Колькі расійцаў насамрэч падтрымліваюсь вайну? Сталі вядомыя вынікі закрытага апытання

«Медуза» даведалася вынікі закрытага апытання, праведзенага па замове Крамля. Паводле яго дадзеных, 30% расійцаў лічаць, што вайну трэба спыніць прама цяпер.

38008250_101.jpg

У распараджэнні расійскага выдання «Медуза» апынуліся вынікі закрытага апытання УЦДГМ, праведзенага ў канцы чэрвеня 2022 года па замове Адміністрацыі прэзідэнта (АП) РФ. Рэспандэнтам задавалі пытанне: «Адны кажуць, што баявыя дзеянні ва Украіне трэба спыніць як мага хутчэй. Іншыя лічаць, што баявыя дзеянні цяпер спыняць не варта. Які пункт гледжання вам бліжэй — першы ці другы?»

З дакументаў вынікае, што 30% рэапандэнтаў лічаць, што «баявыя дзеянні ва Украіне трэба спыніць як мага хутчэй». Яшчэ 13% не змаглі адказаць; 57% апытаных лічаць, што вайну трэба працягваць.

Па выніках гэтага ж апытання, ва ўзроставай групе 18-24 гады за спыненне вайны выступаюць 56%, а за працяг — толькі 19%.

Сярод расейцаў 25-34 гадоў заканчэнне вайны падтрымліваюць 43%, працяг баявых дзеянняў — 41%.

У цэлым чым старэй рэспандэнты, тым больш яны падтрымліваюць вайну. Напрыклад, сярод рэспандэнтаў старэйшых за 60 гадоў за працяг агрэсіі выказаліся 72% апытаных.

У Маскве і Санкт-Пецярбургу, мяркуючы па дадзеных закрытага апытання, спынення баявых дзеянняў хочуць каля 40% рэспандэнтаў, а 48% выступаюць за іх працяг. Больш за ўсё (62%) прыхільнікаў працягу баёў — у іншых расійскіх гарадах-мільённіках.

Таксама УЦДГМ на просьбу Крамля вывучаў залежнасць падтрымкі працягу вайны і медыяспажывання. Сярод «актыўных карыстальнікаў інтэрнэту» за заканчэнне баявых дзеянняў выступаюць 47% рэспандэнтаў, а 35% — за іх працяг. Затое сярод тэлеаўдыторыі прыхільнікаў завяршэння ваеннага канфлікту толькі 22%, 68% такіх рэспандэнтаў выступаюць за яго працяг.

Адкрыта гэтыя дадзеныя УЦДГМ не публікуе. На сайце Цэнтра можна знайсці толькі вынікі чэрвеньскага апытання аб тым, ці падтрымліваюць расійцы «спецаперацыю». Паводле дадзеных Цэнтра, «хутчэй падтрымліваюць» вайну 72% апытаных, «хутчэй не падтрымліваюць» — 17%, не могуць адказаць на пытанне 11%.

Сацыёлаг Рыгор Юдзін у размове з «Медузай» назваў вынікі закрытага апытання УЦДГМ «прадказальнымі». Ён звяртае ўвагу, што самыя розныя апытанні кажуць пра тое, што «спецаперацыю» больш актыўна падтрымліваюць расійцы старэйшага ўзросту, а таксама многія жыхары буйных гарадоў, дзе вялікая доля бюджэтнікаў. «Гэта вайна старых і сілавікоў, якія хочуць замкнуць краіну ў мінулым», — каментуе Юдзін.

Пры гэтым даследчык упэўнены, што жаданне моладзі скончыць баявыя дзеянні не выльецца ў маштабныя пратэсты — прынамсі, найбліжэйшым часам. Блізкая да АП крыніца, у сваю чаргу, адзначыла, што нават калі такія акцыі пачнуцца, на іх «АМАПу пакуль хопіць». Паводле яго слоў, ніякія вынікі закрытых апытанняў не могуць прывесці да заканчэння вайны: «Прэзідэнт хоча ваяваць, а ён галоўны».