Больш за 30 тысяч чалавек стануць у жывы ланцуг ад цэнтра Вільні да мяжы з Беларуссю

31 год таму, 23 жніўня 1989 года, каля двух мільёнаў жыхароў Літвы, Латвіі і Эстоніі сталі ў жывы 600-кіламетровы ланцуг ад Вільні да Таліна, такім чынам выказаўшы жаданне быць свабоднымі. Сёння за свабоду змагаецца беларускі народ, з якім Літва таксама праяўляе салідарнасць, паведамляе «Наша Ніва».

3d3de82c_a641_42a4_8a9e_0d2f17f5eeee_cx0_cy6_cw0_w1023_r1_s_fia2i.jpg


У мінулую пятніцу днём найбуйнейшае літоўскае інтэрнэт-тэлебачанне Laisvės TV абвясціла пра кампанію ў падтрымку Беларусі пад назвай «Шлях свабоды». Ініцыятыва выклікала вялікую зацікаўленасць — за выхадныя больш за 30 тысяч чалавек зарэгістраваліся, каб узяць удзел у акцыі.

Жывы ланцуг расцягнецца 23 жніўня, у гістарычны дзень Балтыйскага шляху, а сёмай гадзіне вечара ад Саборнай (Кафедральнай) плошчы ў Вільні да беларускай мяжы (у Медніках). Да яго плануюць далучыцца прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа і экс-прэзідэнт Даля Грыбаўскайтэ. Іншыя гарады Літвы таксама плануюць падтрымаць кампанію: некаторыя арганізуюць прыезд аўтобусамі да «Шляху свабоды», іншыя арганізуюць ланцуг падтрымкі ў сваім горадзе. Літоўцы ў Лондане таксама абяцаюць збудаваць сімвалічны «Шлях свабоды» ў Гайд-парку.

Падчас «Шляху свабоды» будзе весціся жывая трансляцыя. Вы зможаце сачыць за ініцыятывай у мабільным дадатку #walk15, ён будзе фіксаваць жывыя ланцугі. Мабільнае прыкладанне #walk15 будзе даступна на літоўскай, англійскай, беларускай, латвійскай і эстонскай мовах.

nn.by