Азбука паліталогіі. Ад Лізаветы I да Лізаветы II: Гісторыя не нашага суверэнітэту
Ці можна Рэспубліку Беларусь лічыць суверэннай і незалежнай краінай? Паводле Уладзіміра Пуціна — не.
9 чэрвеня на сустрэчы з маладымі навукоўцамі і прадпрымальнікамі Пуцін даходліва патлумачыў, што «не бывае нейкіх прамежкавых складнікаў, прамежкавага стану: або краіна з'яўляецца суверэннай, або калоніяй, як бы калоніі ні называліся».
З суверэнітэтам атрымліваецца тая ж гісторыя, што і з цяжарнасцю. Быць крыху цяжарнай нельга.
Пуцін вылучыў чатыры складнікі суверэнітэту: ваенна-палітычны, эканамічны, тэхналагічны і грамадскі. Адзін, натуральна, не існуе без другога. Адсюль рытарычнае пытанне: «Як дамагчыся знешняй бяспекі, скажам, не маючы тэхналагічнага суверэнітэту?» І на яго тут жа быў дадзены адказ: «Гэта немагчыма».
Гучыць пераканаўча, але няслушна. Для таго, каб у гэтым пераканацца, дастаткова знайсці ў пошукавіках «Паўночны Сентынельскі востраў». Ён размешчаны ў Індыйскім акіяне. Жыхары вострава варожа ставяцца да наведвальнікаў і не кантактуюць з іншымі народамі. Уезд на востраў забаронены, што забяспечвае астраўлянам узровень суверэнітэту, які і не сніўся ніводнаму сучаснаму дыктатару.
Паспрабуйце запалохаць сентынельцаў санкцыямі. Адключыце іх ад SWIFT, пазбаўце тамтэйшых шаманаў доступу да навуковай базы даных Web of Science. І што?
«Паважаныя калегі, я вашае меркаванне пачуў»
Чарговым разам згадаю адно з любімых выказванняў Гегеля: «Усё народжанае вартае смерці». На жаль, але для суверэнітэту з гэтага правіла прырода выключэння не зрабіла. Аднак перш, чым паспрабаваць зразумець, да чаго дайшоў прагрэс у пытаннях суверэнітэту, неабходна вызначыцца з сэнсам, які ў нашыя дні ўкладваецца ў паняцце «суверэнітэт».
Пачнём з Вікіпедыі: «Суверэнітэт (з нямецкага Souveränität — вярхоўная ўлада, панаванне) — незалежнасць дзяржавы ў знешніх справах і вяршэнства дзяржаўнай улады ва ўнутраных справах».
Такое вызначэнне, на першы погляд, пытанняў не выклікае. Аднак суверэнітэт немагчымы без суверэна. Каб не вынаходзіць ровар, звярнуся па дапамогу да журналіста Уладзіміра Каршакова, які адзначыў: «“Суверэн — той, хто прымае рашэнне аб надзвычайным становішчы”. Гэтымі словамі адкрываецца адна з галоўных кніг XX стагоддзя па палітычнай тэорыі — “Паняцце палітычнага” Карла Шміта. За гэтым сцвярджэннем стаіць цалкам ясная логіка: хто мае ўладу перапыніць нармальны ход спраў, стварыць выключэнне са звычайнага парадку, той і з'яўляецца суверэнам, сапраўднай вярхоўнай уладай».
Злучаем два вызначэнні — і атрымліваем парадокс: суверэнітэт магчымы толькі на востраве, жыхары якога не хочуць падтрымліваць кантакты з суседзямі. Ці шмат такіх астравоў на планеце Зямля? Аднак жа недахопу ў суверэнах сучасны свет не адчувае. Для таго, каб у гэтым пераканацца, дастаткова звярнуць свой позірк на «нашу Расію».
