Алесь Бяляцкі: Нельга дапусціць «азербайджанізацыі» сітуацыі ў Беларусі

Існуе небяспека таго, што працэс паляпшэння адносінаў Мінска з Бруселем можа ісці без структурных рэформ у Беларусі і без удзелу грамадзянскай супольнасці. Такую думку выказаў у інтэрв'ю БелаПАН былы палітзняволены, праваабаронца Алесь Бяляцкі, які ў пачатку ліпеня наведаў шэраг краін ЕС і сустрэўся з прадстаўнікамі еўраструктур.



alies_bialiacki.jpg

«Але мы павінны ўзнімаць гэтае пытанне і спрабаваць удзельнічаць у гэтым працэсе, — упэўнены праваабаронца. — Гэты працэс, безумоўна, больш цяжкі, чым чорна-белая сітуацыя, калі ўсё замарожана і нічога не рухаецца. Сітуацыя такой адлігі ставіць значна больш пытанняў перад актывістамі беларускай грамадзянскай супольнасці. І мы павінны адказваць на гэтыя пытанні, мы павінны рухацца. Мы не павінны сядзець склаўшы рукі і чакаць». 
Паводле слоў Бяляцкага, нельга дапусціць «азербайджанізацыі сітуацыі ў Беларусі», калі кантакты з Еўропай наладжваюцца, а сітуацыя ў краіне застаецца дрэннай. Ён, у прыватнасці, зазначыў, што Азербайджан зараз старшынствуе ў Савеце Еўропы. «Краіна, у якой шмат палітзняволеных, у якой парушаюцца правы чалавека, старшынствуе ў еўрапейскай структуры, створанай непасрэдна для абароны правоў чалавека і наладжвання атмасферы бяспекі, супрацоўніцтва, павышэння ўзроўню жыцця. Не можа тут быць двайных стандартаў», — падкрэсліў Бяляцкі.
Палітык мяркуе, што афіцыйны Мінск хацеў бы палепшыць адносіны з ЕС, у першую чаргу эканамічныя, без зменаў палітычнай сітуацыі ў краіне. «Гэтага нельга дапусціць. Дапамога ці нейкія кантакты ЕС з Беларуссю павінны быць вельмі цесна звязаныя з паляпшэннем грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне і вызваленнем палітзняволеных», — упэўнены Бяляцкі. 
Сёння, паводле слоў праваабаронцы, у ЕС лепш разумеюць сітуацыю ў Беларусі і ставяцца да яе больш сур'ёзна, чым дзесяць гадоў таму. «Тады ў Еўропе мала хто ведаў пра Беларусь, і кожны раз даводзілася праводзіць лікбез, расказваць элементарныя рэчы. Зараз у гэтым ужо няма неабходнасці. Шмат палітыкаў і чыноўнікаў у Еўропе, якія разумеюць, што адбываецца ў нашай Беларусі і валодаюць дастаткова вялікім аб'ёмам інфармацыі», — сказаў праваабаронца. 
Бяляцкі мяркуе, што пацяпленне адносінаў паміж Беларуссю і ЕС у 2008 годзе пайшло краіне на карысць: «Калі прыгадаць той час, то актывізацыя гэтых кантактаў істотна палепшыла сітуацыю ў беларускім грамадстве. Узровень страху быў даволі нізкім, праводзілася вельмі шмат грамадскіх і палітычных акцый, грамадска-палітычнае жыццё было, скажам так, не на такім мізэрным узроўні, на якім яно знаходзіцца зараз». 
Сітуацыю пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года — жорсткага разгону акцыі пратэсту ў Мінску і наступных рэпрэсій у дачыненні да грамадзянскіх актывістаў — Бяляцкі назваў «катастрофай» і «шокам», ад якіх беларускае грамадства не можа адысці дагэтуль. Гэта тупіковая сітуацыя, на яго думку, вядзе да «стагнацыі ў грамадстве», з якой няма выйсця без паляпшэння адносінаў Беларусі з ЕС і атмасферы ўнутры самой краіны. 
Беларусам не трэба спадзявацца на тое, што нехта вырашыць за іх існуючыя ў краіне праблемы з правамі чалавека і дэмакратыяй, упэўнены праваабаронца. «Гучыць банальна, але гэта сапраўды так: беларусы самі павінны дабівацца нейкіх зменаў у грамадстве. У нас будзе пэўная маральная падтрымка з боку цывілізаваных і больш развітых у плане дэмакратыі краін, але пірог ці суп за нас ніхто не прыгатуе», — падкрэсліў Алесь Бяляцкі.
БелаПАН