Алена Анісім: У Беларусі спее непрадказальная сітуацыя, якую Расія можа скарыстаць для правакацый

Расія будзе дамагацца свайго і, не выключана, рыхтуе сцэнар сілавога захопу Беларусі.



anisim2.jpg

Чаму Алена Анісім знялася з прэзідэнцкай гонкі, хаця планавала вылучацца ад трэцяй сілы? Чаму ў Беларусі складваецца непрадказальная сітуацыя? Якім чынам гэтую непрадказальнасць могуць скарыстаць расійскія спецслужбы? Дзе мы прачнёмся 12 кастрычніка?

Намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім адказала на пытанні Беларускай праўды.

— Ці не шкадуеце вы, што прынялі рашэнне не ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі?

— То было неадназначнае рашэнне. Але я мусіла прыслухацца да аргументаў і падпарадкавалася агульнаму рашэнню каманды. Застаецца пэўная незадаволенасць гэтым рашэннем, але я разумею, што іншага варыянту на той момант і не было.

Нацыянальна-патрыятычныя сілы падзеленыя, расколаты на тых, хто хоча нешта рабіць, і тых, хто хоча захаваць чысціню. Маральную чысціню — такі тон у свой час задаў Зянон Пазняк. З гэтым нельга было не лічыцца. Для мяне таксама важна, каб палітыка была маральнай, але не спосабам любымі сродкамі дамагацца сваёй мэты. Бадай, гэты аргумент і стаў самым істотным.

— Па якім сцэнары пойдзе прэзідэнцкая кампанія далей, пасля рэгістрацыі чатырох кандыдатаў?

— Думаю, усе ўчатырох будуць прысутнічаць у бюлетэні для галасавання. Відаць, пэўныя дамоўленасці паміж усімі ўдзельнікамі прэзідэнцкай кампаніі ўжо дасягнутыя: кожны з іх ведае, на што можа разлічваць.

Іншая справа: ці захоча хто-небудзь з іх выйсці за межы дасягнутых дамоўленасцяў і як далёка гатовы зайсці? Такое пытанне, у прыватнасці, можа ўзнікнуць да каманды Таццяны Караткевіч. Бо пакуль што складваецца ўражанне, што гэтая кампанія амаль не выходзіць за рамкі афіцыйных лозунгаў.

Але ў Беларусі складаецца вельмі непрадказальная сітуацыя ў сувязі з выхадам Статкевіча з турмы, актывізацыяй Някляева, прыездам Міхалевіча і вяртаннем Сіўчыка. Не хацелася б, каб гэтую сітуацыю скарысталі расійскія спецслужбы для падрыхтоўкі правакацый у Беларусі.

Насамрэч беларусы даражаць спакойным жыццём. Аднак у нас хапае і сваіх праблем. Беларусы не могуць адчуваць сябе паўнавартаснымі грамадзянамі ў сваёй краіне з-за непасільных падаткаў; людзі, жывучы ў сваёй краіне, павінны плаціць за камуналку, ваду ў тры разы больш за чыноўнікаў, якія жыруюць катэджах па 200 метраў. Простых беларусаў ператвараюцца ў людзей другога гатунку.

Вельмі важна, каб мы разумелі першаступенныя задачы.

— Калі вынік кампаніі не выклікае ніякіх сумненняў (Лукашэнка пераабярэцца яшчэ на 5 гадоў), то наступствы чарговай “элегантнай перамогі” яшчэ давядзецца аналізаваць і ацэньваць. Дзе апынецца Беларусь пасля 11 кастрычніка?

— Апазіцыя ўвесь час гаворыць пра легітымізацыю ўлады Лукашэнкі на Захадзе, але мы мала кажам пра легітымнасць унутраную. А менавіта ўнутраная легіымнасць і ёсць самым важным пытаннем. Сёння ніхто не ведае насамрэч, колькі народу падтрымлівае дзейную ўладу. Людзі на месцах не бачаць, што ўлада хоча іх чуць і рашаць праблемы.

Вялікае пытанне — што будзе пасля 11 кастрычніка. Эканоміка будзе далей спаўзаць на дно, але чакаць вялікага бунту няварта па той простай прычыне, што людзі не давяраюць нікому. Людзі прызвычаіліся, што іхнія праблемы не рашае ні апазіцыя, ні ўлада, таму яны спадзяюцца толькі на сябе.

— Расія патрабуе стварэння валютнага саюза ў межах ЕАЭС, а таксама прыспешвае Мінск са стварэннем расійскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі. Як палітыка Крамля паўплывае на прэзідэнцкую кампанію і далейшы лёс краіны?

— Відавочна, што Расія будзе дамагацца свайго і, не выключана, будзе рыхтаваць сцэнар захопу тэрыторыі Беларусі, у тым ліку і сілавы.

Што ў такім выпадку рабіць? Я не бачу, каб нехта ўсур’ёз задумваўся над гэтай праблемай і выпрацоўваў стратэгію абароны. Беларусаў чарговы раз могуць паставіць перад фактам захопу краіны.

Але грамадзяне Беларусі мусяць самі падаваць свой голас, інакш іхняе маўчанне сведчыць пра гатоўнасць змірыцца з захопам, стаць на калені. Але калі голас неабыякавых людзей гучыць услых — гэта аргумент, у тым ліку і для міжнароднай супольнасці.

Глеб Юрын, Беларуская праўда