ЦВК плануе павысіць празрыстасць выбарчага працэсу без змены заканадаўства

Цэнтрвыбаркам плануе ўлічыць і рэалізаваць у сваіх пастановах да парламенцкіх выбараў 2016 года рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ, што тычацца "павышэння публічнасці і празрыстасці выбарчага працэсу", заявіў 16 лютага сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.



urna2_245.jpg

Фота з сайта belapan.by
"Паспрабуем зрабіць, каб такія рэкамендацыі былі рэалізаваныя ў найкарацейшыя тэрміны. Мы зробім больш празрыстымі і дэмакратычнымі асобныя працэдуры, але не кранаючы нормаў заканадаўства", — паведаміў ён.
16 лютага адбылося першае арганізацыйнае пасяджэнне міжведамаснай экспертнай рабочай групы па разглядзе рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ адносна ўдасканалення выбарчага працэсу ў Беларусі. Вырашана, што да 26 лютага члены групы накіруюць свае прапановы ў ЦВК, да 4 сакавіка вывучаць і выкажуцца па прапановах, што паступілі. Пасля гэтага на пасяджэнні групы будуць сфармуляваныя прапановы, якія будуць вынесеныя на пасяджэнне Цэнтральнай камісіі і прапанаваныя ў дакладзе Аляксандру Лукашэнку.
Міжведамасная экспертная група была створаная 12 лютага на падставе пастановы ЦВК пасля адпаведнага даручэння Лукашэнкі. Група сфарміраваная з прадстаўнікоў Цэнтрвыбаркама, Цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, Савета Рэспублікі, Палаты прадстаўнікоў, Міністэрства юстыцыі і Міністэрства інфармацыі.
Пастанова даручае экспертнай групе правесці аналіз рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, якія змяшчаюцца ў выніковай справаздачы місіі па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі 2015 года, і на яго аснове распрацаваць прапановы аб удасканаленні выбарчага працэсу. Пры гэтым праца групы не прадугледжвае ўнясення зменаў у выбарчае заканадаўства.
У выніковай справаздачы назіральнай місіі БДІПЧ адзначаецца: "Прэзідэнцкія выбары, якія прайшлі 11 кастрычніка 2015 года, зноў паказалі, што Беларусі яшчэ трэба пераадолець значны шлях да выканання абавязацельстваў АБСЕ аб дэмакратычных выбарах. Гэта падкрэслівае неабходнасць палітычнай волі для правядзення ўсёабдымнага працэсу рэформаў".
Назіральнікі звярнулі ўвагу на некаторае паляпшэнне і "гасціннае стаўленне" уладаў Беларусі да місіі, адзначылі, што выбарчая кампанія і непасрэдна дзень выбараў праходзілі мірна. Але "значныя праблемы, асабліва падчас падліку галасоў і сумавання вынікаў галасавання, падарвалі сумленнасць выбараў".
У БДІПЧ мяркуюць, што беларускія ўлады гатовыя рэалізаваць шэраг рэкамендацый справаздачы. Такое меркаванне выказаў 29 студзеня журналістам у Мінску дырэктар БДІПЧ АБСЕ Міхаэль Георг Лінк. "Я бачу гатоўнасць афіцыйных асоб або як мінімум нейкай іх часткі рэальна рэалізоўваць тыя змены, якія прывядуць Беларусь значна бліжэй да міжнародных стандартаў у галіне выбараў", — сказаў кіраўнік бюро.
Чарговыя парламенцкія выбары павінны адбыцца не пазней за 11 верасня.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН