Аб’яднаць можа толькі нацыянальная ідэя
Сёння мы як заклінанне паўтараем словы «аб’яднанне», «адзінства». У адсутнасці адзінства мы бачым галоўную перашкоду ажыццяўленню дэмакратычнай альтэрнатывы аўтарытарнаму рэжыму Лукашэнкі.
Аднак для аб’яднання, акрамя жадання, неабходна агульная аснова. Неабходна аб’яднаўчая
ідэя, якая можа стаць асновай новай канцэпцыі, новай мадэлі развіцця Беларусі, што
адпавядае выклікам часу і інтарэсам большасці насельніцтва. Але каб стаць такой
асновай, сама ідэя павінна быць успрынятая і падзяляецца большасцю грамадства, дакладней,
напачатку той адной яго чвэрцю, якая, згодна з навуковымі даследаваннямі, схільная
генераваць канцэпцыі развіцця, і да якой затым далучаюцца астатнія тры чвэрці.
Як толькі нацыянальная эліта спыняе свой выбар на пэўнай ідэі, то адразу ж адпадае ўсё дробнае, выпадковае, эмацыйнае, амбіцыйнае, што расколвае яе знутры, расцярушвае на групоўкі, сутыкае аднаго з другім.
Якая ж ідэя ва ўмовах сучаснай Беларусі можа стаць аб’яднаўчай?
Гісторыі ведае тры аб’яднаўчыя ідэі: рэлігійную, класавую і нацыянальную. Класавая аказалася падманам і ілюзіяй, абярнулася таталітарызмам. Рэлігійная для Беларусі выключаецца часам, існаваннем мноства канфесій, верацярпімасцю і талерантнасцю насельніцтва. Застаецца нацыянальная.
Прычыны няўдач
Ці ж здатная менавіта нацыянальная ідэя стаць той, якая кансалідуе эліту і народ? Ці здольная яна стаць канцэпцыяй новага этапу барацьбы за перамены ў Беларусі?
Часткова адказ хаваецца ў прычынах, што абумовілі няўдачу дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі. Большасць з іх якраз і гуртуецца вакол нацыянальнай ідэі і стану нацыянальнай эліты.
Прычына зыходная — працэс дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі пачаўся пад уплывам звонку. Гэта ў гістарычнай традыцыі краіны: усе больш-менш важныя сацыяльна-палітычныя зрухі пачыналіся тут пад уплывам знешніх імпульсаў. І тут ніколі не была сфармаваная ў неабходных параметрах самастойная нацыянальная палітычная сіла, здольная пачаць рух і дамагчыся вызначаных мэтаў.
Гэтая асаблівасць дапамагла народу выжыць у шматлікіх чужых войнах і сацыяльных катаклізмах, захаваць свае імя, мову і культуру, не растварыцца сярод другіх народаў. Але яна ж перашкодзіла фарміраванню развітой і актыўнай самасвядомасці беларускага народа, перашкодзіла давесці да лагічнага завяршэння — стварэння нацыянальнай дзяржавы — рух нацыянальнага адраджэння.
Прычына другая — дэнацыяналізацыя, максімальна ўзмоцненая за гады савецкай улады. Беларусь аказалася адносна дрэнна падрыхтаваная да атрымання незалежнасці ў жніўні 1991 года. Адсутнічала моцная аб’яднаўчая ідэя, дзякуючы якой адрадзіліся ў якасці незалежных і дэмакратычных Польшча, краіны Балтыі ды іншыя.
Прычына трэцяя — вельмі вузкі і слабы, некансалідаваны слой беларускай эліты, беларускай нават не па паходжанні, і нават не па мове, а па арыентацыі на нацыянальныя інтарэсы. Як вядома, палітычная ідэнтыфікацыя можа быць не толькі праз этнацысцкі спосаб, але і праз этацысцкі — прававую ўласцівасць грамадзянства.
Слабасць эліты праявілася ў слабасці нацыянальнай інтэлігенцыі — генератара ідэй і творцы канцэпцый, мадэляў развіцця. Збегам гістарычных абставін лепшыя прадстаўнікі нацыі траплялі ці то ў польскую, ці то ў расійскую інтэлігенцыю. Рэпрэсіі 1920–1930-х гадоў вынішчылі пад корань тую моцную купку беларускіх інтэлектуалаў, якая сфарміравалася на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў.
Прычына чацвёртая — моцны і маналітны слой савецка-партыйнай наменклатуры — сурагат палітычнай эліты ў Беларусі, які сапраўды быў неад’емнай часткай агульнасаюзнай. Квазіэліта без аніякіх гістарычных каранёў і традыцый, маралі і прафесійнага кодэксу гонару. Яе асноўны інстынкт — інстынкт самазахавання. Любой цаной.
