Еўропа заплаціла за бяспеку
Еўрасаюз зняў санкцыі ў дачыненні да афіцыйнага Мінска. А што далей? У Еўропы няма дакладнай і паслядоўнай стратэгіі і пазіцыі адносна Беларусі. Не варта чакаць і бонусаў шараговым беларусам.
Фота GettyImages
Ужо шмат разоў казалася, што ў ЕС няма дакладнай і паслядоўнай стратэгіі і пазіцыі адносна Беларусі. Гэтаму, не ў малой ступені, спрыяў Аляксандр Лукашэнка, які гойсаў на «геапалітычных арэлях» паміж Захадам і Масквой.
Гэта было ўдала не толькі ў сэнсе атрымання рознага кшталту прэферэнцый і грошай — «ласкавае цялятка дзвюх матак смокча», — а і ў тым, што еўрапейцы не разумелі, куды ў наступны раз занясе беларускую знешнюю палітыку. Адсюль і адсутнасць стратэгіі: каб Беларусь вызначылася, з кім яна, — з Расіяй ці з Захадам, — тады б можна было выбудоўваць з ёй адпаведныя адносіны. А калі яна сама не ведае, чаго хоча, то што можна казаць пра стратэгію?
Зняцце санкцый у дачыненні да кіраўнікоў Беларусі і праўладнага бізнесу дзіўнае і незразумелае і якраз указвае на адсутнасць пазіцыі ЕС адносна Беларусі. Санкцыі прыпыняліся пад цалкам зразумелыя ўмовы: лібералізацыя заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі ў дачыненні да СМІ, палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, выбараў. Нічога з гэтага зроблена пакуль не было. І тым не менш, санкцыі здымаюцца.
Цудоўна пра гэта сказала кіраўнік дыпламатыі Еўрасаюза Федэрыка Магерыні на прэс-канферэнцыі па выніках пасяджэння Савета ЕС, на якім санкцыі былі адмененыя. На яе думку, у Беларусі назіраецца пазітыўны трэнд, які Еўропа хоча падтрымаць. Гаворка ідзе пра аднаўленне дыялогу па правах чалавека Беларусі з ЕС, перамовах аб спрашчэння візавага рэжыму, канструктыўнай ролі Беларусі ў рэгіёне, у прыватнасці, у тым, што тычыцца канфлікту ва Украіне, і вызваленні палітвязняў у жніўні мінулага года.
«Вядома, усё далёка не ідэальна, але мы пагадзіліся працягваць палітыку «крытычнага ўзаемадзеяння», дзе хтосьці можа рабіць акцэнт на слове «крытычны», а хтосьці — на «ўзаемадзеянні». Але сутнасць у тым, што мы вырашылі зняць большасць санкцый… Нашы рашэнні заўсёды засноўваюцца на рэальных заслугах. Гэта адносіцца і да сённяшняга выпадку. Калі мы прынялі рашэнне аб прыпыненне санкцый у кастрычніку, мы чакалі канчатковай справаздачы БДІПЧ АБСЕ (па прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі. — НЧ). Яна была апублікаваная ў студзені… Мы прызнаем, што за апошнія гады мы ўбачылі некаторыя натхняльныя крокі. І мы хочам падштурхнуць Беларусь да іх працягу», — сказала яна.
Цікава, якія «натхняльныя крокі» хоча падтрымаць спадарыня Магерыні? За тое, што ў краіне былі выпушчаныя палітвязні (і тое не ўсе — за кратамі застаюцца Андрэй Бандарэнка і Міхаіл Жамчужны), Еўропа ўжо расплацілася прыпыненнем санкцый. Канчатковая справаздача БДІПЧ АБСЕ засведчыла, што выбары ў Беларусі не былі свабоднымі і справядлівымі, і сінявокай «яшчэ патрэбна прайсці значны шлях да выканання абавязацельстваў АБСЕ па дэмакратычных выбарах». Што тычыцца «канструктыўнай ролі Беларусі ў рэгіёне», то гэта, хутчэй, вымушаны крок. Прадстаўнікоў так званых «ЛНР» і «ДНР» не прынялі б нідзе, апроч Мінска, ды яны самі нікуды б больш не паехалі. Тут дыпламаты сінявокай надзвычай удала скарысталіся сітуацыяй.
Канешне, з еўрапейскага пункту гледжання пазітыўным можа быць «аднаўленне дыялогу па правах чалавека Беларусі з ЕС і перамовы аб спрашчэння візавага рэжыму». Але я нездарма ўзгадаў «геапалітычныя арэлі». Дыялог і перамовы без канкрэтнага выніку — гэта той конь, якога нашы ўлады навучыліся прадаваць усім і заўсёды, пры гэтым пакідаючы каня сабе.
Магчыма, як кажуць некаторыя аналітыкі, Еўропа зняццем санкцый «закінула мяч на беларускі бок», і зараз чакае ад афіцыйнага Мінска крокаў у адказ. У такім выпадку, па-першае, гэта ўжо другі мячык. Першы быў у выглядзе прыпынення санкцый, і ён некуды згубіўся, бо ўлада Беларусі не зрабіла анічога, каб палепшыць сітуацыю з палітычнымі свабодамі ў краіне.
Па-другое, якіх крокаў у адказ чакае Еўропа? Што ўлады Беларусі выканаюць тое, што не выканалі за чатыры месяцы прыпынення санкцый? А чаму яны тады змарнавалі гэтыя месяцы?
Мінск таксама шмат не атрымае з адмовы ЕС ад санкцыяў. Чыноўнікі паедуць у Еўропу? Дык яны і раней яе наведвалі па дыпламатычных працоўных візах. Краіна разлічвае на еўрапейскія інвестыцыі? Для гэтага трэба мяняць унутранае заканадаўства. Нам патрэбныя еўрапейскія крэдыты? Крэдыты абумоўленыя не палітычнымі, а эканамічнымі патрабаваннямі. І МВФ размаўляў з Мінскам пра новую праграму крэдытавання нават «за санкцыямі».
Хутчэй за ўсё, няма ніякіх мячыкаў. Як дакладна і шчыра вызначыў палітолаг Аляксандр Класкоўскі, «адменай санкцый беларускаму кіраўніцтву, цынічна кажучы, праплацілі пазіцыю ў пытаннях бяспекі, вельмі каштоўную для еўрапейцаў з-за страху перад расійскай пагрозай». І ўсё.
Адзіны канкрэтны вынік ад зняцця санкцый вызначылі з’едлівыя карыстальнікі сацыяльных сетак. «Мікалай Лукашэнка атрымаў магчымасць вучыцца ў Гарвардзе», — пішуць у байнэце.