МЗС Літвы ўнёс Лукашэнку ў «чорны спіс» неўязных
МЗС Літвы ўнёс Аляксандра Лукашэнку ў спіс асобаў, якім забаронены ўезд у краіну. Спіс перададзены ў Міністэрства ўнутраных спраў, паведамляе svaboda.org са спасылкай на РИА Новости.

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Лінас Лінкявічус адзначыў, што ў гэтым спісе ў агульнай колькасці 32 чалавекі, якіх Літва лічыць звязанымі з фальсифікацыяй вынікаў галасавання на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі і з катаваннямі пратэстоўцаў.
Раней ён ужо паведамляў у Twitter, што Літва вітае рашэнне Еўрапейскай Рады аб персанальных санкцыях у дачыненні да адказных за рэпрэсіі ў Беларусі. «Літва запускае працэс увядзення нацыянальных санкцый супраць тых, хто нясе адказнасць за цынічную падробку вынікаў выбараў і жорсткасць», — адзначыў ён.
Раней прэзідэнты Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі прапанавалі сваё пасярэдніцтва для ўрэгулявання сітуацыі ў Беларусі.