Да вялікага пратэсту яшчэ далёка
«Людзі прывыклі здавольвацца малым, таму паступовае зніжэнне рэальных даходаў не спараджае ў іх асяроддзі пратэстных настрояў і не вядзе да прыкметнага зніжэння даверу кіраўніку дзяржавы», — пішуць аналітыкі НІСЭПД.
Днямі споўнілася 10 гадоў Плошчы–2006. У сацыяльных сетках людзі актыўна дзяліліся сваімі настальгічнымі ўспамінамі пра тыя пратэстныя дні. Большасць, хіба, згадвалі пра адчуванне свабоды, пра аднойчы пераадолены страх перад сістэмай і перад сабой. Некаторыя дзяліліся сваімі ўспамінамі ўжо з-за межаў Беларусі.
Усё гэта, на сённяшні дзень, выглядае мілай мрояй, якая не мае нічога агульнага з рэчаіснасцю — стабільнай і непарушнай. Нават пад цяжарам дэвальвацый, падаткаў на пазыкі і дармаедства, скарачэннем працоўных месцаў ды многага іншага, чым у апошнія гады абрастае эканамічная мадэль Беларусі.
Тарыфы і цэны растуць, заробкі падаюць, задаволеных жыццём у Беларусі — усё менш. Улады прапанавалі новы сацыяльны кантракт: мір у абмен на маўклівую згоду. Але дзе мяжа трываласці беларускага грамадства, і ці можа незадаволенасць дзяржаўнай палітыкай трансфармавацца ў нейкую выразную форму пратэсту?
Яшчэ напрыканцы мінулага года, калі не прыйшлі рахункі ЖКГ з новымі тарыфамі, пытанне падвышэння пенсійнага ўзросту згадвалася мімаходзь, а ІПэшнікі толькі чакалі новага года, які пазбавіць іх магчымасці працаваць паводле старых правілаў, узровень незадаволенасці ўладамі ў грамадстве быў высокім.
Снежаньскае апытанне НІСЭПД паказала, што 51,1% жыхароў Беларусі мяркуюць, што 2015 год быў цяжэйшым, чым папярэдні. Афіцыйная статыстыка паказала, што за адзінаццаць месяцаў 2015-га рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва скараціліся на 5,4 %. Для 55,4 % рэспандэнтаў даследавання НІСЭПД змена існуючай сітуацыі ў краіне апынулася важней за яе захаванне. За захаванне цяперашняга раскладу прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі выказваюцца ў шэсць разоў часцей яго праціўнікаў — 61,8% супраць 11,3%.
«Людзі прывыклі здавольвацца малым, таму паступовае зніжэнне рэальных даходаў не спараджае ў іх асяроддзі пратэстных настрояў і не вядзе да прыкметнага зніжэння даверу кіраўніку дзяржавы», — пішуць аналітыкі НІСЭПД.
У Беларусі цяпер назіраецца цікавая сітуацыя: узровень жыцця пагаршаецца, кухонных (ці, дакладней, віртуальных) рэвалюцыянераў быццам бы большае з кожным днём, а вулічныя акцыі пратэсту ІП, якія мелі месца ў лютым і сакавіку, сабралі мізэрную колькасць удзельнікаў. Некалькі соцень ІП ды спачуваючых ім грамадзян выходзілі ў цэнтр Мінска з пратэстам.
Эксперт аналітычнага цэнтру «Стратэгія», палітолаг Валер Карбалевіч гаворыць, што арганізатары пратэстаў спазніліся на пару месяцаў.
«Акцыі прадпрымальнікаў мусілі вырашыць лакальнае пытанне: як працаваць далей дробным гандлярам? Гэта мала тычылася шырокага кола людзей. Дый на вуліцу пачалі заклікаць у лютым, калі прайшло паўтара месяца ад пачатку ўвядзення новых правілаў работы. За гэты час нехта сышоў, нехта знайшоў, як рабіць патрэбныя дакументы, а нехта змірыўся паводле беларускай завядзёнкі», — адзначае прагалы ў арганізацыі вулічных пратэстаў палітолаг.
Што тычыцца апазіцыйных сілаў, то нават на фоне чэзлага пратэсту ІП атрымалася арганізаваць скандальчык на тэму «хто ўзначаліць пратэст?». Нагадаю, адзін з лідараў прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка сумесна з апазіцыйным палітыкам Міколам Статкевічам падалі ў Мінгарвыканкам заяўку на марш прадпрымальнікаў 14 сакавіка, потым і прадстаўнікі Аб'яднанай грамадзянскай партыі падалі заяўку на сацыяльны марш у той жа дзень па тым жа маршруце. Шумчанка абвінаваціў старшыню АГП Анатоля Лябедзьку ў намеры сарваць іх акцыю. Лябедзька апраўдваўся, што хоча аб'яднаць намаганні, дадаўшы да прадпрымальнікаў незадаволеных студэнтаў, пенсіянераў і іншых. Выглядала ўсё гэта, калі адным словам, — паныла.