Прычына пятая — атамізаванае несалідарнае грамадства пры больш высокім на той час, чым у іншых рэгіёнах Савецкага Саюза, узроўні жыцця.
Гэта, з аднаго боку, давала беларускаму аўтарытарызму дастаткова шырокую сацыяльную аснову. З другога — стварала дадатковую глебу для фарміравання ідэалогіі настальгіі аб былым добрым жыцці, ідэалогіі інтэграцыі з Расіяй. Але над ўсім гэтым лунаў страх перад уладай у спалучэнні са страчанай здольнасцю да супраціву. Свайго роду псіхалагічная траўма, замацаваная ў свядомасці не аднаго пакалення.
Прычына шостая — адносна невялікі, стракаты і слаба кансалідаваны слой дэмакратычнай апазіцыі. Гэта была постсавецкая эліта, якая выйшла з таталітарнай сістэмы, не маючы за сабой дэмакратычнай традыцыі. Фарміравалася яна з актывістаў першай хвалі (галоўным чынам інтэлігенцыі) і прадстаўнікоў былой наменклатуры (галоўным чынам ніжэйшага і сярэдняга звенняў).
Пасля першых прэзідэнцкіх выбараў, і асабліва пасля лістападаўскага 1996 года антыканстытуцыйнага перавароту, палітычная эліта краіны ўсё больш выразна пачала расколвацца на дзве групы: на дэмакратычную апазіцыю і ўладную бюракратыю.
Формай арганізацыі дэмакратычнай апазіцыі сталі выключна партыі, незалежныя прафсаюзы, рознага кшталту недзяржаўныя грамадскія аб’яднанні. Формай арганізацыі бюракратыі — знакамітая вертыкаль Лукашэнкі. Тэрміны «дэмакратычная эліта» і «дэмакратычная апазіцыя» пачалі пераўтварацца ў сінонімы.
Гэтыя ж прычыны пры пэўных унутраных зменах захоўваюцца і па дзень сённяшні. Іх можна абагульняючы звесці да адной: слабасць і разрозненасць нацыянальнай эліты, якая не змагла аб’яднаць свае намаганні на глебе якой-небудзь ідэі.
Нацыянальная ідэя
Мы не раз і не два сутыкаліся ў спрэчках не толькі аб сутнасці і змесце нацыянальнай ідэі, але і аб разуменні яе ролі ў дэмакратычных пераўтварэннях. Меркаванні на гэты конт існуюць розныя. Для многіх дэмакратаў, арыентаваных на заходнія каштоўнасці, яна падаецца ідэяй мінулага дня, якая дрэнна ўпісваецца ў кантэкст агульначалавечых каштоўнасцей і дэмакратычных трансфармацыйных працэсаў. Яны баяцца перараджэння дэмакратычнага нацыяналізму ў нацыяналізм агрэсіўны. Ім супрацьстаяць меркаванні аб магчымасці аўтарытарных форм усталявання і развіцця рынкавай эканомікі, умацавання беларускай дзяржаўнасці (па тыпу чылійскай, паўднёвакарэйскай).
Сапраўды, нацыянальная ідэя адыгрывала ў гісторыі неадназначную ролю. Прыкладаў пераўтварэння нацыянальна-вызвольных рухаў у аўтарытарныя і дыктатарскія рэжымы ў мінулым і сучасным мы ведаем дастаткова. Усё залежыць ад канкрэтнага зместу нацыянальнай ідэі, яе адаптацыі да канкрэтнага часу і канкрэтных умоваў.
Каб стаць тэарэтычнай асновай канцэпцыі развіцця Беларусі, стратэгіі аб’яднання і тактыкі дзеянняў дэмакратычнай апазіцыі нацыянальная ідэя павінна атрымаць сучасны змест, быць арганічна спалучанай з дэмакратычнымі каштоўнасцямі.
Беларуская ідэя мае свой гістарычны змест. Упершыню выразна яна была сфармулявана напачатку ХІХ стагоддзя прафесарамі Віленскага ўніверсітэта Міхайлам Баброўскім і Ігнатам Даніловічам. І грунтавалася на перадавой для таго часу дэмакратычнай думцы Захаду. Яе складовыя часткі: адраджэнне мовы і культуры, нацыянальнай самасвядомасці з канчатковым выхадам на ўсталяванне беларускай дзяржаўнасці. Беларуская ідэя ніколі не несла на сабе нават лёгкага адбітку месіянства на выключнасць беларускага народа, тэрытарыяльных прэтэнзій да суседзяў.
Яшчэ адна прынцыпова важная акалічнасць: па прычынах найперш геапалітычных, ажыццяўленне беларускай ідэі самастойна, уласнымі сіламі аказвалася немагчымым. Адсюль і розныя арыентацыі тых ці іншых палітычных сілаў, у тых ці іншых абставінах, — на Захад ці на Усход.
