавыя балгарскія дакументы пра забойства Маркава былі ў 1990 годзе знішчаны генераламі тамтэйшых спецслужбаў Стаянам Сававым і Уладзімірам Тодаравым. Але былыя высокапастаўленыя супрацоўнікі савецкага КДБ генерал Алег Калугін і палкоўнік Алег Гардзіеўскі пацвердзілі, што ініцыятыва замаху зыходзіла асабіста ад Жыўкова, а ў Маскве «балгарскім таварышам» дапамаглі вырабіць прыладу забойства.
Ці не рыхтуюць ужо «беларускі парасон»?
Такім чынам, Жыўкаў пайшоў на ліквідацыю асабістага ворага, заручыўшыся папярэдне падтрымкай Масквы. Магчыма, да гэтага падштурхнуў прыклад прэзідэнта Югаславіі Іосіпа Броз Ціта, які санкцыянаваў яшчэ напрыканцы 1960-х забойства харвацкіх дысідэнтаў у ФРГ (праўда, той дзейнічаў без аглядкі на Маскву).
Адзначым: і Ціта, і Жыўкоў былі заклапочаныя рэпутацыяй сваіх рэжымаў і разлічвалі на эканамічнае супрацоўніцтва з Захадам. Тым не менш, прага помсты, расправы над супернікамі ўзяла сваё.
А Лукашэнка такімі фармальнасцямі, падобна, і зусім не заклапочаны. Жадаючы звесці рахункі са сваімі ворагамі, ён можа разлічваць на садзейнічанне «тых, хто спачувае» па-за межамі краіны (пра гэта кажуць, у прыватнасці, здабытыя «Кіберпартызанамі» звароты ў КДБ).
Пры гэтым кіраўнік Беларусі дзейнічае пад патранажам Расійскай Федэрацыі з яе куды больш прафесійнымі спецслужбамі. Масква ж у рамках гібрыднай вайны супраць Захаду паводзіць сябе падкрэслена жорстка і нахабна, не цырымонячыся з супернікамі.
У такой сітуацыі ігнараваць пагрозы з Мінска было б вельмі наіўна. Хто ведае, ці не рыхтуецца ўжо да ўжывання «беларускі парасон»?