Увогуле, рэакцыя і грамадства, і яго апазіцыйна настроенай часткі на спробы вывесці людзей на вуліцу зразумелая: два папярэднія актыўныя і сапраўды масавыя вулічныя пратэсты ў 2006 і 2010 гадах не прынеслі чаканага выніку, пераменаў і асэнсавання, што «твой голас важны». Толькі сляды на целе ад амапаўскіх дубінак, страх, расчараванне ў лідарах апазіцыі, дэмаралізацыю.
А прагнозы эканамістаў на гэты год нічога аптымістычнага не абяцаюць. Даследчы цэнтр Інстытута прыватызацыі і менеджменту ў снежні 2015 года апублікаваў макраэканамічны прагноз на 2016 год. «ВУП у Беларусі скароціцца на 3,7%. Гэта будзе наступствам структурных недахопаў, неспрыяльнага знешняга асяроддзя, а таксама жорсткай макраэканамічнай палітыкі. Новымі ўстойлівымі характарыстыкамі макраэканамічнага асяроддзя сталі ўнутраны попыт, што скарачаецца, і чысты экспарт, што паляпшаецца. У 2016 годзе, найбольш верагодна, рэцэсія працягнецца. Галоўнай прычынай гэтага стану ўстойліва дэпрэсіўны стан інвестыцыйнага попыту. Усё больш важным атрыбутам макраэканамічнага ландшафту будзе зніжэнне занятасці», — прадракаюць невясёлыя дні айчыннай эканоміцы эксперты.
Даследчыкі НІСЭПД першымі загаварылі пра новы сацыяльны кантракт для народа, які цяпер грунтуецца не на заробках «па 500», а на стабільнасці і спакоі, якія быццам бы гарантуе Аляксандр Лукашэнка ў абмен на падтрымку. Апеляцыя да вайны і да Беларусі, як бяспечнага месца ў сучасным свеце, цяпер адбываецца рэгулярна і, трэба прызнаць, пакуль плённа. Да вялікага пратэсту яшчэ далёка.
Не варта чакаць нейкіх сур’ёзных узрушэнняў у грамадстве і да канца вясны. Наперадзе традыцыйныя вулічныя шэсці на Дзень Волі і "Чарнобыльскі шлях", толькі заўважнай падрыхтоўкі да іх правядзення, мабілізацыйнай кампаніі з сацыяльнымі лозунгамі і заклікам паказаць уладам, дзе іх месца, апазіцыя не вядзе. А там — лета, адпачынкі, рахункі за паслугі ЖКХ зменшацца, бо ацяпляльны сезон фактычна ўжо прайшоў. Жыхары Беларусі бязмежна цярплівыя і схільныя чакаць-чакаць-чакаць...
І, хаця цяпер агульная сітуацыя ў краіне выглядае асабліва дэпрэсіўна, а апазіцыйныя сілы мала дзеяздольныя, палітолагі зноў нагадваюць пра палітычны лад дзяржавы. «Мы жывем ва ўмовах жорсткага аўтарытарнага рэжыму, апазіцыя многа гадоў выступае як пазасістэмная сіла. Яна не можа быць моцнай па вызначэнні. Калі няма парламенту, выбараў, апазіцыя не мае шанцаў паўстаць моцнай. Я б, найперш, кідаў камень ва ўмовы, у якіх яна дзейнічае, — гаворыць палітолаг Валер Карбалевіч. — Так, ёсць пытанні да дзеячаў апазіцыі, іх рашэнняў. Але, мяркую, калі б зараз аб’явілі свабодныя выбары, то апазіцыя заняла б 20–30% у парламенце. Гэта нямала, з улікам агульнай сітуацыі!»
Эканамічны крызіс не заўсёды выступае каталізатарам актыўных дзеянняў супраць уладаў. Людзі пачынаюць трымацца за тое нямногае, што ёсць.
«Сацыяльны выбух ва ўмовах Беларусі, нашай ментальнасці, на сённяшні дзень гэта так выглядае, магчымы хіба ў выпадку, калі будзе масавая нявыплата заробкаў цягам двух-трох месяцаў», — адзначае Карбалевіч.
То бок кардынальных зменаў праз сацыяльны выбух чакаць пакуль не выпадае. Змены ж праз трансфармацыю рэжыму Аляксандра Лукашэнкі выглядаюць занадта сумнеўнымі, каб у іх паверыць. Можна, канешне, пад выглядам чарговай лібералізацыі дзеля грошай з Захаду правесці канферэнцыю па тэме смяротнага пакарання, не разганяць малалюдныя мітынгі, што не нясуць ніякай небяспекі, і нават крыху лібералізаваць выбарчае заканадаўства да наступных выбараў, але па выніку гэта нічога не вырашае. Бо ніводзін з гэтых крокаў не паслабляе кантроль уладаў за сітуацыяй і не дае апазіцыі падняць галаву вышэй за акрэсленую планку.