Гэтая акалічнасць захоўваецца і сёння. Але ў іншым канкрэтным абрамленні. Пазіцыя палітычных колаў Расіі нясе відавочную пагрозу паглынання Беларусі. Аднак і пазіцыя пэўных еўрапейскіх палітычных колаў адзначаная імкненнем супрацоўнічаць з рэжымам дзеля яго быццам бы паступовай трансфармацыі.
Галоўная пагроза суверэнітэту зыходзіць ад уласнай улады. У канчатковым выніку існаванне беларускай дзяржаўнасці вызначаецца здольнасцю і воляй яе дэмакратычных сілаў рэалізаваць дэмакратычны выбар. У іншым выпадку Захад пакідае Беларусь па-за межамі еўрапейскай цывілізацыі, аддае яе ў сферу ўплыву Расіі.
Для задач дня сённяшняга сутнасць беларускай ідэі як ідэі аб’яднаўчай і мабілізуючай можна сфармуляваць наступным чынам.
Беларусь — дзяржава з даўнімі традыцыямі. І разам з тым Беларусь — маладая дзяржава, што абавязвае яе не паўтараць памылак, пазбягаць састарэлых формаў і канструкцый. Беларусы — нацыя з глыбокімі гістарычнымі каранямі. І разам з тым — маладая нацыя, закліканая адрадзіць страчаную дзяржаўнасць на аснове дэмакратычных прынцыпаў. Не ў ізаляцыі, а ў садружнасці з дзяржавамі еўрапейскай супольнасці. Усе нацыі, што пражываюць у Беларусі, поруч з тытульнай ёсць народам Беларусі з роўнымі правамі, магчымасцямі і абавязкамі. Усе выхадцы з Беларусі, якія даўно ці нядаўна пакінулі Радзіму, — народ Беларусі. Бацькаўшчына заўжды з імі і для іх.
Сучасная фаза фарміравання беларускай дзяржаўнасці акрамя ўнутраных цяжкасцей прыйшлася і на час, калі разгортваюцца працэсы глабалізацыі, што як бы ставіць пад пытанне саму ідэю яе існавання.
Аднак працэсы глабалізацыі не толькі не адмяняюць, але нават і падвышаюць ролю нацыянальнай дзяржавы, як і тэндэнцыі да іх фарміравання там, дзе да таго яны былі немагчымыя. Больш таго, нацыянальнай дзяржаве не праглядаецца альтэрнатывы. Менавіта ўпэўненая ў сабе, дасягнуўшая сталасці дзяржава з’яўляецца месцам фарміравання палітыкі на трох узроўнях — у міжнародных арганізацыях (саюзах і блоках), рэгіянальным (напрыклад, Еўропа ці Лацінская Амерыка) і, нарэшце, на ўзроўні ўласна нацыянальнай дзяржавы. І менавіта яна павінна даць адказы на выклікі звонку — ад іншых урадаў, транснацыянальных карпарацый і г.д.
Адзінае выйсце — аб’яднанне
Уведзеная ў сучасны кантэкст беларуская нацыянальная ідэя дазваляе як зняць супярэчнасці ў асяродку дэмакратычнай эліты, так і стаць прывабнай для большасці насельніцтва. Здымаюцца супярэчнасці паміж ліберальнай і сацыял-дэмакратычнай канцэпцыямі рэформаў, паміж рускамоўнай і беларускамоўнай яго часткамі, рознымі культурамі і канцэсіямі. Прававы, дзяржаўны прынцып самаідэнтыфікацыі не супрацьстаіць этнічнаму, але прыводзіць іх да кансенсусу. І робіцца зразумелым для кожнага.
У беларускай апазіцыі, уласна кажучы, няма іншага выйсця, як толькі аб’яднанне і кансалідацыя вакол адзінай ідэі, якая дае магчымасць выпрацаваць адзіную стратэгію і тактыку сумесных дзеянняў.
Існаванне гэтага рэжыму, і асабліва выбары палатныя, прэзідэнцкія і мясцовыя паказалі, што ўладная бюракратыя імкнецца закансерваваць сітуацыю, стрымаць усімі сродкамі рост дэмакратычных сілаў, павялічыць раскол у іх шэрагах, раз’яднаць і перасварыць між сабой. Наменклатура прадэманстравала поўную падтрымку рэжыму. Спадзяванні на ўнутраны пратэст у яе асяродку не апраўдаліся. Адміністрацыйны рэсурс, як выявілася падчас кампаній, быў значна большым, чым можна было меркаваць па перадвыбарчай сітуацыі. Узровень жа расчаравання, незадавальнення рэжымам — значна меншым, чым патрабавалася для перарастання пасіўнага пратэсту (у кабінах для галасавання) у актыўны — на вуліцах і плошчах, што толькі і магло спыніць буйнамаштабныя фальсіфікацыі, нейтралізаваць прапагандысцкі накат, паралізаваць бюракратычную машыну.
