Павел Севярынец: рашэнне ЕС — індульгенцыя для Лукашэнкі
Сустаршыня БХД Павел Севярынец пракаментаваў спыненне ЕС візавых абмежаванняў у дачыненні да чыноўнікаў кіруючага рэжыму.
![1455610507_sev.jpg 1455610507_sev.jpg](/img/v1/news/full/1455610507_sev.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
— Шкада, што еўрапейцы вырашылі заплюшчыць вочы на беззаконне, рэпрэсіі, фальшаванне выбараў, задушэнне нацыянальнай мовы і культуры, знішчэнне чалавечай годнасці ў самым сэрцы Еўропы. "Адпушчэнне грахоў", праштампаванае сёння — гэта індульгенцыя, якая адчыняе шлях да далейшай дзейнасці зла ў Беларусі, — заявіў Павел Севярынец.
— Цяпер Ярмошына можа нахабна рагатаць у твар як беларусам, так і замежнікам: з’елі! Не падавіліся! Цяпер Лукашэнка можа куражыцца і прадстаўляцца ў еўрапейскіх сталіцах "законным прэзідэнтам", хаця беларускі народ яго не абіраў. Але ёсць Бог, і Ён усё бачыць. І ёсць беларусы, якіх гэта дастала да глыбіні душы. Праўда пераможа — рана ці позна. А за гэтую памылку, якую робіць сёння Еўропа, многім замежным палітыкам будзе проста сорамна.