21 лютага 2022 г., Масква, Крэмль. Пуцін, закрываючы пасяджэнне Савета Бяспекі, на якім абмяркоўваліся звароты кіраўнікоў ДНР і ЛНР да Расіі з просьбай аб прызнанні іх суверэнітэту, сказаў літаральна наступнае: «Паважаныя калегі, я вашае меркаванне пачуў. Рашэнне будзе прынятае сёння».
Кім будзе прынятае? Суверэнам, зразумела, — гэта значыць, асабіста Пуціным. У адпаведнасці з п. 1 «Палажэння аб Савеце Бяспекі РФ», Савет Бяспекі «з'яўляецца канстытуцыйным дарадчым органам, якія ажыццяўляе садзейнічанне кіраўніку дзяржавы ў рэалізацыі яго паўнамоцтваў па пытаннях забеспячэння нацыянальных інтарэсаў...»
Гэта ў перыяд калектыўнага кіраўніцтва за часамі дарагога Леаніда Ільіча ў Палітбюро ЦК КПСС рашэнні прымаліся аднагалосна. Канстытуцыя РФ узору 2021 года — зрэшты, як і яе папярэдніца, — такога анахранізму не прадугледжвае. Згодна з пунктам 3 артыкула 80, прэзідэнт «вызначае асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі дзяржавы».
Паводле французскага палітыка і навукоўца Жана Бадэна (1530–1596), суверэнітэт — гэта неабмежаваная і бестэрміновая вярхоўная ўлада манарха ў дзяржаве, якая належыць яму ў сілу яго натуральнага права. З натуральным правам на бязмежных прасторах «нашай Расіі» пэўныя складанасці існуюць, але ў астатнім усё паводле лякалаў XVI стагоддзя.
Суверэнітэт — гэта святое
«Для светапогляду Пуціна, — справядліва адзначае расійскі публіцыст Іван Давыдаў, — а значыць, і для ідэалогіі пуцінскай Расіі, паняцце “суверэнітэт” з'яўляецца ключавым. І яно трактуецца як права ўнутры краіны літаральна рабіць усё, што заўгодна, без аглядкі на так званую сусветную супольнасць. Любая спроба крытыкі звонку — замах на суверэнітэт. І якімі б прыгожымі словамі пра правы і свабоды крытык ні прыкрываўся, мэта яго дзеянняў, зразумела, толькі ў тым, каб аслабіць нашу квітнеючую Айчыну».
Суверэнітэт, які разумеецца такім чынам, — гэта святое. Суверэнітэт, які разумеецца такім чынам, у нашы дні каштуе дорага. Зрэшты, і не ў нашы дні ён быў нятанны. Прыгадаем кіношнага Івана Васільевіча, у якога падчас змены прафесіі паўсталі праблемы. Штосьці падобнае здарылася з яго прататыпам, калі той зразумеў, што ў Англіі міма каралевы Лізаветы «люди владеют и не токмо люди, но и мужики торговые о наших государевых головах, и о землях прибытка не ищут, а ищут своих торговых прибытков».
Вынік вядомы. Іван Васільевіч абазваў сваю абранніцу пахабнай дзяўкай і адмовіўся ад сватаўства.Існуе вядомы выраз — «роля англійскай каралевы». Прыклад у асобе Лізаветы II у нас перад вачыма. Аднак і яе папярэдніца з XVI стагоддзя, на думку расійскага суверэна, палітычнай вагі не мела, бо дазваляла падданым кіравацца ўласнымі інтарэсамі.
Чатыры стагоддзі мінула — але як не было, так і няма ў Еўропе суверэнаў. Асобныя выключэнні толькі пацвярджаюць правіла. Выключэнне і працытую: «Хто там ва ўладзе, вы ведаеце: рот раскрыў, глядзець і бегчы насустрач начальніку з Вашынгтона, падаючы, паднімаючыся, каб павітацца і іншае — вось сучасныя палітыкі. І не толькі ў Еўропе».
На жаль…