Толькі аб’яднанне можа дапамагчы дэмакратычнай апазіцыі стаць рэальнай сілай, здольнай уплываць на сітуацыю ў краіне. Толькі аб’яднанне здольнае даць апазіцыі давер шырокіх слаёў грамадскасці. І толькі рэальная кааліцыйная дзейнасць можа забяспечыць павагу да апазіцыі.
І таму менавіта аб’яднання найбольш за ўсё баіцца рэжым, тактыка якога зараз адзначана больш хітрымі і асэнсаванымі захадамі на раскол апазіцыі і ўтварэнне так званай «новай апазіцыі», кантралюемай і кіруемай. Хаця не выключана, што гульня вядзецца больш складаная, што патаемна ў ёй удзельнічаюць і пэўныя сілы з вертыкальнай наменклатуры, якія ў прадчуванні канца рэжыму хацелі б надаць яму свой накірунак і забяспечыць свой інтарэс.
І таму з аб’яднаннем трэба спяшацца найперш партыям, якія пры ўсіх складанасцях і слабасці найлепш прыстасаваны для арганізаванай дзейнасці, якія ёсць нясучая канструкцыя дэмакратычнай палітычнай сістэмы.
Безумоўна, што найгоршай перашкодай для колькаснага і якаснага росту партый застаецца застарэлы страх насельніцтва падвергнуцца палітычнаму пераследу, адсутнасць стымулаў да ўступлення ў партыі. Пры тых умовах, у якіх даводзіцца працаваць партыям у Беларусі, здзіўлення варты сам факт іх існавання. Калі ж урэшце яны здолеюць аб’яднацца ў дзеяздольны палітычны саюз, то гэта будзе азначаць дасягненне найпершай перадумовы аб’яднання ўсіх дэмакратычных сілаў, агульнага поспеху новай фазы дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі.
Апазіцыя —
гэта мы
Большая частка гэтага артыкула Аляксея Караля была надрукавана ў газеце «Згода» ў лютым 2006 года, за месяц да яе закрыцця. Штосьці дадалося ўжо пасля. Але, як бачым, тэма, узнятая нашым галоўным рэдактарам, засталася актуальнай і сёння
І не толькі таму, што дасюль актуальнае пытанне адзінства апазіцыі і эфектыўнасці яе дзеянняў. Але і таму, што сёння на кожным кроку можна пачуць: «А гэтая апазіцыя ні на што не здольная. Яна павінна сысці, бо нічога дасюль не зрабіла».
У гэтым артыкуле, мне здаецца, пералічаны асноўныя прычыны слабасці палітычных апанентаў улады. А тым, хто сёння размахвае шашкай і ганьбіць ≪гэту апазіцыю≫, я хачу сказаць: спадарства, а хто вы? Ці не тая ж апазіцыя? Кожны з нас, хто не прымае і не падтрымлівае гэты рэжым, незалежна ад таго, знаходзіцца ў Беларусі ці за яе межамі, — ці не апазіцыя?
Журналісты, якія не працуюць у дзяржаўных СМІ, — ці не апазіцыя? Грамадскія арганізацыі, якія ў большасці паўсталі дзякуючы падтрымцы тых самых палітычных лідараў, якіх сёння ганьбяць, — ці не апазіцыя? Звычайныя людзі, якія, нягледзячы ні на што, прыходзяць на акцыі — не апазіцыя?
Дык каго мы ганьбім? Няўжо мы лічым апазіцыяй толькі тых, хто, нягледзячы на ўсе пераследы, да гэтага часу застаецца ў шэрагах апазіцыйных дэмакратычных партый? А можа, толькі тых нешматлікіх мужных людзей, якія дасюль пагаджаюцца ўзначальваць партыі, каб хоць нешта рабіць, пакуль астатнія пратэстуюць на кухнях і ў інтэрнэце?
Няма нічога складанага ў тым, каб штурхаць нагамі ляжачага. А менавіта гэта мы робім год ад года, паліваючы брудам ≪гэту апазіцыю≫, да якой мы нібыта не маем ніякага дачынення.
А ўлада пасміхаецца і прыдумляе новыя спосабы нас раз’яднаць.
Гэта не значыць, што палітычныя лідары — свяшчэнныя істоты, якіх можна толькі праслаўляць і пісаць толькі пазітыў. Але безапеляцыйныя, а галоўнае — нічым не абгрунтаваныя абвінавачванні, ніколі не зменяць нашу краіну да лепшага.
Такога падыходу заўсёды прытрымліваўся наш галоўны рэдактар Аляксей Кароль. 29 мая яму б споўніўся 71 год…
Аксана КОЛБ