Аліна Коўшык: Беспакаранае зло вяртаецца, а таталітарызм — пагроза міжнароднай бяспецы

23 жніўня ў свеце адзначаецца Дзень памяці ахвяр таталітарных рэжымаў, прымеркаваны да падпісання ў 1939 годзе пакта Молатава – Рыбентропа.

img_3136_logo_1.jpg

Падпісанне Пакт аб ненападзенні паміж СССР і Германіяй 23 жніўня 1939 года пацягнула за сабой пачатак Другой сусветнай вайны, уваход нямецкіх войскаў у Польшчу, далучэнне да СССР тэрыторый Заходняй Беларусі і Украіны, пазбаўленне незалежнасці Балтыйскіх дзяржаў.

Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Кабінета Аліна Коўшык выказалася з нагоды Дня памяці ахвяр таталітарных рэжымаў:

«23 жніўня ў свеце адзначаецца Дзень памяці ахвяр таталітарных рэжымаў, прымеркаваны да падпісання ў 1939 годзе пакта Молатава – Рыбентропа. Згодна з сакрэтнымі пратаколамі, заходнія вобласці Беларусі і Украіны, якія ўваходзілі ў склад Польшчы, Латвія, Эстонія, Фінляндыя, а таксама Бесарабія трапілі ў сферу ўплыву СССР. Лёс гэтых краін быў вырашаны без удзелу народаў, якія ў іх пражывалі.

Жорсткім, бесчалавечным палітычным рэжымам, якія не ўлічваюць ніякіх законаў, міжнароднага права, няма месца ў сучасным свеце. У 2020 годзе беларусы рашуча выказаліся за свабодную і дэмакратычную краіну.

Таталітарныя рэжымы, якія сістэматычна парушаюць правы чалавека ва ўласных краінах, часцей развязваюць войны і супраць іншых дзяржаў ці становяцца саўдзельнікамі агрэсіі. Сёння таталітарызм – пагроза міжнароднай бяспецы, а для беларусаў – пагроза незалежнасці краіны.

Глядзіце таксама

У выніку Другой сусветнай вайны нацызм быў пераможаны. Сёння гэтая ідэалогія забаронена і пераследуецца, а яе гістарычная спадчына асуджаецца.

У той жа час камунізм, асабліва найгоршая яго праява – сталінізм, не атрымаў належнай ацэнкі. Народы Усходняй Еўропы, у тым ліку беларусы, сталі ахвярамі бесчалавечнай палітыкі як нацыстаў, так і камуністаў. Аб’яднаны Пераходны Кабінет у заяве да Дня памяці ахвяр палітычных рэпрэсій асудзіў камунізм, таталітарныя і імперскія ідэалогіі.

Я веру, што беспакаранае зло вяртаецца. Расійская Федэрацыя не толькі не асудзіла камуністычную таталітарную спадчыну, але і пачала яе ўсяляк апраўдваць і, урэшце, тыражаваць.

Пасля паразы Расіі ў вайне неабходна асудзіць культ Пуціна і рэжым Лукашэнкі і давесці іх да трыбуналу, як гэта было зроблена ў дачыненні да нацысцкай Германіі пасля 1945 года».

Глядзіце таксама

Аб’яднаны Пераходны Кабінет асудзіў таталітарызм, камунізм і імперскія ідэалогіі ў адмысловай заяве яшчэ ў дзень памяці ахвяр палітычных 2022-га: «Любы рэжым, які пачынае лезці ў прыватнае жыццё, сям’ю, прафесію, школьны клас альбо навуковую лабараторыю — забівае грамадства» ,— у заяве да Дня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій Кабінет асудзіў камунізм, таталітарныя і імперскія ідэалогіі. І нагадалі, што рэпрэсіі супраць грамадства адбываліся, пачынаючы з 1917 года, колькасць ахвяраў налічвае сотні тысяч грамадзян. “Любы гвалт над свабодным мысленнем, любое патрабаванне думаць аднолькава, любое памкненне прымусіць усіх быць як адзін  — заўсёды ў чалавечай гісторыі вядуць да рэпрэсій”, адзначалася ў заяве.


Глядзіце таксама

Нагадаем, 23 жніўня 1939 года быў падпісаны нямецка-савецкі Пакт аб ненападзенні, а таксакма сакрэтны пратаколу да яго, у якім размяркоўваліся сферы інтарэсаў бакоў ва Усходняй Еўропе. Міністры замежных спраў СССР і Германіі — Вячаслаў Молатаў і Ёахім фон Рыбентроп, на загад сваіх кіраўнікоў  Сталіна і Гітлера, падпісалі дамову, якая закранала лёс Еўропы і ўсяго свету. Гэты пакт і яго сакрэтныя пагадненні, падзялілі сферы ўплыву СССР і Германіі і прывялі да Другой сусветнай вайны, а таксама да акупацыі трох балтыйскіх дзяржаў — Эстоніі, Латвіі і Літвы.

Як пісаў «НЧ», 23 жніўня 1989 года адбыўся Балтыйскі шлях — жывы ланцуг, які аб’яднаў народы трох краін у іх імкненні да свабоды. Праз 50 гадоў пасля падпісання Пакту Молатава-Рыбентропа, тры балтыйскія нацыі здзівілі свет тым, што ўзяліся за рукі і сумесна запатрабавалі прызнаць існаванне сакрэтных пунктаў у Пакце Рыбентропа-Молатава і ўзнавіць незалежнасць балтыйскіх дзяржаў.

Глядзіце таксама

У 2020 годзе, 23 жніўня, у Літве адбыўся «Шлях свабоды». Ад Саборнай (Кафедральнай) плошчы ў Вільні да беларускай мяжы (у Медніках).